Выбрать главу

— Хай лепш сьмярдзіць ён, чымся я.

Жыцьцё: Жах мяшаецца з гумарам, макабра — з ідыльляй.

Раптам чамусьці зрабілася ціха.

Дудкі, маўляў, адразу вызьверыліся салаўі. Але ўжо злосна, бо ім нейкія «страньеры» перашкаджаюць жыць і цешыцца жыцьцём ды вясной.

Цяжка лежачы пад бункерам ворага слухаць песьні салаўя…

Але йзноў завыла мільён д'яблаў і быццам-бы стала лягчэй: салаўі больш дэпрымуюць…

Хоцькі — няхоцькі трэба было пачынаць разьбіваць бункеры, бо людзі апынуліся быццам-бы ў муравейніку. Тут застаюцца толькі ручныя гранаты й таміганы, бо пяты недзе падарозе загразьлі.

Бачу, дзядзька Лукаш паўзець пад бункер з апошняй гранатай і кідае. Бункер моўкне. Як пазьней выявілася, граната перасекла спандаў. Нехта іншы запоўз за бункер і ўткнуўшы таміган, расстраляў некалькі праціўнікаў. Крышку палягчэла.

Але набліжаецца найгоршае — золак. У дзень застацца паміж бункерамі — сьмерць.

Ізноў-жа парадокс: сонца дае жыцьцё, — у той час для нас сонца азначала сьмерць.

Бачым, што наступ заламаўся. Тады палкоўнік дае загад адступаць. Нялёгка было сходзіць з праклятай гары, пакідаючы там столькі сваіх жаўнераў і прыяцеляў. Фактычна батальён быў разьбіты.

Вельмі характэрную размову пераказвае Ваньковіч з камандзерам другога батальёну «Карпацкай» дывізіі, палкоўнікам Бжуско. Палкоўнік быў паранены й калі яго наведаў Ваньковіч, той сказаў:

— Калі вы напішаце, што мой батальён быў «разьбіты» — гэта будзе няпраўдай.

— А як я гэта магу акрэсьліць? — паставіў пытаньне Ваньковіч.

— Выбіты…

Тут мушу прыгадаць, што другі батальён стаяў на другім месцы паводле стратаў людзей пасьля нашага батальёну.

У той мамэнт, як палкоўнік пастанавіў адступаць, нейкім чынам дайшоў загад з дывізіі: «За ўсякую цану ўтрымаць здабытую пазыцыю, мантуецца другі наступ». Тады наперад, шукаць лепшай пазыцыі, бо тут, дзе мы ляжым, — лысы ўзгорак. Няшмат гэтага войска засталося, але тое, што было, кінулася наперад. А тут зямля гарыць пад нагамі: навокал бункеры, міны й пасткі. Але рынуліся, бо зараз будзе відна. Заляглі й пачалі разьбіваць бункеры, якія былі найбліжэй. Але з усходам сонца ўзьніклі новыя цяжкасьці: снайпэры праціўніка. Ноччу яны былі сьляпыя, але цяпер пачалі вызьвярацца. Хапіла толькі падняць руку з каменнага складака, а ўжо рука была прастрэленая. Снайпэры пераважна сядзелі на дрэвах добра замаскаваныя, іншыя — за высокімі скаламі. Пачалося ўзаемнае паляваньне. Нашы снайпэры, хоць іх няшмат засталося, таксама ўзяліся за работу. Яны, снайпэры, назіралі, скуль падае стрэл, пазьней спакойна чакалі, пакуль праціўнік не парушыўся. Вока снайпэра — сакалінае: кажны рух заўважыць. Тады снайпэр прыцэльваўся й праціўнік ляцеў з дрэва, як сьпелы яблык. Памаленьку снайпэры праціўніка былі зьбітыя з дрэваў. Аднак сытуацыя няшмат палепшылася, бо стралялі далейшыя бункеры, да якіх ня можна было дапаўзьці.

Найгоршае, што пачала пагражаць «брындза» (крыптонім: нястача амуніцыі), а данесьці яе на пазыцыі ўдзень ня было мовы. Пекла павялічаюць енкі параненых, якіх няма магчымасьці зносіць, бо санітары або выбітыя, або ня могуць дайсьці праз агонь.

Тады камандзер батальёну даў дэфінітыўны загад сходзіць з гары.

Макабрычнае было гэтае сходжаньне. Амаль кажны здаровы, ня вылучаючы афіцэраў, нёс параненага. І так усіх не змаглі забраць. Пазьней іх падбіралі Немцы. Дзе ня можна было ісьці, людзі паўзьлі на жыватах, маючы на плячах параненага калегу. Было некалькі выпадкаў, што паранены быў дастрэлены падчас гэтай маніпуляцыі і жаўнер поўз, маючы ўжо на сабе трупа. Сонца пражыла, а вады ані кроплі. Каменьні войстрыя рэжуць цела й ірвуць вопратку. Людзі ўпадаюць у нэрвовы шок, зрываюцца не ў пару, іх выстрэльваюць, як зайцаў.

Урэшце жменька людзей спаўзла із «Здані». Амэрыканцы назвалі гэтую гару «Fantom ridge», Палякі — «Відмо». Заляглі на выходных пазыцыях, як цяжка параненыя зьвяры. Выглядалі жахліва: скрываўленыя, абдзёртыя, пакалечаныя, стомленыя й бяз кроплі вады.

І вось якія рапарты атрымоўвае дывізія, а пасьля корпус, ад камандзераў трох батальёнаў, якія сплылі із «Здані»: палкоўнік Домонь — 18-ы батальён мае 30 чалавек; палкоўнік Стачкоўскі — 15-ы батальён — 7; палкоўнік Каміньскі — 13 батальён — толькі 3.

А трэба прыгадаць, што ўсе тры батальёны пачалі атаку ў поўным складзе, г. зн. каля 800 жаўнераў кажны.

Палажэньне на першы пагляд трагічнае: тры батальёны выбітыя. Ня лепш і ў Карпацкай дывізіі. Аднак Андэрс, страляны на розных войнах і франтох (9 ранаў), разважаў спакойна. Стварыўся хаос, трэба кансалідавацца й падрыхтоўваць другую атаку.