Але ён нічога не сказаў, устаў, паклаў грошы на стол і, уздыхнуўшы, сказаў:
— Мы, хворыя, відаць, часта робім вам недарэчныя пытанні,— сказаў ён.— Наогул, гэта небяспечная хвароба ці не?..
Доктар строга зірнуў на яго адным вокам праз акуляры, нібыта сказаў: падсудны, калі вы не будзеце трымаць сябе ў межах пытанняў, якія я перад вамі стаўлю, я буду вымушаны зрабіць распараджэнне, каб вас выдалілі з залы пасяджэнняў.
— Я ўжо сказаў вам тое, што лічыў патрэбным і зручным,— сказаў доктар.— Далейшае пакажа даследаванне.— I доктар пакланіўся.
Іван Ільіч павольна выйшаў, маркотна сеў у сані і паехаў дадому. Усю дарогу ён не перастаючы перабіраў усё, што гаварыў доктар, намагаючыся ўсе гэтыя заблытаныя, незразумелыя навуковыя словы перакласці на простую мову і прачытаць у іх адказ на пытанне: кепска — ці дужа кепска мне, ці яшчэ нічога? I яму здавалася, што сэнс усяго сказанага доктарам быў той, што дужа кепска. Івану Ільічу здалося, што на вуліцах усё журботна. Рамізнікі былі журботныя, дамы журботныя, прахожыя, крамы журботныя. Боль жа гэты, глухі, ныючы боль, які ні на хвіліну не пераставаў, здавалася, у сувязі з незразумелымі прамовамі доктара набываў іншае, больш сур’ёзнае значэнне. Іван Ільіч з новым цяжкім пачуццём цяпер прыслухоўваўся да яго.
Ён прыехаў дадому і стаў расказваць жонцы. Жонка выслухала, але ў сярэдзіне ягонага расказа зайшла дачка ў капялюшыку: яна збіралася з маці ехаць. Яна нехаця прысела паслухаць гэтую нуду, але доўга не вытрымала, і маці не даслухала.
— Ну, я вельмі рада,— сказала жонка,— дык цяпер ты, глядзі ж, прымай акуратна лекі. Дай рэцэпт, я пашлю Гарасіма ў аптэку.— I яна пайшла апранацца.
Ён не пераводзіў духу, пакуль яна была ў пакоі, і цяжка ўздыхнуў, калі яна выйшла.
— Ну што ж,— сказаў ён.— Магчыма, і на самай справе нічога яшчэ...
Ён стаў прымаць лекі, выконваць прадпісанні доктара, якія змяніліся з выпадку даследавання мачы. Але тут якраз так здарылася, што ў гэтым даследаванні і ў тым, што павінна было адбыцца потым, атрымалася нейкая блытаніна. Да самога доктара нельга было дабрацца, а выходзіла, што рабілася не тое, што казаў яму доктар. Ці ён забыўся, ці схлусіў, ці ўтойваў ад яго штосьці.
Аднак Іван Ільіч усё ж дакладна стаў выконваць прадпісанні і ў гэтым знайшоў суцяшэнне на першы час.
Галоўным заняткам Івана Ільіча з часу наведвання доктара стала дакладнае выкананне прадпісанняў доктара адносна гігіены і прыёму лекаў і прыслухоўванне да свайго болю, да работы свайго арганізма. Галоўную ўвагу Івана Ільіча сталі цяпер займаць людскія хваробы і людское здароўе. Калі пры ім гаварылі пра хворых, пра нябожчыкаў, пра тых, хто ачуньваў, асабліва пра такую хваробу, якая нагадвала ягоную, ён стараўся схаваць сваё хваляванне, прыслухоўваўся, распытваў і ўсё параўноўваў са сваёй хваробай.
Боль не аціхаў; але Іван Ільіч рабіў над сабою намаганне, каб прымусіць сябе думаць, што яму ўжо лепей. I яму ўдавалася ашукваць сябе, пакуль яго нічога не хвалявала. Але як толькі здаралася непрыемнасць з жонкаю, няўдача на службе, кепскія карты ў вінце, дык ён адразу ж пачынаў адчуваць усю сілу свае хваробы; бывала, ён цярпеў гэтыя няўдачы і чакаў, што вось-вось мінецца благое, адужаецца, прыйдзе поспех, вялікі шлем. Цяпер жа любая няўдача падкошвала яго і ўганяла ў адчай. Ён казаў сабе: вось толькі што я стаў ачуньваць і лекі пачалі ўжо дзейнічаць, і вось гэта праклятае няшчасце ці непрыемнасць... I ён злаваў на няшчасце ці на людзей, якія рабілі яму непрыемнасці і забівалі яго, і адчуваў, як гэтая злосць забівае яго; аднак не мог стрымаць яе. Здавалася б, яму павінна было быць зразумела, што гэтая злосць яго на абставіны і людзей ускладняе ягоную хваробу і што таму трэба яму не звяртаць увагі на непрыемныя выпадковасці; але ён разважаў зусім па-іншаму: ён казаў, што яму патрэбен спакой, сачыў за ўсім, што парушала гэты спакой, і пры самым нязначным парушэнні страшэнна злаваў. Пагаршала ягонае становішча тое, што ён чытаў медыцынскія кнігі і раіўся з дактарамі. Пагоршанне ішло гэтак непрыкметна, што ён мог сябе ашукваць, параўноўваючы адзін дзень з адным,— розніцы было мала. Аднак калі ён раіўся з дактарамі, тады яму здавалася, што ідзе да горшага і нават вельмі хутка. I нягледзячы на гэта, ён увесь час раіўся з дактарамі.
У гэтым месяцы ён наведаў яшчэ адну славутасць: славутасць сказала амаль тое ж самае, што і першая, праўда, іначай паставіла пытанні. Гутарка з гэтай славутасцю толькі павялічыла сумненні і страх Івана Ільіча. Прыяцель ягонага прыяцеля — доктар вельмі добры — той дык зусім па-іншаму вызначыў хваробу і, нягледзячы на тое, што абяцаў попраўку, сваімі пытаннямі і меркаваннямі яшчэ больш зблытаў Івана Ільіча і павялічыў ягоныя сумненні. Гамеапат — зноў-такі па-своему вызначыў хваробу і даў лекі, і Іван Ільіч, патаемна ад усіх, прымаў іх з тыдзень. Але потым, не адчуўшы палёгкі і страціўшы давер і да ранейшага лячэння і да гэтага, затужыў яшчэ болей. Неяк знаёмая кабета расказвала, як чалавека выратавалі абразы. Іван Ільіч злавіў сябе на тым, што ён уважліва прыслухоўваўся і правяраў сапраўднасць факта. Гэты выпадак напалохаў яго. «Няўжо я гэтак здурнеў? — сказаў ён сабе.— Глупства! Усё лухта, не трэба паддавацца падазронасці, трэба выбраць аднаго лекара і строга трымацца ягонага лячэння. Гэтак і буду рабіць. Цяпер ужо ўсё. Не буду думаць і да лета строга буду праводзіць лячэнне. А там будзе відаць. Цяпер канец гэтым хістанням!..» Лёгка было сказаць гэта, ды немагчыма выканаць. Боль у баку па-ранейшаму мучыў і як быццам рабіўся яшчэ больш пакутлівы, смак у роце рабіўся нейкі зусім дзіўны, яму здавалася, што тхнула чымсьці агідным з ягонага рота, апетыту і сілы ўсё больш бракавала. Нельга было сябе ашукваць: штосьці страшнае, новае і гэткае значнае — больш значнага ніколі ў жыцці не было з Іванам Ільічом — адбывалася ў ім. I ён адзін ведаў пра гэта, усе ж астатнія не разумелі або не хацелі разумець і думалі, што ўсё на свеце ідзе па-ранейшаму. Гэта якраз болей за ўсё мучыла Івана Ільіча. Хатнія — галоўнае жонка і дачка, якія былі ў самым разгары выездаў,— ён бачыў, нічога не разумелі, крыўдавалі на тое, што ён такі невясёлы і патрабавальны, як быццам бы ён быў вінаваты ў гэтым. Хоць яны і стараліся хаваць гэта, ён бачыў, што ён для іх перашкода, але што жонка выпрацавала ў сабе пэўныя адносіны да яго хваробы і трымалася незалежна ад таго, што ён гаварыў і рабіў. Адносіны гэтыя былі такія: