— Але з чым? — можа нехта сказаць. — Корпус выбіты!
Пазьней выявілася, што ня было так страшна. Праўда, кажны батальён страціў менш-больш палову сваёй баяздольнасьці, аднак ноччу пачалі сплываць людзі з усіх бакоў: і тыя што, заляглі ззаду, і тыя, што далёка зайшлі наперад і не пачулі загаду адступаць, і тыя, што блукаліся, шукаючы сваіх аддзелаў. Усё пераблыталася ў гэтым пякельным агні, ўпацёмку й хаосе бітвы.
Зямля прыгожая і няўдзячная, як лермантаўская царыца Тамара. Здаецца блізка, а як далёка! Цяпер рэактыўны самалёт ляціць з Эўропы ў Амэрыку каля пяці гадзін. (Колюмб плыў каля шасьці месяцаў). А тут — на «Здані», стомэтровая адлегласьць раўнялася дзесяткам людзкіх жыцьцяў, плюс — шмат літраў крыві, плюс — перажыцьці.
Нашае камандаваньне атрымоўвае рапарт, што гара «Здань» дэфінітыўна ачышчаная ад нашага войска. Тады наша артылерыя кладзе шалёны агонь на «Здань». Выяўляецца, што няпраўда. На «Здані» ляжаць нашыя жаўнеры. У нейкай ямцы ляжыць маёр Гнатоўскі із сваім паўбатальёнам. Праўда, гэты паўбатальён цяпер налічвае 26 жаўнераў, якія не пачулі загаду адступаць. Маёр Гнатоўскі ведае адно: а 15-й гадзіне мае быць другі наступ. Ён чакае. Наступу няма. Тады ён зразумеў, што акцыя заламалася і трэба чакаць начы, каб зыйсьці з гары. Адначасова пад заслонай цемры спаўзалі іншыя жаўнеры, якія не пачулі загаду адступаць.
На пазыцыі ўспаўзае апошні запасовы 16-ты батальён маёра Станьчыка. Станьчык — калярытная фігура. Батальён успаўзае, Станьчык ідзе на нагах. Афіцэр, які ляжыць на пазыцыі й ня ведае хто йдзе, крычыць: «кладзіся, бо застрэляць!», а Станьчык адказвае: «Калі маеш прыгожую дзяўчынку, дык лягу», і йдзе далей.
Гіронія лёсу. Станьчык (ужо цяпер бадай генэрал) — афіцэр-прафэсыянал, усё жыцьцё вучыўся выбіваць зубы, а цяпер, як дэнтыстычны тэхнік, робіць і ўстаўляе ангельцам зубы, хаця, як мне шчыра прызнаўся, хацеў-бы, каб было наадварот. Тэхнікам дэнтыстычным ён стаўся пасьля вайны. Трэба-ж неяк жыць…
Але калі ўжо гаворым аб Станьчыку, дык зьвернемся да, можа, макабрычнага гумару, які нас не пакідаў у найбольш крытычныя хвіліны. Гумар — гэта скарб, і бедныя тыя людзі, якія яго не разумеюць.
Спаўзьлі з гары. Цяжка паранены жаўнер енчыць. Уся вопратка на ім парваная, скрываўленая. Да яго падыходзіць шэф роты і кажа:
— Успакойся, цяпер напэўна атрымаеш новы мундзір.
— А як памру? — пытаецца бедны жаўнер.
— Дык выйграе ангельскі кароль, бо яму застанецца адзін мундзір.
Трэба прыгадаць, што гэты жаўнер некалькі разоў хадзіў да шэфа роты з просьбамі, каб яму далі новы «батэльдрэс», бо ягоны вельмі знасіўся. Заўсёды шэф роты адказваў яму, што яшчэ пару месяцаў можа пахадзіць, бо трэба ашчаджаць казённую маемасьць.
Цяпер гэты-ж шэф пацяшае цяжка параненага:
«Калі будзеш жыць — атрымаеш новы мундзір. Калі-ж памрэш, цябе будуць абшываць, абмываць і абмундзіроўваць або святы Пятро, або Люцыпар, залежна на што заслужыў».
Бедны жаўнерык выжыў, але шэф празь некалькі дзён апынуўся пад апекай сьвятога Пятра ці Бэльзэбуба — гэта я ня ведаю.
Другі выпадак. Быў жаўнер, які рабіў калекцыю гадзіньнікаў. Проста, калі іншыя адбіралі ў палонных зброю, ён забіраў гадзіньнікі. Сабраў нешта сем-восем штук. Тады, ня гледзячы на ўвесь рэгулямін, ён сеў задам да праціўніка й пачаў раскручваць здабытыя гадзіньнікі ды спраўджваць «вэркі». Лепшыя ён клаў у правую кішэнь, горшыя — ў левую.
Тады яму крычыць сусед з-за каменьняў:
— Ты бачыш, вось перад намі вялікі бункер? Там напэўна сядзіць афіцэр, які мае залатога «Лёнжына»!
Гэтая трагічная думка іржавым цьвіком убілася ў галаву аматара гадзіньнікаў.
Неўзабаве прыслалі дапамогу — аддзел камандосаў.
І там знайшоўся калекцыянэр гадзіньнікаў. Адразу свой свайго пазнаў і на піва пазваў.
Такім чынам, два спэцыялісты, якія прыпадкова сустрэліся, падпісалі непадпісаны саюз, што залатога «Лёнжына» мусяць здабыць. Але як? Удзень нельга варухнуцца — страляюць. Ну што-ж, пачакаем да начы… Калі-ж сьцямнелася, абодва пайшлі на паляваньне. Не пайшлі, а папаўзьлі. Адзін справа, другі зьлева. На бункер, па залатога «Лёнжына».
Паляваньне скончылася трагічна для аматара і ўласьніка сямі гадзіньнікаў: атрымаў кулю ў пераносіцу і з сваімі гадзіньнікамі застаўся ляжаць. Затое камандос, які поўз справа, разьбіў бункер і… запраўды здабыў залатога «Лёнжына». Аднак ён сумленна дапоўз да трупа свайго супольніка й забраў усе гадзіньнікі зь яго кішэняў. Тады ён дапоўз да камандзера дружыны забітага й аддаў яму ўсе гадзіньнікі, якія забраў зь кішэняў забітага, з тым каб іх разьдзялілі сярод ягоных прыяцеляў… Выявілася, што гадзіньнікаў было зашмат, каб абдзяліць усю дружыну. Рэч зразумелая, што камандос залатога «Лёнжына» забраў сабе, што яму слушна належылася.