Але затое, калі нашая артылерыя перанесла агонь далей наперад — слова ўзяла нямецкая артылерыя й мінамёты.
Сьвісток. Наперад пабеглі на чале з афіцэрамі два патрулі разьміноўваць поле й трасаваць сьцежкі. За імі мелі йсьці мы. Але ўзьніклі праблемы: папершае магнэтычныя йголкі сапэраў павар'яцелі, бо ўсё поле засыпанае зялезам, падругое немцы ўжывалі драўляныя міны, на якія не рэагуе магнэс. Жаўнеры з гэтых патрулёў узялі штыкі й імі пачалі наколваць грунт, ды шукаць мінаў. Але працавалі яны нядоўга. На іх рынулася стыхія артылерыйскага агня з усіх чатырох старон. Абодва патрулі былі выбітыя.
Чытач можа выказаць сумлеў: як гэта так, што немцы стралялі з чатырох бакоў?
А вось-жа так было.
Абедзьве арміі: 5-я амэрыканская й 8-я ангельская ўлезьлі ў даліну ракі Ліры й Рапідо не здабыўшы гораў справа. А якраз там былі становішчы нямецкай артылерыі, якая біла нас ззаду. Найгорш нам дакучалі гарматы з Бэльмонтэ, Атінэ й Цыфалько, якія білі якраз ззаду. Стваралася дэпрэсыйнае ўражаньне, што нас выбівае нашая артылерыя. Выявілася, што не. Тут наша артылерыя працавала прэцызыйна. Найгоршыя былі нямецкія гарматы на танках. Яны нас малацілі з аднаго месца, іх засеклі, г. зн. выкрылі. Туды йшла навала нашай артылерыі, ляцелі самалёты, але іх там ужо ня было: яны пераехалі кілямэтар далей і схаваліся ў кусты. Праз пару хвілін стралялі далей. І гэтак паўтаралася забава п'яных расейскіх афіцэраў у «Куку»…
Але вяртаюся да тэмы.
Нашыя гарматы перанесьлі агонь на далейшыя пазыцыі. Пабеглі трасуючыя патрулі. Іх выбілі.
Трэба было ўставаць і йсьці. А як цяжка ўставаць, ды бегчы пад град зялеза й волава!.. Найгорш, як падняць жаўнераў. Яны пераважна нестраляныя. Нейкі дзядзька спад Баранавіч ці Вялейкі ня быў зацікаўлены ў спрэчцы Гітлера з Рыдзам-Сьміглым і таму ў яе ня ўмешваўся. А цяпер ён апынуўся пад лявінай волава.
— Хлапцы, наперад! Хто залягае — той гіне! Наперад!..
Аднак наперадзе стыхія артылерыйскага агню й сьмерць.
Усё-ж такі бальшыня пабегла. Па дарозе мы бачылі, што трасуючыя патрулі, якія мелі нам белымі йстужкамі вызначаць дарогу, выбітыя, а іхныя белыя йстужкі вісяць як кішкі на паламаных дрэвах. Нямецкая артылерыйская навала разьмяла ўсё.
Бяжым у няведамае, дзе ў паветры равуць чэрці, а зямля ўзрываецца пад нагамі. Тут, калі чалавек наступіў на міну, ён бяз кішок і іншых падрабаязгаў пераяжджаў на другі сьвет.
На вузкім адрэзку акцыі нашага корпусу было зашмат войска, таму й страты былі вялікія. Плошча была асьветліваная фарамі й ракетамі. Артылерыя й мінамёты былі ўстраляныя. Кожны мэтар зямлі быў зьмераны, кожнае міннае поле было абаранянае з бункераў.
Даходзім да месца, дзе пачынае дзеяць ручная зброя: шмайсэры й спандаў'ы. Жаўнеры пачынаюць «залягаць»: нехта ў ямцы, нехта пад скалой.
Артылерыя й мінамёты праціўніка вальцуюць поле.
— Наперад, на Бога наперад, ззаду сьмерць!..
Пачынаем траціць кантакт з сваімі аддзеламі. Радыёвыя апараты разьбітыя, тэлефонныя драты, якія наматалі павучкі вайны — тэлефаністы — паразрываныя. У пякельным выцьці цэлага пекла д'яблаў голас не даходзе да вушэй. Куды йсьці, што рабіць, з кім ісьці — траціцца арыентацыя (ня гледзячы на тое, што ― пашто йсьці?).
— Наперад! Наперад!
І вось бункеры плююць волавам. Гэта яшчэ ня так блага. Прынамся бачым скуль страляюць. Можна падпаўсьці й разваліць бункер гранатай, або пятам. (Пят — гэта такая жыдоўская артылерыя, якую выдумалі ангельцы. Гэта цяжкая рулька, ў якую сьпераду ўкідаецца гранат і пасьля страляецца. Але пят мае вялікую сілу выбуху, якой бункер ня вытрымоўвае). Горшыя бункеры затоеныя й замаскаваныя, каля якіх прабягаеш, а яны маўчаць. Затое пазьней страляюць ззаду ў патыліцу.
Пасьля монтэкасынскага бою некаторыя генэралы ганарліва заяўлялі, што яны камандвалі арміямі, корпусамі, дывізіямі.
Дудкі!
Камандзер корпусу, напрыклад, меў сякі такі кантакт з камандай дывізіі, камандзер дывізіі з брыгадай, але ўжо камандзер брыгады ня меў кантактаў з батальёнамі, камандзер батальёну часта ня меў кантакту з ротамі і г. д.
Парадокс, аднак найбесьпячней было як-найбліжэй варожых бункераў. Там прынамся можна было аблажыцца каменьнямі, бо артылерыя не страляла па сваіх становішчах. Таму жаўнеры, апынуўшыся паміж бункераў, пачалі да іх прытульвацца й разьбіваць гранатамі, бо амуніцыі да пятаў не хапала, ды й пяты пагубіліся падарозе. Адзін жаўнерык ухітрыўся й аблажыўся трупамі гіндусаў, нашых папярэднікаў. Змабілізаваў пяць трупаў, а пазьней крычаў суседу, які ляжаў за каменчыкамі: