Справа дайшла нейкімі шляхамі да сэнатара Каміньскага. Здаецца, што гэтую справу Каміньскаму рэфэраваў Ваньковіч, бо сам мне пазьней яе прыгадваў. Каміньскі пытаецца:
— Хто гэта такі ваш Крывец?
— Вельмі здольны малады чалавек, беларускі нацыяналіст і, нажаль, два разы быў арыштаваны за савецкую прапаганду.
Малая дыгрэсыя: прыяцелі й знаёмыя, калі бачылі, што ідзе сэнатар Каміньскі, гаварылі: «ага, ідзе гэта так проста».
Каміньскі хвіліну падумаў.
— Але-ж гэта так проста: калі ваш Крывец вернецца з школы разумным нацыяналістам — гэта ня блага. Калі-ж выйдзе дурным камуністам, на яго трэці раз знойдзецца паліцыя.
Каміньскі некаму пазваніў, з сім-тым пагутарыў і Крыўца прынялі. Із школы Крывец вярнуўся добрым аграномам, палымяным беларусам, але на савецкі камунізм крывіў нос.
17-ы верасень 1939-га году. «Таварышы» прыйшлі нас вызваляць ад хлеба й сякой-такой волі. Ня ведаю, ці Пятрусь Крывец цалаваў савецкія танкі й тачанкі, але ведаю, што недзе ў канцы сьнежаня 39-га году ў дваццаць сёмую камэру вялейскай турмы, дзе мы душыліся, як селядцы ў бочцы, упхнулі яшчэ аднаго кліента. Я адубеў з зьдзіўленьня.
— Пятрусь! Гэта ты?! Дарагі, што сталася? Я чуў, што ты быў вялікім начальнікам у раёне. Ты-ж іхны чалавек…
Тады Крывец запраўды зламаным голасам адказваў:
— Дарагі, такіх дурняў яны патрабуюць за граніцай, але ў сябе ліквідуюць.
Гісторыя Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлы, Валынца й шмат іншых у міньятуры…
З Пятрусём я сядзеў нядоўга. Мяне вывезьлі ў полацкую турму, а ён застаўся. Ведаю, што яго на допытах жорстка катавалі. Будучы ў польскай арміі ў Узбэкістане, а пазьней на Блізкім Усходзе, я яго шукаў і не знайшоў. Маглі яго «шлёпнуць» у вялейскай турме, або падчас эвакуацыі гэтай турмы, калі пачалася вайна з немцамі, а можа замарылі недзе ў лягеры. Бог ведае…
Ваньковіч вельмі патрыятычна й патэтычна апісвае сьмерць Каміньскага. Факты запраўдныя, але ў Ваньковіча — крышку тэатральныя. Батальён Каміньскага амаль быў выбіты, уся сувязь парваная. Тады Каміньскі ўстаў і пайшоў шукаць рэшткаў батальёну. У той мамэнт, як ён выйшаў на адкрытую прастору, атрымаў сэрыю з кулямёту ў грудзі. А калі яго зносілі — паводля Ваньковіча, ён два разы сказаў: «Гэта за Польшчу»…
Каміньскі быў паляк і патрыёт. Гэтыя словы ён мог сказаць, але не пасьля сэрыі з кулямёту ў грудзі. Тут, здаецца, Ваньковіч, паводля добрага акрэсьленьня Высьпяньскага, «патрыятычна забаламуціўся».
Аднак наагул вэрсыя Ваньковіча аб сьмерці Каміньскага адпавядае запраўднасьці. У шалёным агні артылерыі, мінамётаў і ручной зброі батальён гінуў. У гэтым пекле ня толькі генэрал не камандаваў корпусам, ці дывізіяй, палкоўнік брыгадай ці батальёнам, але, часта, — і капраль сваім зьвязам. Тады Каміньскі, які меў пры сабе толькі некалькі жаўнераў, устаў.
— Ну што-ж, трэба йсьці шукаць батальён.
У гэты мамэнт сэрыя спандаў'а перасекла яму грудзі. За ім поўз ягоная «нянька» — раскулачаны беларускі селянін Марцішонак, які даваў палкоўніку стратэгічныя парады:
— Панок, кладзіся, бо заб'юць!..
І калі пад скалу сьцягнулі труп палкоўніка, Марцішонак кінуўся на яго з гістэрычным крыкам:
— Каб ты згарэў, я-ж табе казаў, ня йдзі, бо заб'юць!..
Сшакаваны Марцішонак кінуўся з голымі рукамі бегчы на нямецкія бункеры. Яго сілай затрымалі й эвакуавалі ўніз. Пасьля гэтага ён доўга ляжаў у шпіталі. Калі я яго наведаў, гісторыя выясьнілася. Марцішонак жыў празь мяжу з Каміньскім, які меў асаду.
Польскія асаднікі былі ў нас непапулярныя. Аднак — як заўсёды — людзі бываюць розныя. У сваёй асадзе Каміньскі бываў рэдка, ён больш жыў у Варшаве й Вільні. Марцішонак, нармальна, заўсёды раіўся з жонкай, але, калі даведаўся, што прыехаў Каміньскі — ішоў як дамоў да яго па парады й са скаргамі ці на паліцыю, ці на ўрадоўцаў гміны. Каміньскі заўсёды раіў і дапамагаў, а дапамагчы ён мог.
Прыйшлі «освободітелі». Каміньскага арыштавалі, Марцішонка раскулачылі і вывезьлі ў Сібір. Пасьля г. зв. сталінскай, як яе добра назваў Украінец «гімнэстыі», абодва апынуліся ў польскай арміі. Знайшліся й больш не расставаліся. Разьдзяліла іх сьмерць. Марцішонак быў запраўднай нянькай Каміньскага, а ён, як чалавек у асабістых справах непрактычны — такой нянькі патрабаваў. Больш таго, палкоўнік Каміньскі баяўся простага жаўнера Марцішонка. Ён ня раз гаварыў: