— Аднак, калі ехаць, дык пара,— сказала яна, зірнуўшы на свой гадзіннік, бацькаў падарунак, і ледзь прыкметна, аб нечым значным, ім адным вядомым, усміхнулася маладому чалавеку і ўстала, зашамацеўшы сукенкаю.
Усе ўсталі, развіталіся і паехалі.
Калі яны выйшлі, Івану Ільічу здалося, што яму лягчэй: хлусні не было,— яна пайшла з імі, аднак боль астаўся. Усё той жа боль, усё той жа страх рабілі тое, што нішто не цяжэй, нішто не лягчэй. Усё горш.
Зноў пабегла хвіліна за хвілінаю, гадзіна за гадзінаю, усё тое ж, і ўсё няма канца, і ўсё больш страшны непазбежны канец.
— Так, пашліце Гарасіма,— адказаў ён на запытанне Пятра.
IX
Позна ўночы вярнулася жонка. Яна зайшла на дыбачках, але ён пачуў яе: расплюшчыў вочы і тут жа заплюшчыў зноў. Яна хацела адправіць Гарасіма і сама сядзець з ім. Ён расплюшчыў вочы і сказаў:
— Не. Ідзі.
— Ты вельмі пакутуеш?
— Усё адно.
— Прымі опіум.
Ён згадзіўся і выпіў. Яна пайшла.
Гадзін да трох ён знаходзіўся ў пакутлівым забыцці. Яму здавалася, што яго з болем засоўваюць кудысьці ў вузкі чорны мех і глыбокі, і ўсё далей прасоўваюць, і не могуць прасунуць. I гэта жахлівая для яго справа робіцца з пакутаю. I ён і баіцца, і хоча праваліцца туды, і супраціўляецца, і дапамагае. I вось раптам ён сарваўся і ўпаў, і ачуўся. Усё той жа Гарасім сядзіць у нагах на пасцелі, дрэмле спакойна, цярпліва. А ён ляжыць, паклаўшы яму на плечы худыя ногі ў панчохах; свечка тая ж з абажурам, і той жа несціханы боль.
— Ідзі, Гарасім,— прашаптаў ён.
— Нічога, пасяджу.
— Не, ідзі.
Ён зняў ногі, лёг бокам на руку, і яму стала шкада сябе. Ён пачакаў толькі таго, каб Гарасім выйшаў у суседні пакой, і не стаў болей стрымлівацца і заплакаў, як дзіця. Ён плакаў праз сваю бездапаможнасць, праз сваю жахлівую адзіноту, праз людскую жорсткасць, праз жорсткасць бога, праз адсутнасць бога.
«Навошта ты ўсё гэта зрабіў? Навошта прывёў мяне сюды? За што, за што гэтак мучыш мяне?..»
Ён і не чакаў адказу і плакаў аб тым, што няма і не можа быць адказу. Боль зноў узмацніўся, але ён не варушыўся, не клікаў. Ён казаў сабе: «Ну яшчэ, ну бі! Але за што? Што я табе зрабіў, за што?»
Потым ён аціх, перастаў не толькі плакаць, перастаў дыхаць і ўвесь насцярожыўся: як быццам ён прыслухоўваўся не да голасу, які гаварыў гукамі, а да голасу душы, да ходу думак, які ўзнімаўся ў ім.
— Чаго табе трэба? — было першае яснае паняцце, якое магло быць выказана словамі і якое ён пачуў.— Чаго табе трэба? Чаго табе трэба? — паўтарыў ён сабе.— Чаго? — Не пакутаваць. Жыць,— адказаў ён.
I зноў ён увесь аддаўся ўвазе гэткай напружанай, што нават боль не займаў яго.
— Жыць? Як жыць? — спытаў голас душы.
— Так, жыць, як я жыў раней: хораша, прыемна.
— Як ты жыў раней, хораша і прыемна? — спытаў голас. I ён стаў перабіраць у памяці лепшыя хвіліны свайго прыемнага жыцця. Але — дзіўная справа — усе гэтыя лепшыя хвіліны прыемнага жыцця здаваліся цяпер зусім не тым, чым здаваліся яны тады. Усе — апроч першых успамінаў маленства. Там, у маленстве, было штось сапраўды прыемнае, з чым можна было б жыць, каб яно вярнулася. Аднак таго чалавека, які адчуваў гэтае прыемнае, ужо не было: гэта быў як бы ўспамін пра некага іншага.
Як толькі пачыналася тое, вынікам чаго быў цяперашні ён, Іван Ільіч, дык усе былыя радасці цяпер на ягоных вачах знікалі і ператвараліся ў штосьці нікчэмнае і часта агіднае.
I чым далей ад маленства, чым бліжэй да сучаснага, тым больш нікчэмныя і сумніцельныя былі радасці. Пачыналася гэта з Правазнаўства. Там было яшчэ тое-сёе сапраўды добрае: там была весялосць, там была дружба, там былі надзеі. Але ў вышэйшых класах ужо радзей выпадалі гэтыя добрыя хвіліны. Потым, у часе першае службы ў губернатара, зноў паявіліся добрыя хвіліны: гэта былі ўспаміны аб каханні да жанчыны. Потым усё гэта змяшалася, і яшчэ меней стала добрага. Далей яшчэ меней добрага, і што далей, то меней.
Жаніцьба... гэтак нечакана і расчараванне, і пах з жончынага рота, і пажадлівасць, прытворства! I гэтая мёртвая служба, і гэтыя клопаты пра грошы, і так год, і два, і дзесяць, і дваццаць — і ўсё тое ж. I што далей, то ўсё больш мёртвае. З дакладнаю раўнамернасцю я ішоў з гары, а ўяўляў, што іду на гару. Гэтак і было. У грамадскай думцы я ішоў на гару, і роўна нагэтулькі з-пад мяне сплывала жыццё... I вось гатова, памірай!