Выбрать главу

Тут ужо была й роспач, і цяжкасьці. Адразу мной пачала цікавіцца польская паліцыя. Пярвей паліцыянт праходзіў — бачыў хата пабеленая, плот папэцканы, белы патрэбнік пад грушай стаіць і ўсё было ў парадку. А тут раптам і хата блага пабеленая, і плот дождж крышку абмыў, а што найгоршае, пачалі заглядаць у патрэбнік ды заўважылі, што яго ўжо некалькі гадоў ніхто ня ўжывае. Пасыпаліся пратаколы. За кажны плаці пяць-дзесяць злотых, а не — ідзі ў гмінны арышт. Бацька «камуністычнага агітатара» — дык чаму яго не патузаць?..

Пано… Прабачце — прывычка. Прызнаюся шчыра, калі ў верасьні 39-га году таварышы прыйшлі нас вызваляць ад сала й хлеба, я іхных танкаў не цалаваў, але й ня вельмі маркоціўся па польскай уладзе — прыелася горкай рэдзькай. Узьнікла надзея, што сын вернецца дамоў, ён-жа недзе там бегае героям. Прайшло некалькі часу — сын не вяртаецца. Пайшоў я ў сельсавет. Старшыня быў добры чалавек: выслухаў, запісаў, абяцаў зрабіць захады. Між іншым, ён таксама недзе тут недалёка ляжыць пад гэтым паршывым Монтакасіна, бо пасьля яго арыштавалі і, такім чынам, ён трапіў у польскую армію. Пачалася пісаніна ў нейкія райкомы, абкомы, якія мне сталі комам у гарлянцы. Адусюль адказ: «Не ведаем, дзе ваш сын знаходзіцца». Кануў, як іголка ў стог сена. Толькі ў Іраку я сустрэўся з чалавекам, які бачыў майго сына ў лягеры каля Варкуты. Сын быў цяжка хворы й, бачна, там застаўся навекі.

У сьцюдзёную студзенскую ноч у вёсцы пачуўся нейкі гармідар. Неўзабаве й нам пастукалі ў дзьверы «Атварай!» Аб што ходзіць? Выясьнілася хутка: «собірайся с вешчами!» Энкавэдысты стаяць са шпікульцамі: «быстрей, быстрей!» А тут наймалодшая дачушка Зоська хворая. За што хапацца? «Быстрей, быстрей!» Схапілі што папала. «Давай, выхадзі!» Выйшлі. І вось на маіх коніках, на маіх развалках мяне зь сям'ёй павезьлі. Ужо конікамі я ня кіраваў. Мароз быў жахлівы. Завезьлі ў Маладэчна й загналі ў цялятнікі, дзе ніякага аграваньня. Замкнулі, заплямбавалі й павезьлі…

Мяне крышку знудзіла, а больш змучыла гэтая цяжкая гавэнда.

— Дзядзька Лукаш, павошта ўсё гэта ты мне расказваеш? Я-ж гэта ўсё перажыў на сваёй скуры.

У вачох Лукаша заблішчэлі сьлёзы крыўды. Ён-жа прызвычаіўся раіцца перш-наперш з жонкай, пасьля з разумным суседам, урэшце з солтысам. Аднэй рады ён ня прызнаваў — калі хадзіла пра зямлю й як яе зьліваюць потам. Гэта ён ведаў. У гэтым ён быў амаль аграном.

І вось цяпер ён хацеў «выспавядацца» — тымбольш сваёй мовай — расказаць сваю трагэдыю. Каму-ж ён яе раскажа? Пазнанскай «пырцы», якога ён ня любіць?

Мне сталася прыкра. Я перамог сваю стомленасьць і кажу:

— Што-ж, Лукаш, гавары далей.

— Вам гэта можа нудна, але мне гаротна. У цягніку-цялятніку памерла мая Зоська. Тры дні мы ня прызнаваліся: думалі, даедзем — пахаваем. Усё-ж, як нам давалі гнілую рыбу й брудную ваду, нехта сказаў энкавэдыстам, што ў вагоне ёсьць труп. Зрабілі рэвізію, знайшлі і… Зоську забралі. Ня ведаю на якой станцыі гэта здарылася, ня ведаю, дзе мая Зоська пахаваная й ці пахаваная наагул.

Завязьлі нас у сібірскі калгас і «давай, давай, выкалывай!..»

Цяжка было, але нам ня прывыкаць. Канчаю, панок. Прабачце, ізноў забыўся. Таварыш Сталін выдаў гамнэстыю…

Раптам у нашую размову зьлева ўрываецца ўкраінец ды кажа:

— Ніякаю амнэстыю, а гімнэстыю.

Драматычнасьць настрою злагаднела. Дружна расьсьмяяліся. Такі прыпадковы «карброн мот»[6] шмат памагае. Гэтакіх «мотаў» пазьней было шмат пад Монтэ-Касыно.

Але дзядзька Лукаш не задаволіўся сваёй споведзяй. Ён хоча дакалупацца да сэнсу таго, што мае сяньня здарыцца.

А я сам ня бачу пераканальнага сэнсу, бо з тэгэранскіх справаздачаў (хаця й замаскаваных) бачу, што нас прадаюць гуртам і ў дэталі.

— Што будзе пасьля вайны, няведама, але гэтыя паршывыя горы мы здабываць мусім. Можа няшмат нас застанецца жывых, але тыя, што застануцца, што атрымаюць?

Я быў злосны і так мне карцела адказаць: хвігу з паветачкай, але паўстрымаўся: можа стары, скрыўджаны, зламаны чалавек мае нейкія ілюзіі. Павошта іх разьбіваць?

 Малая дыгрэсія: Дарагія Чытачы, (пэўна-ж, калі нехта будзе чытаць гэтую маю лабуду), не разьбівайце лёгкадумна людзкіх ілюзіяў, калі яны навет недарэчныя. Праўда, людзей трэба прывучаць да рэалізму, але ня брутальна, паволі, пераконваючы…

вернуться

6

Лоўкае слоўца. ― Рэд.