Выбрать главу

Я меў уражаньне, што маю прамову найбольш уважна слухалі мулы, бо яны ківалі галовамі й стрыглі вушамі.

Усё-ж пайшлі. Як мага хутчэй пераскочылі даліну й брод ды пачалі ўзлазіць на гару. Тут мул, можна сказаць, неэлегантны твор, дыстансуе, як гэта шумна гаворыцца, валадара прыроды — чалавека. Як-жа ён субтэльна вычувае кажную горбінку, за якую можна зачапіцца капытком! Мулаводы падаюць, коцяцца ўніз, а мул спакойна йдзе на гару.

Недалёка ад першага этапу, які я прадбачваў, пачала біць артылерыя.

— Прэсто, прэсто! (паітальянску — хутчэй, хутчэй!) — крычу і хапаю першага мула за аброць ды цягну яго наперад. Дабеглі за скалу бяз стратаў. Перачакалі навалу ды пайшлі далей. Дайшлі да мэты. Пакуль мулаводы раз'ючвалі мулаў, я пабег у батальён і змабілізаваў экіпу жаўнераў, каб забралі транспарт. І вось з гэтымі муламі й мулаводамі я на золаку быў на базе.

На базе мне навет падабалася. Днём я мог бясьпечна ляжаць у цені аліўкаў, добра й смачна пад'есьці пад ўвіскі ці каньяк, а ўначы прайсьці ўжо знаёмую трасу з муламі да батальёну. Пры гэтым я быў у курсе справы. Напрыклад, я ведаў, што Ліс навудзіў рыбы і смачна паабедаў, запіў гэта добрым віном і вясёлы, сьвежы прыехаў на камандны пункт нашага корпусу, што жартаваў, сьмяяўся й абяцаў неўзабаве новую радасьць для нас — другі штурм Монтэ-Касына.

Штурм адкладаўся з дня на дзень, бо ангельцы тапталіся над рэчкай Гары, а ўсё мела йсьці зсынхранізавана й раўналегла. Ня ведаю, як гэта падабалася мулам, але мулаводы й жаўнеры лаяліся паводля ўсіх правілаў няцэнзурнай тэхнікі.

А там, наперадзе, крывавяцца 14 і 16 батальёны з нашай дывізіі, налева ад нас выбіваюць 2-гі батальён Карпацкай дывізіі й два палкі ўланаў.

Трэба прыгадаць, што фронт расьцягваўся на даволі вялікай прасторы, бо ад Тырэнскага мора да Монтэ Кайро. Уздоўж узьбярэжжа Тырэнскага мора йшла Пятая амэрыканская армія. З правага боку ад яе па гарах Абруццы наступалі Французы. Далей направа — Восьмая ангельская армія, у склад якой уваходзілі мы і знаходзіліся цалкам на правым крыле фронту. Пры гэтым мы былі найдалей заавансаваныя. Такім чынам, каб пераламаць пазваночнік гэтай абароннай лініі, трэба было, каб мы, адразаючы Монтэ-Касыно, маглі спалучыцца з ангельскай арміяй.

Тымчасам ангельская армія крывавіцца над рэчкай Гары, наш корпус таксама крывавіцца амаль бязьдзейна на пазыцыях, або ў ямах, а я ваджу мулаў.

Трэба сказаць, што як у кажнай пары году ёсьць свой чар і рамантызм, так і ў кажным выкананьні нейкай працы ці заданьня ёсьць і прывабныя бакі. Водзячы мулоў і мулаводаў, я студыяваў іхную псыхіку. Вось-жа, не зважаючы на даволі няпрывабную постаць мула, ён інтэлігэнтная й разумная жывёліна. Пэўна-ж, мулаводы, злосныя на свае ўмовы й абставіны працы, падыходзяць да мула брутальна. Мул, таксама, пачынае быць злосны. Але хоць яго пагладзіць па шыі ці паказытаць пад барадой, ён успакойваецца і туліцца да чалавека, як да прыяцеля. Шкада, што мул ня можа гаварыць! Ён тады мог-бы мне нешта сказаць, можа навет адкрыць нейкую праўду, аб якой ня сьнілася філязофам.

Мулаводы таксама выявіліся сымпатычнымі й вясёлымі хлопцамі, калі яны маглі адпачыць, добра папалудняваць, запіўшы гэта добрым віном. Толькі шкада, што зь імі было цяжка паразумецца з прычыны мовы. Даводзілася больш гаварыць рукамі й нагамі…

Кажуць, што «чым больш пазнаеш людзей, тым больш любіш зьвяроў». Аднак і людзей падчас можна любіць, а перш за ўсё ў цяжкіх абставінах, дзе выяўляецца людзкасьць. Часамі людзі ня могуць жыць адзін з другім, але могуць адзін за другога паміраць.

Усё на сьвеце мае свой канец. Так ноччу з 16-га на 17-га травеня скончылася мая дыктатура над муламі й мулаводамі.

Давёўшы апошні транспарт, я атрымаў загад застацца ў батальёне. Я ведаў, што гэта значыць: заўтра другі штурм. Шчыра прызнаючыся, пасьля столькіх перапалак і трох, хоць лёгкіх, ранаў, хіба не абразіўся-б, калі-б мяне далей пакінулі дыктатарам мулаводчай брыгады. Я таксама, як Валодзька, зьняверыўся, што зраблю кар'еру Напалеона. Аднак загад — загад. Іду разьвітацца з мулаводамі й муламі. Калі першую маю прамову найбольш уважна слухалі мулы, дык цяпер яе слухалі й мулаводы, і мулы. Што я мог сказаць? Прамова была кароткая, чаго прытрымоўвацца я радзіў-бы ўсім нашым аратарам.

— Arrivederci, amici! Mіеі tаnti аugurі mоltа feliсіtа…[7]

Паціснуў руку кажнаму грэку-мулаводу, пагладзіў кажнага мула. І тады я вычуваў, што кажны поціск рукі — цёплы, шчыры й сардэчны, а кажны мул прытуліў да мяне сваю, можа няпрыгожую, але сымпатычную галаву.

Часам цяжка расставацца навет з прыгоднымі прыяцелямі, ня гледзячы, ці яны ходзяць на дзьвюх, ці на чатырох нагах…

вернуться

7

Да пабачаньня, сябры! Найлепшыя вам пажаданьні, шмат шчасьця. ― Рэд.