Подпіс (арабская каракуля)
Кажны доктар і іншы магістрык ці вялікі чалавек піша так, што просты сьмяротны ніяк ня можа расчытаць. Хілён Хілёнідэс, калі ўзбагаціўся, стаў перад праблемай: ці купіць нявольніка ці нявольніцу. Калі-б я дарваўся да нейкай касы, я купіў-бы графалёга, каб мне чытаў, што піша Папліска, Залескі й іншыя…
Прабачце за дыгрэсію. Вяртаймася да тэмы…
Каля поўначы ў пералівы салаўёў уварваўся сьвісток палкоўніка. Сьвісток быў гвалтоўны, што навет салаўі змоўклі на хвіліну. Для нас гэта азначала, што мы мусім уставаць і йсьці на пазыцыі. Усе з гэтым пагадзіліся за выняткам салаўёў. Праз пару хвілінаў салаўі засьвісталі, але ўжо злосна. Што за паршыўцы перашкаджаюць ім цешыцца вясной, сьпевам і каханьнем?..
Паітальянску чужынцы называюцца «страньеры». Няшмат хто з нас знаў гэтае слова, але ў злосных сьвістах салаўёў вычувалася міжнароднае «руэ, аўслендэр!»[4]
Зямля — магніт. Як цяжка ўстаць навет насуперак салаўём на сьвісток палкоўніка!.. Але сьвісток паўтарыўся. Усе, крэкчучы, усталі. Роля была нескамплікаваная: дайсьці, або, лепш, дабегчы, да выходных пазыцыяў, адкуль пачнецца штурм.
Пайшлі. Ішлі сыстэмай супрацьлятунскага парадку: адзін ад другога на дзесяць мэтраў. Вырваліся на дарогу, аб якой трэба нешта сказаць. Гэта калісь была сьцежка для мулоў.
Яшчэ дыгрэсія: мы шмат гаворым аб людзях, а замала аб мулах. Пастараюся пазьней запоўніць гэтую пустэчу.
Нашыя папярэднікі зрабілі спробы зрабіць з гэтай сьцежкі дарогу. Але, калі возьмем на ўвагу, што ўся гэтая плошча дзень і ноч была пад абсэрвацыяй і пад абстрэлам — амэрыканцы й ангельцы крышку пашырылі гэтую сьцежку й назвалі яе Кавэдыш Роўд і гэтак пакінулі. У кажным выпадку празь яе мог прапхнуцца джып і матацыкль. Але вось прыйшлі беларускія, украінскія й польскія дзядзкі-сапэры. Паківалі галовамі, падумалі й вырашылі, што Кавэндыш Роўд — нікудышняя.
Сапэры — гэта мурашкі вайны. Іх недацэньваюць. Ляўры зьбіраюць кавалерысты, артылерыя, пехата, а — перадусім — генэралы. А куды-б усе гэтыя «героі» дайшлі без сапэраў?
І вось мурашкі пачалі працаваць. Начамі, пад абстрэлам, за пару тыдняў зрабілі амаль шашу. Праўда, аднакірункавую, але з пляцоўкамі для мінаньня й настолькі шырокую, што празь яе навет праехалі танкі. Праехалі, але не даехалі…
Пра працу сапэраў і мулаў я яшчэ буду гаварыць. Яны пакрыўджаныя ў гісторыі.
Дарога сапэраў (як мы яе будзем называць) у гэты час была вольная. Мы пайшлі. І вось тут першае знаёмства са сьмерцяй. Праціўнік, як я прыгадаў, быў прыстраляны. Усе коды, каардынаты былі запісаныя й правераныя. Мы йшлі ціхенька, толькі паскуды салаўі сьвісталі нам на злосьць.
Раптам сьвіст, але не салаўіны. Дзікі, пагрозьлівы…
«Кладзіся!» — крыкнуў нейкі афіцэр. Позна.
Бах! бах! бах! — тры гранаты цяжкой артылерыі. Валодзька Мацкевіч — цікавы, як выглядае жыцьцё й сьмерць. Ён, як кажны смаркач, прабуе гаварыць басам, прабуе курыць (хаця рыгае), прабуе піць, а навет раз прызнаўся, што ён хоча сіньёрыну. Валодзька паляцеў наперад, дзе разарваліся гранаты. Празь некалькі хвілін ён вярнуўся й, ужо ня басам, піскнуў «двух забітых, пяць цяжка параненых».
У гэты мамэнт Валодзька, здаецца, ня думаў стацца Напалеонам. Ён, як слабае дзіцё схапіўся за мае порткі і не адрываўся. Нажаль мяне паклікалі наперад. Тады смаркач схапіўся за рукаво дзядзькі Піліпа й ад гэтага рукава ніякая сіла не магла яго адарваць. Абодва аблілі збочча праклятай гары сваёй крывёй…
— Наперад! Наперад! Бо хто з-заду, той зьгіне! — крычаць афіцэры.
Рвем наперад. Але раптам загад:
— Дарогу польскіх сапэраў безадкладна ачысьціць.
Гэта зусім зразумела: гэтая дарога — адзіная артэрыя, празь якую даходзіць да першай лініі амуніцыя, харчы, вада й дырэктывы. Ачышчаем дарогу. Бяжым нацянькі. У гэтай усёй мітусьні дзесьці згубіліся праваднікі. Але поле разьмінаванае. Азымуты зьмераныя й выкрэсьленыя. Бяжым нацянькі. Яшчэ адна порцыя артылерыйскіх гранатаў. Яшчэ нехта застаецца. Але няма часу думаць. Травеньская ноч кароткая. Да золаку трэба даляцець. Даляцелі. У кажнай яме, у кажнай каўдобіне ляжыць батальён, або паўбатальёну. Заляглі ў яры. Але ня ўсе. Тыя, што заляглі ззаду, зьгінулі. Тут правіла: толькі наперад. Хто застаецца — гіне. Артылерыя й мінамёты праціўніка ўстраляныя. Артылерыя страляе на адлегласьць трыццаці кілямэтраў бяз пудла. Сапэры ня могуць далей разьміноўваць поля, бо на полі ляжыць столькі зялеза, што магніты сапэрскіх палак хістаюцца. Страты пакуль-што невялікія: дзевяць забітых, васемнаццаць параненых. Паітальянску гэта кажацца «багатэля».