Пётр пайшоў. Іван Ільіч, астаўшыся адзін, застагнаў не столькі ад болю, які жахлівы ён ні быў, колькі ад нуды. «Усё тое ж і тое ж, усе гэтыя бясконцыя дні і ночы. Хоць бы хутчэй. Што хутчэй? Смерць, морак. Не, не. Усё лепш за смерць!»
Калі Пётр зайшоў з чаем на падносе, Іван Ільіч доўга разгублена пазіраў на яго і не разумеў, хто ён і што ён. Пётр адчуў сябе ніякавата ад гэтага позірку. I калі Пётр сумеўся, Іван Ільіч ачуўся.
— Так,— сказаў ён,— чай... добра, пастаў. Толькі памажы мне памыцца і кашулю чыстую.
I Іван Ільіч пачаў умывацца. Ён з перапынкамі на адпачынак памыў рукі, твар, пачысціў зубы, стаў прычэсвацца і паглядзеў у люстэрка. Яму страшна зрабілася; асабліва страшна было тое, як валасы пляската прыціскаліся да бледнага лба.
Калі мянялі яму кашулю, ён ведаў, што яму будзе яшчэ больш страшна, калі ён зірне на сваё цела, і таму не глядзеў на сябе. Але вось усё скончылася. Ён надзеў халат, укрыўся пледам і сеў на крэсла піць чай. Нейкую хвілю ён адчуваў сябе памаладзелым, але толькі ён стаў піць чай, зноў той жа смак, той жа боль. Ён праз сілу дапіў і лёг, выпрастаўшы ногі. Ён лёг і адпусціў Пятра.
Усё тое ж. То кропля надзеі выблісне, то завіруе мора адчаю, і ўсё боль, усё боль, усё нуда і ўсё адно і тое ж. Аднаму страшэнна нудна, хочацца паклікаць каго-небудзь, аднак ён наперад ведае, што з іншымі яшчэ горш. «Хоць бы зноў марфін — і на ўсё забыцца. Я скажу яму, доктару, каб ён прыдумаў што-небудзь яшчэ. Гэта немагчыма, немагчыма гэтак».
Гадзіна, дзве мінае так. Але вось званок у пярэднім пакоі. Мабыць, доктар. Сапраўды, гэта доктар, свежы, бадзёры, гладкі, вясёлы, з тым выразам — што вось вы там нечага спалохаліся, а мы зараз усё наладзім. Доктар ведае, што гэты выраз тут не да месца, але ён ужо раз і назаўсёды надзеў яго і не можа зняць, як чалавек, які з раніцы надзеў фрак і паехаў з візітамі.
Доктар бадзёра, з надзеяю пацірае рукі.
— Я адубеў. Мароз вялікі. Дайце сагрэцца,— кажа ён з такім выглядам, як быццам трэба толькі крышку пачакаць, пакуль ён сагрэецца, а калі сагрэецца, дык ужо ўсё паправіць.
— Ну што, як?
Іван Ільіч адчувае, што доктару хочацца сказаць: «Як справы?», але што і ён адчувае, што гэтак нельга казаць, і кажа: «Як вы правялі ноч?»
Іван Ільіч пазірае на доктара цікаўнымі вачмі: «Няўжо ніколі не будзе табе сорамна хлусіць?» Але доктар не хоча разумець гэтага нямога пытання.
I Іван Ільіч кажа:
— Усё гэтак жа блага. Боль не аціхае, не здаецца. Хоць бы што-небудзь!
— Так, вы, хворыя, заўсёды гэтак. Ну, цяпер, здаецца, я сагрэўся, нават самая акуратная Праскоўя Федараўна нічога не змагла б запярэчыць супраць мае тэмпературы. Ну, добры дзень.— I доктар паціскае руку.
I, адкінуўшы ўсю ранейшую жартаўлівасць, доктар пачынае з сур’ёзным выглядам даследаваць хворага, пульс, тэмпературу, і пачынаюцца пастукванні, выслухоўванні.
Іван Ільіч ведае цвёрда і несумненна, што ўсё гэта глупства і пустое ашуканства, але калі доктар стаў на калені і пачаў прыціскаць вуха то вышэй, то ніжэй і рабіць над ім з самым важным выглядам розныя гімнастычныя эвалюцыі, Іван Ільіч паддаецца на гэта, як ён паддаваўся, бывала, на прамовы адвакатаў, у той час як ён ужо добра ведаў, што яны ўсё хлусяць і чаму хлусяць.
Доктар, стоячы на каленях на канапе, яшчэ штосьці выстукваў, калі зашамацела ў дзвярах шаўковая сукенка Праскоўі Федараўны і пачуўся яе папрок Пятру, што ёй не далажылі аб прыездзе доктара. Яна заходзіць, цалуе мужа і адразу ж пачынае даводзіць, што яна даўно ўжо ўстала і толькі па непаразуменні яе не было тут, калі прыехаў доктар.
Іван Ільіч пазірае на яе, разглядае яе ўсю і ў папрок ставіць ёй і белізну, і пухласць, і чысціню яе рук, шыі, глянец яе валасоў і бляск яе поўных жыцця вачэй. Ён усёй душой ненавідзіць яе. I дотык яе прымушае яго пакутаваць ад прыліву нянавісці да яе.
Яе адносіны да яго і ягонае хваробы ўсё тыя ж. Як доктар да хворых выпрацаваў свае адносіны, якіх ён ужо не мог пазбавіцца, гэтак і яна выпрацавала да яго свае адносіны — тое, што ён не робіць нечага таго, што трэба, і сам вінаваты, і яна душэўна дакарае яго ў гэтым,— ужо і не магла пазбавіцца гэтых адносін да яго.
— Ды вось жа ён не слухаецца! Не п’е лекаў у час. А галоўнае — прымае такую паставу, якая, мусіць, шкодзіць яму — ногі дагары.
Яна расказала, як ён прымушае Гарасіма трымаць сабе ногі.
Доктар усміхнуўся пагардліва-ласкава: «Нічога, маўляў, не зробіш, гэтыя хворыя выдумляюць часамі такое глупства; але можна дараваць».