Выбрать главу

Таму я адказаў Лукашу:

— Дарагі, я не прарок — ня ведаю. Думаю, што аднак справядлівасьць пераможа, бо інакш няма сэнсу жыць. А вось скажы мне, Лукаш: абяцаў табе нехта несьмяротнасьць на зямлі?

— Не, ніхто. А чаму вы пра гэта пытаецеся?

— Вось таму, што і мне ніхто не абяцаў. Таму мы мусім памерці. Баяцца сьмерці, паводля маёй думкі — недарэчна, бо ўжо ад тэй хівіліны, калі дзіцё ўсьведаміла, што мусіць памерці, яно павінна асівець ад страху. А ці памрэм сяньня ці пазаўтраму — якая розьніца?

— Вы, панок (ужо без прабачваньня), пачынаеце нейкую хвілязохвію. Я яе ня вельмі цямлю. Але што-ж пачнеш? Трэба будзе пайсьці…

Раптам войстры сьвісток.

«Panowie oficerowie, na odprawę do dowódcy batalionu».

Ага! Набліжаецца «гэнкэр» — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю…

Так мы зь дзядзькам Лукашом да дна душы не дагаварыліся.

Але затое пачынае нешта адбывацца…

Усё-ж «гэнкэр» (крык дзікіх гусей з выраю) набліжаецца. Атрымоўваем апошнія інструкцыі і, маўляў, дашпільваем апошні гузік. Тэарэтычна ўсё яснае, зразумелае, ролі падзеленыя, толькі… ня ведаем, што будзе рабіць праціўнік.

Шарэе. Страляюць рэдка й недзе далёка. Сьвіснуў, зацокаў, зачмякаў, заліўся салавей. Прыемны халадок, лягчэй дыхаецца. Толькі трупы нашых папярэднікаў пахнуць брыдка, як пагрозьлівае memento.

Я атрымоўваю заданьне яшчэ раз навязаць лучнасьць з суседнім батальёнам: канчаткова дамовіцца адносна кодаў і сыгналаў. Ужо цёмна — можна ісьці. Да гэтага батальёну ня больш як пяцьсот мэтраў. Але перад боем — эмоцыя: бягу галёпам.

Дабягаю.

— Дзе камандзер батальёну?

Нейкі афіцэр зьвяртаецца да іншага:

— Дзе палкоўнік Каміньскі?

Вядуць мяне на камандны пункт. І вось падарозе я прыгадаў, што гэта той сэнатар Каміньскі, зь якім я прыпадкова сустрэўся пару разоў у Вільні й аб якім мне гадзіну таму гаварыў дзядзька Лукаш.

Паводля ўсіх правілаў польскага ваеннага рэгуляміну кажу палкоўніку пашто я прыйшоў.

— Добра, даражэнькі. Аб гэтым пагаварэце з маім афіцэрам сувязі, якога я паклічу. Я чую, што вы з «крэсаў».

— Пэўна-ж, палкоўнік, наша-ж дывізія завецца «Крэсова». Пры гэтым хачу вам прыгадаць, што я меў гонар з вамі сустракацца ў Вільні, спадар сэнатар.

— Тым больш прыемна сустрэць старога знаёмага ў гэты цяжкі час.

— Цяжка будзе, спадар сэнатар.

— Думаю так. Шмат з нас застанецца на гэтых прыгожых і праклятых горах. Але, што-ж, гэта так проста — трэба йсьці…

— Але зашто?

— Даражэнькі, вось і вы мне паставілі пытаньне, якога я баюся й штодзень чую.

І раптам дадаў войстрым тонам загаду:

— Вось мой афіцэр сувязі. Дагаварэцеся зь ім і… бывайце жывы.

* * *

Добрых людзей на сьвеце, нажаль, не зашмат. Таму варта аб іх пісаць і прыгадваць, якой-бы нацыі яны ня былі.

Аб Каміньскім шмат напісаў ведамы польскі публіцыст й пісьменьнік, беларускі шляхціц зь Меншчыны, Мэльхіёр Ваньковіч у сваіх трохтомных рэпартажох спад Монтэ-Касыно. Ваньковічу трэба аддаць належнае: ён — чалавек асабіста адважны і, ня гледзячы на дзьвесьце кіляграмаў сваёй жывой вагі, лазіў па горах падчас бітвы, запісваў ды фатаграфаваў. Аднак ён ня ўсюды мог далезьці, таму ягоныя майстэрскія рэпартажы часта далёкія ад рачаіснасьці, бо пераважна пісаныя з рэляцыяў удзельнікаў пасьля бітвы. А рэляцыі часта бывалі супярэчныя: адзін бачыў дваццаць немцаў, а другі, які ўвесь час ішоў разам зь ім — толькі двух.

Усё-ж, здаецца, што ў дачыненьні да Каміньскага ў сваіх рэпартажох (якіх я, нажаль, цяпер пры сабе ня маю) Ваньковіч быў аб'ектыўным. Ваньковіч прыгадаў гісторыю майго асабістага прыяцеля Крыўца. Гісторыя амаль аўтэнтычная, як і сына дзядзькі Лукаша, і характэрная для тагачасных беларускіх умоваў.

Крывец быў сьведамым і ярым беларускім нацыяналістам і надзвычай здольным дзяцюком. Толькі вось няшчасьце для нашай тагачаснай моладзі (ды ня толькі моладзі, г. зв. Заходняй Беларусі): ён не заўсёды адрозьніваў, дзе канчаецца беларускі нацыяналізм, а пачынаецца савецкая прапаганда. І вось бедны мой Пятрусь трапіў у лапы гэтай прапаганды. Разам з беларускай літаратурай, якую ён атрымоўваў зь Менску, ён распаўсюджваў і камуністычныя агіткі. Накрылі, пасадзілі. Праз пару месяцаў пусьцілі. Пятрусь не ўціхамірыўся й рабіў далей. Арыштавалі другі раз. Але ў міжчасе ён пазнаёміўся з Ваньковічам, які захапіўся здольнасьцямі Крыўца, што аж некалькі разоў пісаў аб ім у газэтах. Здаецца гэта памагло: Пятруся йзноў па нейкім часе выпусьцілі. Там ён нешта скумекаў. Вярнуўся зьбянтэжаны й пачаў рабіць захады, каб атрымаць стыпэндыю ў сельскагаспадарчую школу. Войт, з паходжаньня беларус, ахвотна-бы даў гэтую стыпэндыю, але справа ўпёрлася ў паліцыі: Крывец — камуніст!