Выбрать главу

Аднаго разу ў іх быў нават вечар, танцавалі. I Івану Ільічу было весела, і ўсё было добра, толькі ўзгарэлася вялікая сварка з жонкаю праз тарты і цукеркі: у Праскоўі Федараўны быў свой план, а Іван Ільіч настояў на тым, каб узяць усё ў дарагога кандытара, і ўзяў шмат тартоў, і сварка ўзгарэлася праз тое, што тарты асталіся, а кандытараў рахунак быў на сорак пяць рублёў. Сварка была вялікая і непрыемная, Праскоўя Федараўна нават кінула яму: «Дурань, кісляй». А ён схапіў сябе за галаву і злосна сказаў штосьці пра развод. Але сам вечар быў вясёлы. Была лепшая кампанія, і Іван Ільіч танцаваў з княгіняю Труфанавай, сястрою той, якая была вядома заснаваннем таварыства «Унеси ты мое горе». Радасці службовыя былі радасцямі самалюбства; радасці грамадскія былі радасцямі пыхлівасці; аднак сапраўднымі радасцямі Івана Ільіча былі радасці гульні ў вінт. Ён прызнаваўся, што пасля ўсяго, пасля ўсіх падзей, невясёлых у ягоным жыцці, радасць, якая, як свечка, гарэла перад усімі іншымі,— гэта сесці з добрымі ігракамі і некрыкунамі-партнёрамі ў вінт, і абавязкова ўчатырох (упяцёх надта ж балюча выходзіць, хоць і прыкідваешся, што я дужа люблю), і весці разумную, сур’ёзную гульню (калі карты ідуць), потым павячэраць і выпіць шклянку віна. А спаць пасля вінту, асабліва калі ў невялічкім выйгрышы (вялікі — непрыемна), Іван Ільіч клаўся ў асабліва добрым настроі.

Гэтак яны жылі. Таварыскае кола было ў іх самае лепшае, ездзілі і паважныя людзі і маладыя людзі.

У поглядах на кола сваіх знаёмых муж, жонка і дачка былі аднадушныя і, не згаворваючыся, аднолькава пазбаўляліся розных прыяцеляў і сваякоў, мурзаў, якія зляталіся да іх з пяшчотамі ў гасціную з японскімі блюдамі на сценах. Неўзабаве гэтыя сябры мурзы перасталі злятацца, і ў Галавіных асталася кампанія адна самая лепшая. Маладыя людзі заляцаліся да Лізанькі, і Пятрышчаў, сын Дзмітрыя Іванавіча Пятрышчава і адзіны спадчыннік ягонага багацця, судовы следчы, пачаў заляцацца да Лізы, таму Іван Ільіч ужо гаварыў аб гэтым з Праскоўяй Федараўнай: ці не звесці іх катацца на тройках, ці наладзіць спектакль. Гэтак яны жылі. I ўсё ішло гэтак, без перамен, і ўсё было вельмі добра.