Выбрать главу
* * *

У батальёне ўжо ўсе ведалі, што заўтра, 17-га травеня, штурм. Сівы палкоўнік і пара афіцэраў уважна глядзелі ў твары жаўнераў. Але жаўнеры прынялі гэтую вестку з спакойнай дэтэрмінацыяй. Кажны браў якнайбольшую колькасьць амуніцыі й ручных гранатаў, спраўджаў свой «томпсан» ці снайпэрскую люнэту ды іншыя сьмерцяносныя прылады. Тады сівы палкоўнік першы раз за некалькі дзён усьміхнуўся: значыцца пойдуць…

І пайшлі…

Чаканьне мае ў сабе штось прывабнае й дэпрымуючае. Ці чакаеш сваей каханай у бярозавым ляску, ці выйграшу на лятарэі пры радыё, ці сьмерці ў сьмярдзючай яме. Заўсёды магчымыя задаваленьні й расчараваньні: каханая можа прыйсьці ў добрым, або злым настроі, або й зусім ня прыйсьці. На лятарэі можна выйграць, або ня выйграць. А зь сьмерцяй ніколі ня ведама — яна таксама капрызная: раз цяпне касой па шыі і ўсе праблемы аўтаматычна вырашаныя, іншым разам адрэжа толькі нагу ці руку і застанешся інвалідам. Тут бачым, што гэтая няпрывабная жанчына хоча яшчэ раз з вамі забаўляцца, хоць вы ўжо без нагі ці рукі. Грунт, абы рэшта была.

Баяцца сьмерці — гэта абсурд. Бо калі дзіцё дарасьце да сьведамасьці, што кажны чалавек мусіць памерці, яно мусіць пачувацца, што знаходзіцца ў камэры сьмерці і асівець ад страху. Аднак думка, што кусок зялеза будзе разрываць жывое цела і гэта будзе балець, не належыць да прыемных.

Але да ўсяго можна прызвычаіцца, навет да флірту з сьмерцяй. Прыкладам, амэрыканскі злачынца Чэсман праз дурнату адвакатаў і бюракратаў дванаццаць гадоў сядзеў у камэры сьмерці. І прызвычаіўся. Навет пісаў цікавыя ўспаміны. Урэшце-рэшт яго дадушылі ў газавай камэры.

Ніколі не забудуся макабрычнай сцэны спад Монтэ Касына падчас першага штурму. Капітан вышынёй каля двух мэтраў, вагой каля двухсот кіляграмаў, якому тры разы прастрэлілі левую руку, атрымаў яшчэ адну порцыю зялеза, гэтым разам у жывот. Жывот распораты, як у кабана, калі яго, асмаліўшы, разьбіраюць. Кішкі вылазяць. Капітан аднэй рукой дзяржыць свае ўласныя кішкі і лаецца як шавец. Як яму дапамагчы? Несьці такую тушу мог-бы хіба Гэркулес. Ды як несьці, калі ўвесь зьмест зьмястоўнага жывата выпаўзае? Трэба шукаць санітараў з насілкамі. Але дзе іх знайсьці ў гэтую пякельную ноч? А тут раптам з гары зыходзіць санітар. Параненым ён можа-б не зацікавіўся, але ўбачыў на ягонай руцэ залаты гадзіньнік маркі «Лёнжын». Гэта было цікавейшае. Навошта чалавеку з распоратым жыватом залаты гадзіньнік? Санітар прабачыўся, што ня мае бандажоў і насілак, але, каб аблегчыць параненаму сьмерць, адрэзаў залаты гадзіньнік. Капітан, прытрымоўваючы кішкі засьцерагаецца:

— Ты, сукін кот, калі я выжыву, гадзіньнік мне аддасі!

Лапідух[8] пэўна падумаў:

— Што за дурны аптыміст! Як можна выжыць з распоратым жыватом і кішкамі на вонку?

Аднак слушнасьць меў капітан, а іхнюю спрэчку вырашыла сьмерць. У гэты мамэнт санітар атрымаў кулю ў пераносіцу й з залатым «Лёнджынам» застаўся ля капітана. Апошнім з гары зыходзіць доктар нашага батальёну. Чуе, што нехта брыдка лаецца — бачыць капітана з распоратым жыватом і труп санітара з залатым «Лёнжынам». «Лёнжын» яго ня цікавіць, труп санітара — таксама. Але што рабіць з капітанам? Мае толькі адзін бандаж. Парваў сваю кашулю, бо капітанава й бяз гэтага была парваная, і сяк-так прымацаваў кішкі ў аб'емістым жываце параненага капітана. Пабег шукаць санітараў з насілкамі.

У міжчасе пачало сьвітаць і да капітана ня толькі санітары, але й муха жывая не змагла-б даляцець.

Такім чынам капітан праляжаў пад скалой цэлы даўжэзны дзень і толькі ноччу санітары змаглі дапаўсьці й яго зьнесьці. «Лёнжына» ён не забыўся.

Пікантнае тое, што, калі доктар адным бандажом і сваёй кашуляй умацоўваў капітанавы кішкі, той дамагаўся ежы, бо быў галодны. Доктар меў пры сабе толькі два лімоны, якія яму аддаў. Капітан тут-жа залімоніў гэтыя лімоны ў распораты жывот.

Калі ўрэшце ў прыфрантовым шпіталі яму зшылі кішкі й зашылі жывот ды ён ачухаўся пасьля наркозы, шпітальная сястра заўважыла, што ён нешта занадта вясёлы. Бачна — тэмпэратура. Бяжыць з тэрмамэтрам і раптам чуе носам, што ад капітана, як з бровару, нясець сьпіртным перагарам ды яшчэ й часнаком. Узьнялася трывога. Зьляцеліся дактары, сёстры, санітаркі. Знайшлі ў хворага пад падушкай парожную бутэльку ад каняку й палавіну пікантнай італьянскай каўбасы. Як яе капітан зарганізаваў — засталося ягоным сакрэтам.

Але вылячыўся й жыве…

Сярод жаўнераў — выразная дэпрэсія. Няма таго бадзёрага настрою, зь якім ішлі на першы штурм адзінаццатага травеня. Маўляў, пазналі «па чым фунт ліха».

вернуться

8

Так празвалі ў польскім войску санітараў. ― Рэд.