Выбрать главу

У сьведамасьці людзей цьвёрдае перакананьне, што набліжаемся да разьвязкі: або мы, або яны. Праціўнік таксама трымаецца рэштай сілаў. Некаторыя нямецкія аддзелы ўжо ад 2-га студзеня адбіваюць штурм бязь зьмены. Пяць месяцаў з хвосьцікам! Гэта ня хаханькі!..

Палонныя не затойваюць цяжкасьці палажэньня. У маршала Кэсэльрынга, камандуючага італьянскім фронтам, не пераліваецца. Ён усьведамляе, што ўжо ня мае сілы сапхнуць нас назад у мора, а кажны немец усьведамляе, што вайна прайграная.

З другога боку й мы ўсьведамляем, што б'ёмся й гінем за пусты мех, бо нас ужо «прадалі, аддалі ў палон». Аднак бязглуздая разьня ня спыняецца. У паветры нейкі флюід, які падказвае, што насьпеў крызіс бітвы.

 Тут у форме дыгрэсыі варта прыгадаць аб прыпадковасьці на вайне.

12-га травеня на зьмену найбольш змучанага нямецкага батальёну ішоў сьвежы трэці батальён першага палка парашутыстаў, якія селі адпачыць у вузкай далінцы. Адны курылі, іншыя елі кансэрвы й усе слухалі артылерыйскі канцэрт. Раптам у далінку рынуўся цэлы гураган агню палка цяжкой артылерыі. Пасьля гэтага ў цеснай даліне, як у гаршку, застаўся гуляш, або, лепш кажучы, татарскі бэфштэк.

Усё гэта сталася праз прыпадак. Камандзер палка проста памыліў каардынаты і замест на Сан Анджэлё, уліў некалькі дзесяткаў тон зялеза ў малую далінку, дзе бясьпечна адпачывалі парашутысты.

Праўда, калі пазьней даведаліся аб гэтым факце, палкоўнік хваліўся, што ён гэта зрабіў сьведама, аднак ніхто яму не паверыў, бо гэная фатальная далінка ня была ў пляне артылерыйскага абстрэлу.

Вынік — сотні крыжоў на могільніку каля Санта Лючыя. На кажным зь іх адна дата: 12-га травеня 1944.

Drôle de guerre…[9]

* * *

Але вяртаемся да тэмы.

Разьвітаўшыся з муламі й мулаводамі, пасьля кароткай канфэрэнцыі з камандзерам батальёну, я прылёг пад скалой, дзе можна курыць. Гэтага месца не маглі бачыць з Монтэ Кайро. Праўда, тут была магчымасьць прыпадкова атрымаць нямецкую зялезную цыгару з Цыфалько, але праклятая звычка курэньня перамагла.

Ноч была ціхая, цёплая. Стралялі рэдка, маўляў, для фасону. Найгорш дакучалі салаўі. Салаўіныя падсьвісты й цмоканьні ня толькі чароўныя, але й дэпрымуючыя. Залежна ад абставінаў. Бо інакш слухаеш салаўя, калі, аблапіўшы дзяўчыну, сядзіш пад духмяным бэзам, а інакш — калі ляжыш у сьмярдзючым яры перад сьмяротнай атакай.

— Панэ, а, панэ…

— Што хочаш, Грыцю, — на вэчэрныцю?

Грыць, праўда, быў Міколам, але чамусьці яго называлі Грыцям. Гэта быў украінец, селянін спад Каламыі й любіў хваліцца, што

Коломия не помия, Коломия-місто, В Коломиї дівки кращі, Чим пшенишне тісто…

— Можна з Вамі пабалакаць?

— Ну што-ж, балакай, Грыцю, — без энтузіязму адказаў я, бо згары ведаў, што пачнецца ад праклятага пытаньня, якое й мне іржавым цьвіком сядзела ў галаве: «за што?»

І я не памыліўся: пачалося ад гэтага.

— Дарагі Грыць, з гэтым пытаньнем зьвяртайся да Рузвэльта, Чэрчыля, ці да іншых моцных і разумных.

— Ой, панэ, мне здаецца, што яны ня толькі не разумныя, але й божэвільныя.

— Можа… Але біцца пойдзем, каб выканаць жаўнерскі абавязак, за гонар, за славу, а, перадусім — што мусім.

— А скажэце, панэ, ці як мы спусьцім штаны зь Гітлера, пойдзем абразаць вусы Сталіну?

— Што ты, Грыць, Сталін-жа наш саюзьнік…

— Чорта яму ў жывот такому саюзьніку. Дай яго сэрпягова сьмерць! А ці вы чулі нешта пра Віньніцу?

— Чуў што ёсьць такі горад на Ўкраіне й што там бальшавікі зьнішчылі шмат украінцаў.

— Што значыць шмат? Дзесяткі тысяч! (перасаліў). Там і майго брата шлёпнулі. Я чуў, што Вы пішаце, таму хацеў-бы Вам расказаць, як гэта было…

У гэты мамэнт прыбег дыжурны:

— Паны афіцэры, да камандзера батальёну!

— Ну што-ж, Грыцю, пра Віньніцу раскажаш мне хіба пасьля бою.

— Калі яшчэ будзем гаварыць…

— Што ты, Грыць? Дзяржы хвост кручком і памятай, што мы чыталі па дарозе, калі йшлі сюды: «Ня будзь дурны й ня дайся, каб цябе забілі». (Nie bądź głupi, nie daj zabić!).

Усё-ж такі мне давялося слухаць макабрычную гісторыю пра Віньніцу, якую мне расказаў Грыць.

Палкоўнік паведаміў нам, што атака адкладаецца на пару гадзін, бо «Клімэк» яшчэ не дашпіліў пляну на апошні гузік. «Клімэк» — так папулярна называны тады яшчэ палкоўнік, Клемэнс Рудніцкі — заступнік камандзера нашай дывізіі, адзін з найбольш здольных і пры тым адважных афіцэраў штабу. Яму генэрал Андэрс даручыў змантаваньне другой атакі. Ён мітусіцца: лічыць, мерыць, камбінуе, як расставіць пешкі на шахматнай дошцы. Пешкі, бо фігуры амаль выбітыя. Як гэтымі пешкамі даць мат партнэру? У канчальным падліку, маўляў, ня выходзіць на Хвядору два бліны. Перад намі — гара-Здань, бункеры, міны, пасткі, шпандаўы, шмайсэры, гранаты. За Зданьню — малое Сан Анджэлё, далей — вялікае Сан Анджэлё — такая самая дэкарацыя. А тут сілы — што кот наплакаў. «Клімэк» сынхранізуе, адкладае, яшчэ пералічвае, спраўджае.

вернуться

9

Дзівосы вайны. ― Рэд.