— Вы ведаеце,— казала яна знаёмым,— Іван Ільіч не можа, як усе добрыя людзі, строга выконваць прадпісанае лячэнне. Сёння ён прыме кроплі і есць, што загадана, і ў час ляжа; заўтра раптам, калі я недагледжу, забудзе прыняць, і з’есць асятрыны (а яму забаронена), ды і заседзіцца за вінтом да гадзіны.
— Ну, калі ж? — скажа Іван Ільіч з прыкрасцю.— Адзін раз у Пятра Іванавіча.
— А ўчора з Шэбекам.
— Усё роўна я не мог спаць ад болю...
— Ды там ужо што б ні было, толькі так ты ніколі не ачуняеш і мучыш нас.
Знешнія адносіны Праскоўі Федараўны да хваробы мужа, якія яна выказвала іншым і яму самому, былі такія, што ў хваробе гэтай вінаваты Іван Ільіч і ўся хвароба гэта ёсць новая непрыемнасць, якую ён робіць жонцы. Іван Ільіч адчуваў, што гэта атрымлівалася ў яе міжвольна, але ад гэтага яму лягчэй не было.
У судзе Іван Ільіч заўважаў або думаў, што заўважае, тыя ж дзіўныя да сябе адносіны: то яму здавалася, што да яго прыглядаюцца, як да чалавека, які збіраецца неўзабаве вызваліць месца; то раптам ягоныя прыяцелі пачыналі па-сяброўску жартаваць з ягонае недаверлівасці, нібы тое, штосьці жудаснае і страшнае, нечуванае, што завялося ў ім і не перастаючы смокча яго і нястрымна цягне кудысьці, ёсць самы прыемны аб’ект жарту. Асабліва Шварц сваёю дураслівасцю, жыццёвасцю і камільфотнасцю, якія нагадвалі Івану Ільічу яго самога за дзесяць гадоў назад, злаваў яго.
Прыходзілі сябры згуляць партыю, рассаджваліся. Здавалі новыя карты, складваліся звонкі да звонкаў, іх сем. Партнёр сказаў: без казыроў,— і падтрымаў дзве звонкі. Што ж яшчэ? Весела, бадзёра павінна б быць — шлем. I раптам Іван Ільіч адчувае гэты непрыемны боль, гэты смак у роце, і яму здаецца штось дзікае ў тым, што ён пры гэтым можа радавацца шлему.
Ён пазірае на Міхаіла Міхайлавіча, партнёра, як ён б’е па стале сангвініцкаю рукою і пачціва і паблажліва ўтрымліваецца ад захопу бітак, а падсоўвае іх Івану Ільічу, каб зрабіць яму прыемнасць збіраць іх, не турбуючы сябе, не працягваючы далёка рукі. «Няўжо ён думае, што я такі кволы, што не магу працягнуць далёка рукі»,— думае Іван Ільіч, забываецца на казыры і казырае лішні раз па сваіх і прайграе шлем без трох; і што самае жахлівае — гэта тое, што ён бачыць, як пакутуе Міхаіл Міхайлавіч, а яму ўсё роўна. I страшна думаць, чаму яму ўсё роўна.
Усе бачаць, што яму цяжка, і кажуць яму: «Мы можам скончыць, калі вы стаміліся. Вы адпачніце». Адпачыць? Не, ён зусім не стаміўся, яны дагульваюць робер. Усе змрочныя і маўклівыя. Іван Ільіч адчувае, што ён напусціў на іх гэтую змрочнасць і не можа яе развеяць. Яны вячэраюць і раз'язджаюцца, і Іван Ільіч астаецца адзін з усведамленнем таго, што ягонае жыццё атручана для яго і атручвае жыццё іншых і што атрута гэтая не слабне, а ўсё больш і больш працінае ўсю ягоную істоту.