Выбрать главу

Ёсць у фільме яшчэ адзін выдатны матыў. У час, вольны ад начных крадзяжоў і ад дзённай працы страхавым агентам, наш сціплы грамадзянін Дзетачкін іграе ў самадзейным тэатры, які замахнуўся на «Вільяма нашага Шэкспіра». Смактуноўскі іграе Дзетачкіна, які іграе Гамлета. Ты глядзіш на Гамлета праз Дзетачкіна і праз Смактуноўскага — і герой Шэкспіра нашага Вільяма выглядае жывым і пераканаўчым, у нейкія імгненні ён нават лепшы за Гамлета, якога Смактуноўскі геніяльна стварыў у фільме «Гамлет».

Вытанцоўванне

Зазірні ў далёка-далёкае мінулае — і ты пабачыш, што напачатку было не слова, а былі жэст і танец. Менавіта з танцаў і жэстаў вырасла чалавечае слова. У моманты вялікага ўзрушэння чалавеку можа не хапіць слоў — і ён ўвесь ператворыцца ў жэст і данясе іншаму сваё важнае пасланне. Падобна, што такім чынам і выбудоўваў сваю акцёрскую ігру Інакенцій Смактуноўскі. Ён іграў не толькі тварам, як большасць сучасных тэлепаяцаў. Ён іграў рукамі і хрыбетнікам, стопамі і шчыкалаткамі, лыткамі і спінай, вачыма і голасам, брывом і валаском. Для кожнай ролі ён разбіраў сваё цела на складнікі, для кожнага складніка прыдумваў жэст, а потым усе жэсты акуратна складаў у адзін вобраз. Смактуноўскі кожную ролю вытанцоўваў. Да танца ён дадаваў яшчэ і песню. Слухай — заслухаешся. Глядзі — заглядзішся. Запомніш і не забудзеш.

«ГениЮш»

Здавалася б, калі геніяльны акцёр — беларус, ён мусіць працаваць на кінастудыі «Беларусьфільм». Ну добра, не працаваць, а зняцца там у адной ці дзвюх карцінах. Пагатоў пад такога акцёра, як Смактуноўскі, варта пісаць сцэнарый і забяспечваць вялікае фінансаванне. Беларус Смактуноўскі не здымаўся на «Беларусьфільме». Чаму? На гэтай вечна партызанскай кінастудыі ўсё беларускае — сцэнары, акцёры, экранізацыі — з’яўляліся гады ў рады. Беларус прыходзіў на кінастудыю, здымаў адзін-два фільмы і сыходзіў, бо правінцыйна, бо другасна, бо малаперспектыўна.

Для мяне жыццё «Беларусьфільма» сфакусіравалася ў адным пытанні, якое неяк задаў мне рэжысёр Валерый Панамароў: «Володя, как считаешь, ГениЮш — хорошая поэтесса?». Ад гэтага «ГениЮш» мяне калатнула. Гэта была апошняя кропка ў маіх творчых адносінах з «Беларусьфільмам». Таму можна лічыць: Інакенцію Смактуноўскаму пашанцавала, што ён не працаваў на кінастудыі, дзе здымаюцца пасрэдныя кінакарціны пра «гениЮшев», а не карціны з геніямі і пра геніяў.

Бяспека

Сапраўднае прозвішча Інакенція Смактуноўскага — Смактуновіч. Акцёр падкрэсліваў, што Смактуновічы — беларусы па крыві. Яны апынуліся ў Тамбоўскай вобласці ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя. Па адной версіі, сям’ю выслалі пасля паўстання, што адбылося ў 1863 годзе. Па другой версіі, у 1861 годзе прадзед акцёра, які служыў у Белавежскай пушчы егерам, забіў зубра. Нехта данёс на егера-браканьера — і яго з усёй сям’ёй загналі ў Сібір. Версія з зубром мне падабаецца больш, бо яна казачная. За такімі версіямі паўстанцы хавалі сваю палітычную і рэвалюцыйную актыўнасць. Так, у маёй сям’і пасля раскулачвання і высылкі мужчын з Беларусі ў Архангельскую вобласць расказвалі гісторыю пра кантрабанду гарэлкі і віна праз беларуска-польскую мяжу. Быць кантрабандыстам, як і браканьерам, было менш пачэсна, але больш бяспечна. Смактуновічы выбралі бяспеку, што яшчэ раз падкрэслівае іх беларускасць.

Славянін

У 1946 годзе ў турэмна-лагерным горадзе Нарыльск Смактуноўскі памяняў прозвішча, да гэтага ён пісаўся Смактуновічам. Яму прапаноўвалі ўзяць прозвішча Славянін, бо нацыянальнасць у пашпарце мелася звышславянская — беларус. Ад прозвішча Славянін беларус Інакенцій Міхайлавіч тактоўна адмовіўся і атрымаў пашпарт грамадзяніна Смактуноўскага.

Паштоўкі

Усе мы нешта збіраем. Нехта калекцыянуе вясёлыя показкі. У кагосьці дома стаіць скрыня з коркамі ад вінных бутэлек. Хтосьці можа сабе дазволіць вялікі гараж са старымі аўто… У дзяцінстве збіранне пачынаецца з марак і паштовак, з дробных цацак і значкоў.

Мой сваяк Анатоль збіраў альбомы па мастацтве і паштоўкі з тварамі кінаакцёраў. Паштоўкі з акцёрамі прадаваліся ў газетных шапіках. Каштавалі яны па шэсць-восем капеек. Каб парадаваць Анатоля, я купляў для яго паштоўкі з Высоцкім, Смактуноўскім, Міронавым… Некаторыя з паштовак у Анатоля захоўваліся ў двух ці нават трох асобніках. Другі асобнік ён пакідаў на абмен, а трэці ў моманты вялікай шчодрасці перадаваў мне. Так паціху-патроху на маёй кніжнай паліцы сабралася некалькі дзясяткаў картак з тварамі зорак тагачаснага кіно.