Выбрать главу

Калі я прыйшоў да Марцішонка, а ён быў у аддзеле нэрвова-хворых пасьля шоку, сястра папярэдзіла мяне, што Марцішонку ўгаварылі, што Каміньскі толькі цяжка паранены й будзе жыць. Таму мы гаварылі аб Каміньскім, як аб чалавеку жывым. Ня ведаю, ці Марцішонак умеў адрозьніваць «А» ад «Б», але ведаю, што ён гаварыў «панашаму». Ён расказаў мне свае ўзаемадачыненьні з Каміньскім і — як сяньня памятаю — закончыў:

— Я-ж яму, каб ён згарэў, крычэў: ня йдзі — застрэляць! А ён устаў і пайшоў. Дзякуй Богу, што толькі паранены! На будучыню будзе памятаць… Але я яго яшчэ абмацюжу, хаця ён страшна добры чалавек!..

Было даволі макабрычна гаварыць аб чалавеку як аб жывым, які ўжо даўно пахаваны. Але ў гэтай прыязьні заможнага беларускага селяніна з польскім сэнатарам і палкоўнікам ня было ніякага лёкайства, ніякага паніжэньня. Проста двое добрых людзей любіліся й шанаваліся ўзаемна.

— Панок, бадай ты згарэў, я-ж табе казаў, ня йдзі!..

— Вось прыйду ў сваю палатку, а Марцішонак будзе бурчэць…

Гэта-ж усё такое простае, такое людзкае, але, нажаль, добрых людзей не зашмат на сьвеце.

* * *

Мне было вельмі прыкра, што я паставіў Каміньскаму пытаньне: «за што?», калі ён заўседы хацеў адказваць: «гэта-ж так проста», а тут адчуў, што гэта ня так проста й абурыўся на мяне за правакацыйнае пытаньне.

З гэтымі думкамі я бег у свой батальён.

Усё зашпіленае на апошні гузік. Наперадзе ляжаць два піянэрскія патрулі, якія пабягуць трасаваць сьцежкі на гэтай праклятай замінаванай зямлі. — Людзі засуджаныя на сьмерць…

Як я зайздросьціў тым, што ў Багдадзе ці Каіры купілі гадзіньнікі з фасфарызаванымі цыфэрблятамі!

— Колькі яшчэ?

— Пяць хвілін, — адказвае шчасьлівы ўласьнік фасфарызаванага гадзіньніка.

— Колькі яшчэ?

— Адна хвіліна, — адказвае фасфарызаваны гадзіньнік.

І ў гэты мамэнт…

Тое, што пачалося ў гэты мамэнт, а 11-й гадзіне 11-га травеня, ніяк ня можна назваць «гэнкэрам» — крыкам дзікіх гусей з выраю — мяккім, сумным, лагодным, настальгічным.

Грымнула найцяжэйшая гармата. Гэта быў сыгнал. І, як кажа адзін наш мовавед «ударыла й пашла маква»… За гэтай гарматай зараўло больш за тысячу іншых: цяжкія, лёгкія, супрацьпанцырныя, супрацьлятунскія, мінамёты цяжкія, мінамёты лёгкія. Усё біла па пазыцыях праціўніка: далёкабойныя гарматы білі па далёкіх становішчах артылерыі, якія знаходзіліся 30 кілямэтраў ад пляцу бою, іншыя вальцавалі ўвесь пляц, на які мы мелі наступаць. Зямля дрыжэла пад нагамі, зямля гарэла, а ў паветры вылі мільёны д'яблаў. («Земля тряслась, как наши груди» — Лермантаў, «Бородино»). Барадзінская кананада, у параўнаньні з монтэ-касынскай, была мініятурай. Мелася ўражаньне, што глядзім у нейкі жудасны, вялізарны пякельны кацёл, дзе ўсё гарыць, кіпіць, пераварачваецца…

Колькі тонаў зялеза змарнавалі падчас гэтай кананады — цяжка сказаць, і, здаецца, ніхто гэтага не рахаваў. Гэтая навала згодна з плянам трывала 40 хвілін. Мы назіралі яе, як глядачы з лёжы нейкага макабрычнага тэатру. Нават заўзяты пэсымісты дзядзька Лукаш крыкнуў:

«Дык мы-ж пойдзем як нож у масла! Пасьля гэтага там застанецца толькі кучка смуроду!..»

Валодзька Мацкевіч глытаў вачыма гэтую сцэну. (Ён-жа хацеў быць героям). Таму сказаў з тонам расчараваньня:

«Там нам нічога ня будзе рабіць».

Памыліліся, нажаль, абодва. Засталося ўсё, а работы было шмат зашмат: восем дзён крывавіцца й паміраць.

Нехта можа паставіць пытаньне: як пасьля такой навалы там нехта мог застацца жывы? Зусім проста. Кажуць: «Хіцёр Зьміцёр, але й Саўка ня дурны». Немцы ведалі, што бяз артылерыйскага падрыхтаваньня ніхто ня зможа штурмаваць, таму мелі пабудаваныя сховішчы на адхонах — «мёртвых полях», куды не магла дастрэліць ні артылерыя, ні мінамёты. Вось-жа адразу, як артылерыйскую навалу перанесьлі на далейшыя пазыцыі, яны папаўзьлі ў бункеры. Пры гэтым бункеры былі моцна збудаваныя й замаскаваныя, на іх быў пакладзены дэтанацыйны пласт каменьняў, на якіх гранат разрываўся. Пэўна-ж глушыў жыхара бункера, але вялікай шкоды яму не рабіў. Проста змарнавалі сотні тонаў волава й зялеза.

Гарматы малацілі камяністыя горы дакладна, колькі прадбачвалася паводле пляну. Пасьля перанесьлі агонь на далейшыя аб'екты.

Немцы адбрэхваліся слаба. Ашчаджалі амуніцыю, якая ім пазьней прыдалася. Яны толькі фарамі й ракетамі асьвятлялі поле, што яшчэ павялічала макабрычнасьць відовішча.

Але затое, калі нашая артылерыя перанесла агонь далей наперад — слова ўзяла нямецкая артылерыя й мінамёты.