Урэшце два сьвісткі разарвалі цішыню ў яры. Хоць кажны іх чакаў, усё-ж кажны здрыгануўся. Сэрцы ёкнулі.
— Хлопцы, наперад, толькі наперад! Хто залягае — гіне.
Ірванулі, як застаялыя коні, што аж трэба было паўстрымоўваць, каб хапіла сілы ўзьлезьці на гару, бо кажны жаўнер абладаваны, як мул: «Бэнгалёры», «пяты», амуніцыя, гранаты. Бралі як найбольш, бо няшмат было надзеі, што давязуць.
Зь яру вылезьлі бяз стратаў. Аднак за ярам атрымалі першыя візытовыя бялеты — агонь мінамётаў. Рвануліся наперад і шчасьліва прарваліся: толькі двух параненых. Прабеглі далінку й апынуліся перад нявысокай, даволі стромкай гарой. На палавіне дарогі мусілі залегчы, бо ўзгорак пачала малаціць варожая артылерыя. Пасьля некалькіх хвілінаў артылерыя выдаўжыла агонь і малацьба пачалася за намі. Пераскочылі хрыбет і зыйшлі ў даліну. І вось на фоне неба перад намі зачарнела панурая гара-Здань.
Няпрыемна, але трэба лезьці. Недалёка ад мяне саракагадовы дзядзька Лукаш сапе, як кавальскі мех пад цяжкім «пятам» і страшэнна лаецца паводля ўсіх правілаў расейскай «мацершчыны».
— Ня лайся, дзядзька, так брыдка, бо, як немцы пачуюць, будуць на цябе злосныя.
— Няхай. Каб яны, злыдні, ведалі, як я злосны на іх. Але, зараза, «пят» надта-ж цяжкі.
— А павошта ты браў гэтую жыдоўскую артылерыю? Ёсьць-жа малодшыя.
— А з чым я пайду на бункеры, з… кулаком?
Яшчэ адну салідную порцыю моцных слоўцаў атрымалі немцы ад Лукаша на адлегласьць. Пазьней атрымалі мацнейшую. Нікому ня раю задзірацца зь беларускім селянінам.
Пакуль што йдзём па «сваёй» зямлі, бо тут гара пераважна разьмінаваная, а перад намі на пазыцыях ляжаць нашы батальёны, якія, як сабакі пільнуюць гаспадаркі, а Станьчык навет кусаецца. Праз гэтыя батальёны мы маем прайсьці, а там ужо, Божа, мей нас у сваёй апецы!..
Па нас страляюць даволі рэдка, затое пазыцыі батальёнаў перад намі вальцуюць густа. Аднак на гэтым падыходзе й мы трацім чатырох забітых і дзевяць параненых.
Дзядзьку Лукашу асколак распароў мяшок на плячох, у якім ён, як прадбачлівы беларускі селянін, меў хлеб, некалькі бляшанак біфу, чыстую бялізну й некалькі гранатаў. Усё высыпалася. Ну, калі-б немцы пачулі, што ім жадаў Лукаш, яны хіба не пачуваліся-б добра. Поўзаючы ракам, Лукаш часткова знайшоў свае скарбы. Але ўзьнікла праблема: у што іх запакаваць? Практычны й кемлівы Лукаш не разгубіўся: знайшоў трупа й зьняў зь яго мяшок. Пасьля спакойна спакаваўся й дагнаў нас. Толькі мяшок выглядаў паўнейшым: бо гэны забіты меў сёе-тое, а ашчадны селянін ня выкінуў гэтага на змарнаваньне. Пазьней тлумачыўся:
— Яму, беднаму, ужо нічога не патрэбна, бо яго ўсім забясьпечвае сьвяты Пятро.
Даходзім да лініяў нашых пазыцыяў. Агонь тут густы. Пачынае адзывацца ручная зброя. Афіцэр сувязі паказвае нам кірункі, куды пайшлі нашыя патрулі разьміноўваць і трасаваць сьцежкі. Спачатку бачым белыя йстужкі: паміж імі поле разьмінаванае. Неўзабаве йстужкі парваныя й раськіданыя выбухамі. Пачынаецца зямля «нічыя» — грозная, няведамая, пакрытая мінамі, пасткамі й крыжовым вагнём ручной зброі. Што раз часьцей чуваць енкі параненых, рвуцца міны, шпокаюць пасткі, сьвішчуць кулі. Яшчэ сто мэтраў наперад. Далей — толькі на жываце. Выразна бачым, скуль харкаюць волавам спандаўы й шмайсэры. Яшчэ за далёка для «пята», «Бэнгалёра», тым больш для ручной гранаты. Трэба паўзьці.
Раптам у паветра вырываюцца тры фары — ракеты на парашутах. Робіцца відна. Праклятыя фары вельмі-ж паволі ападаюць. Трацім дарагі час. Калі да золаку ня зьнішчым буйкераў, раніцай яны нас выстраляюць, як качак.
Урэшце фары згасьлі — трэба паўзьці. Найбліжэйшы бункер плюе вагнём.
— Чакай-жа, сукін сын, — кажа Лукаш і зь «пятам» паўзе ў кірунку бункера. Што рабіць — я з гранатай паўзу на другі. У хаосе і ўпацёмку камандаваць цяжка. Кажны жаўнер камандзер сам сабе. Падпаўзаю і мяркую, што гранату дакіну. Лепш было-б запаўзьці за бункер і ўкінуць гранату ззаду. Але нейкі далейшы шмайсар страляе нада мной, а перада мной — лысіна.
Раптам чую справа выбух. Гэта дзядзька Лукаш прыцэліўся й разваліў бункер. Трэба й мне нешта рабіць. Кідаю гранату ў кірунку, скуль харкае бункер. Удалося: бункер моўкне. Пазьней выясьнілася, што бункера я не разьбіў. Толькі граната падкацілася пад рульку шпандаўа і, выбухнуўшы, яе пашкодзіла. Немец кінуў шпандаў і бункер ды падмазаў пяткі. Ганцэвічу ўдалося лепш: падпоўз да самага бункера і ззаду цяпнуў гранату. Пэўна-ж у бункеры застаўся гуляш. Але гэта была ягоная апошняя граната. У наступны бункер ён шпурляў каменьні. На шчасьце падпоўз Лукаш зь пятам і бункер змоўк. Суседзі зьлева і справа, таксама ня сьпяць. Нямецкі агонь ручной зброі слабее. Дапаўзаем да вяршыні гары, скуль месцамі можна бачыць даліну ракі Ліры — мэту нашага наступу. Там, таксама варыцца, як у гаршку. Аднак ангельцы ўрэшце йдуць наперад. Бачым далей і ар'ентуемся паводля выбухаў, што францускі корпус на гарах Абруццы таксама йдзе наперад.