У гэтым часе мы чакаем.
Вяртаюся злосны. Ня люблю доўга чакаць ні на сьмерць, ні на рандэву з каханай. Загад палкоўніка: падтрымоўваць на духу жаўнераў. А чым іх падтрымоўваць і павошта? Кажны з панурай дэтэрмінацыяй гатовы ўстаць і яшчэ раз ісьці на гэтую праклятую гару.
Аднак запраўды трэба апаноўваць жаўнераў, бо ў міжчасе пашыраюцца трывожныя весткі. Нехта бачыў пасланца з 16-га батальёну, які бег да брыгады і той яму сказаў, што 14-ты й 16-ты батальёны разьбітыя й сплываюць з гары. Іншы ад кагось даведаўся, што Карпацкая дывізія зьнішчаная і што праціўнік пачаў контратаку. Гэтай другой вестцы нельга верыць, бо мы бачым адрэзак, які займае Карпацкая дывізія — там нармальная артылерыйская перастрэлка. Больш трывожыць лёс нашых двух батальёнаў, што ляжаць у першай лініі, празь якія мы маем ісьці ў атаку. Урэшце прыходзіць паведамленьне, што ўсё няпраўда, а 16-ты батальён навет пасоўваецца наперад і разьбівае бункеры.
Памагай ім, Божа! Нам будзе менш. «Дэспот» (крыптонім камандзера 16-га батальёну Станьчыка) ня траціць фантазіі. «Хлопцы, будзе добра, бо я ў г… утаптаўся» — яшчэ раз прыгадваем mot de Cambronne Станьчыка.
Павукі арміі — тэлефаністы бязупынна пад абстрэлам снуюць павуціньне тэлефоннай сувязі, а яна, як павуціньне, рвецца пад гураганам артылерыйскага й мінамётнага агню. Патрулі, якія маюць выкрываць міны й трасаваць сьцежкі, пайшлі наперад.
Нам пакуль-што застаецца чакаць на сыгнал. Кладуся пад скалой, дзе можна курыць. Гэтае месца мы назвалі «клюбам курцоў».
Страляюць даволі рэдка, а падчас бывае некалькі хвілін камплетнай цішыні. Тады чалавек чуецца, як той мельнік, калі раптам млын стане. Праўда, гэтую пустэчу адразу запаўняюць салаўі, якія ўпарта не здаюцца.
У гэтым чаканьні ствараецца кантэмпляцыйны настрой. Хацелася-б падумаць, навет — мроіць… Але куды — Грыць тут, як тут.
— Панэ, а, панэ. Што там у штабе? Можа ня пойдзем на гэтую праклятую гару?
— Ня бойся, Грыць, пойдзем, яшчэ як пойдзем. Але чаму ты ня сьпіш? Перад атакай варта праспацца. Можа прыгожы сон прысьніцца…
— Прыгожыя сны мне ўжо ня сьняцца. А спаць ня хочацца. Некалькі дзён ляжым у гэтым сьмярдзючым яры й ні то сьпім, ні то дрэмем. Але ўсё-ж я хацеў-бы расказаць Вам пра Віньніцу. Калі выжывеце, можа аб гэтым напішаце.
Бачу, што ад гэтага ўпорыстага каламыйца ня выкручуся. Ды, зрэштай, што мне шкодзіць пачуць крымінальную аповесьць, чымся дарэмна думаць і мэдытаваць? Заўсёды паміж перапынкамі ў акцыі мы чыталі крымінальныя раманы.
— Ну што-ж, балакай, Грыць.
— Сумны гэта балак. Мелі мы з братам хутар каля Віньніцы. У разгар раскулачваньня й штучнага голаду я ўцёк у Заходнюю Ўкраіну. Быў нежанаты, дык было лягчэй. У Каламыі я знайшоў працу й шчасьліва ажаніўся. Брат зь сямьёй засталіся на месцы. Неяк жылі.
Пачалося ў 37-м годзе, калі бальшавікі пастанавілі зьліквідаваць няпрыхільны ім нацыянальны элемэнт. І ў ваколіцах Віньніцы пачаліся масавыя арышты. Арыштаваных звозілі ў Віньніцкую турму, якая хутка перапоўнілася па берагі. А каб разладаваць турму, што лепшае, як «пусьціць контру ў расход»?
Аблюбавалі вялікі пляц, абгарадзілі яго высокім тынам з дошчак так шчыльным, што ня толькі нічога ня можна пабачыць, але й камар носа паміж дошчак ня ўткне. Навокал ходзяць патрулі гэпістых. Пачалі туды ўяжджаць грузавікі. Нешта робяць.
«Таварыш, што там робіцца за гэтай загарожай?» — пытаюць людзі.
«Парк культуры й адпачынку. Праходзіць хутчэй!» — адказвае патруль.
Што-ж, парк культуры й адпачынку заўсёды прыдасца, але чаму яго робяць у такім сакрэце? Людзі круцілі галовамі, але зашмат дапытвацца баяліся.
Але вось знайшоўся вельмі цікавы дзядзька. Ягоная хата была недалёка ад тыну, а ля хаты — высокая груша. Тупыя гэпістыя ня скумекалі, што з гэнай грушы можна зазірнуць у іхны гаршчок і сеё тое ўбачыць. Вось-жа гэны дзядзька, аднойчы, калі была цёмная ноч, ціхенька ўзьлез на грушу. Паглядзеў, пабачыў і яшчэ цішэй зьлез, а аб тым, што ўбачыў не сказаў навет роднай жонцы. На другі дзень сьпілаваў грушу. А што бачыў, расказаў толькі ў 42-м годзе, калі немцы даходзілі да Волгі й да Каўказу.