Амаль кажную ноч у панадворку Віньніцкай турмы раўлі грузавікі, а пад гэты гук матораў расстрэльвалі вязьняў. Пазьней іх вазілі ў будучы парк культуры й адпачынку, дзе закопвалі ў супольных ямах.
І вось у 38-м годзе, калі скончылася масакра, тын разабралі і віньнічане пабачылі некалькі кусьцікаў, некалькі дрэўцаў і гушкалкі для дзяцей. Парк культуры й адпачынку для ўсіх даступны. На браме лёзунг: «Производительно работать — культурно отдыхать!» І нясьведамыя дзеці, заліваючыся вясёлым сьмехам, гушкаліся на магілках сваіх бацькоў. «Парк культуры й адпачынку» адчынілі з помпай. Была аркестра, прамовы, дэклямацыі, «хай жыве наймудрэйшы з мудрых — Сталін!».
Такім чынам нам маскалі падаравалі парк культуры на могілках нашых братоў і сясьцёр. За гэта ім з вазэлінай дзякаваў нейкі віньніцкі актывіст.
Я быў, калі ў 43-м годзе раскопвалі віньніцкі парк «культуры й адпачынку». Туды зьехалася шмат журналістых і экспэртаў з розных краінаў. Трупаў было цяжка распазнаць — шэсьць гадоў гнілі. Аднак адна жанчына пазнала свайго мужа. Напярэдадні ягонага арышту яна адрэзала кусок палы сьвіткі й гэтым куском залатала рукаво на локці. Савецкая доля — хочаш залатаць рукаво — адразай палу…
Свайго брата я не знайшоў. Ды зрэштай ня ўсе ямы пасьпелі раскапаць.
Дык вось, пане, як выглядала справа ў Віньніцы. Я чуў, што Вы пішаце вершы. На якую халеру яны цяпер некаму патрэбныя? А пра гэта, што я Вам сказаў, Вы мусіце абавязкава пісаць. Вы мусіце крычаць, — хай сьвет аб гэтым даведаецца, хай зразумее зь якім катам цалуецца!..
Грыць змоўк, толькі здушаны енк ад часу да часу вырываўся зь ягоных грудзей.
Пішучы аб гэтым, я выконваю загад майго жаўнера, якога я тады бачыў і слухаў апошні раз.
Із свайго боку скажу, што я цікавіўся віньніцкай справай, як і катынскай. Вось-жа ў віньніцкім «парку культуры й адпачынку» адкапалі 9439 трупаў, сярод іх 169 жанчын. Лекарскія досьледы сьцьвердзілі, што некалькі з гэтых жанчын перад расстрэлам былі згвалчаныя. Шмат трупаў мела пясок у глытаўцы, г. зн. што былі закапаныя яшчэ жывыя. Застрэленыя былі паводля савецкай тэхнікі: рукі ззаду зьвязаныя дротам, стрэл у патыліцу.
У міжнароднай камісіі разсьледваньня ў 43-м годзе бралі ўдзел: бэльгійцы, фіны, аўстрыйцы, баўгары, iтальянцы, швэды, галяндцы, румыны, вугорцы, славакі, харваты і палякі.
Ня было ніякага сумлеву, што гэта рука ГПУ. Цікава, што ў гэтым-жа самым парку культуры й адпачынку раскапалі супольную магілку гэпістых, якія расстрэльвалі і закопвалі вязьняў. Урэшце й іх «шлёпнулі», каб, маўляў, «были концы в воду»…
І вось у гэтым яры, куды лёгкі травеньскі вецярок («ночной зефир струит эфир») даносіць усякія смуроды, а між імі й смурод гнілых трупаў, якіх сотні ляжаць навокал нас, слухаць гэтую макабрычную аповесьць было больш, чымся цяжка. Тымбольш, што я сам перажыў гэгэнну бальшавіцкіх турмаў і лягераў.
Грыць маўчаў, але я чуў, што ён плакаў.
Раптам тысяча чарцей вырвалася зь нямецкага нэбэльвэрфэра і зь дзікім выцьцём ляціць.
Трах! Тарарах! Урэзаліся ў гару. Не даляцелі… Яшчэ адна сэрыя. Пералёт. Пакуль што маем шчасьце.
Сьвісток. Сыгнал падрыхтавацца.
Зь першай атакі жаўнеры зрабілі адпаведны выснаў і нечага навучыліся. Таму я бачу, што амаль кажны жаўнер выкідае зь мяшка бляшанку біфу, а бярэ гранаты й патроны. Біф давязуць, калі будзе яго каму есьці, а там ручная граната падчас — апошняя дошка ратунку.
Мой Грыць ня толькі гаваркі, але й любіць шмат зьесьці. Аднак выкінуў зь мяшка дзьве бляшанкі біфу, а на гэта месца ўлажыў дзьве гранаты. Трэба было бачыць, зь якім жалем ён выкідаў біф. Аднак выбраў гранаты. І прыгадзіліся…
Праціўнік нешта вычувае. Штораз часьцей з манастыра, або з Сан Анджэлё ў паветра ўзьлятаюць фары, якія асьвятляюць поле. Артылерыя й мінамёты пачынаюць вальцаваць подступы. Перад намі бушуе пекла. І ў гэтае пекла за некалькі хвілін трэба будзе йсьці.
Як хацелася-б ператварыцца ў камень, мак, ці салаўя й застацца на месцы.
А йсьці трэба.
Чакаем двух сьвісткоў…
Шкада рамантыкі вайны! Раней, калі полк кавалерыі шалёным галёпам ляцеў на ворага, ён зіхацеў, ірдзіўся калёрамі й бліскамі ў праменьнях сонца: каляровыя мундзіры, лямпасы, кутасы, шпоры й пёры, шашкі й сьцяжкі на дзідах — ўсё гэта выглядала пышна й тэатральна. Пяхота таксама зіхацела мундзірамі й зброяй, пад гукі трубаў і барабанную траскатню з разьвеянымі палотнішчамі сьцягоў, сьціснутай калёнай ішла ў атаку. Усё гэта цяпер можам бачыць толькі на каляровых малюнках баталістычнага жанру, або ў незаўсёды ўдалых фільмах.
Сяньня афіцэр, ці жаўнер стараюцца быць як найбольш шэрымі, як найбольш падобнымі да зямлі ці скалы. Гузікі, спражкі, бляшкі, якія блішчэлі ў гарнізоне, цяпер замаляваныя матавай фарбай, каляровыя адзнакі паспорваныя. Цяпер пяхота ня йдзе, як калісь, плячо пры плячы, а рассыпаўшыся «роем». Жаўнеры кароткімі скокамі перабягаюць ад кусьціка да кусьціка, ад купіны да якойсь ямкі, або й проста паўзуць, калечачы цела аб войстрыя скалы, ці гразнуць у балоце. Халера на такую рамантыку!..