Калі яго палажылі пасля прычасця, яму зрабілася на хвіліну лёгка, і зноў паявілася надзея на жыццё. Ён стаў думаць пра аперацыю, якую прапанавалі яму. «Жыць, жыць хачу»,— казаў ён сабе. Жонка прыйшла павіншаваць; яна сказала звычайныя словы і дадала:
— Табе лепей, хіба не так?
Не пазіраючы на яе, ён адказаў: так.
Яе адзежа, яе стан, выраз яе твару, гук яе голасу — усё казала яму адно: «Не тое. Усё тое, чым ты жыў і жывеш,— ёсць хлусня, падман, які хавае ад цябе жыццё і смерць». I як толькі ён падумаў гэтак, узнялася ягоная нянавісць і разам з нянавісцю страшэнныя фізічныя пакуты і з пакутамі ўсведамленне непазбежнае, блізкае пагібелі. Штосьці зрабілася новае, пачало вінціць, і страляць, і сціскаць дыханне.
Выраз твару ягонага, калі ён сказаў «так», быў жахлівы. Як толькі сказаў гэтае «так», ён, пазіраючы ёй проста ў твар, незвычайна для свае кволасці хутка павярнуўся ніцма і закрычаў:
— Ідзіце, ідзіце, пакіньце мяне!
XII
З гэтае хвіліны пачаўся той крык, які не сціхаў тры дні і які быў такі жахлівы, што нельга было за дзвюма дзвярыма без жаху чуць яго. У тую хвіліну, як ён адказаў жонцы, ён зразумеў, што ён загінуў, што звароту няма, што настаў канец, зусім канец, а сумненне гэтак і не вырашана, гэтак і застанецца сумненнем.
— У! Уу! У! — крычаў ён на розныя інтанацыі. Ён пачаў крычаць: «Не хачу!» — і гэтак працягваў крычаць на літару «у».
Усе тры дні, на працягу якіх для яго не існавала часу, ён валтузіўся ў тым чорным мяху, у які засоўвала яго нябачная, непераадольная сіла. Ён кідаўся, як кідаецца ў руках ката асуджаны на смерць, які ведае, што паратунку ўжо няма; і з кожнаю хвіляю ён адчуваў, што, нягледзячы на ўсе намаганні барацьбы, ён бліжэй і бліжэй сунецца да таго, што страшэнна жахала яго. Ён адчуваў, што пакута ягоная і ў тым, што ён лезе ў гэтую чорную дзірку, і яшчэ больш у тым, што ён не можа пралезці ў яе. Пралезці ж яму перашкаджае прызнанне таго, што жыццё ягонае было добрае. Менавіта гэтае апраўданне свайго жыцця трымала і не пускала яго наперад і больш за ўсё мучыла яго.
Раптам нейкая сіла штурхнула яго ў грудзі, у бок, яшчэ мацней перахапіла ягонае дыханне, ён праваліўся ў дзірку, і там, у канцы дзіркі, нешта засвяцілася. З ім зрабілася тое, што здаралася з ім у чыгуначным вагоне, калі думаеш, што едзеш наперад, а едзеш назад, і раптам даведваешся пра сапраўдны напрамак.
«Так, усё было не тое,— сказаў ён сабе,— але гэта нічога. Можна, можна зрабіць «тое». Што «тое»?» — спытаў ён у сябе і раптам аціх.
Гэта было ў канцы трэцяга дня, за гадзіну да ягонае смерці. У гэты самы час гімназістык ціхенька пракраўся да бацькі і падышоў да ягонае пасцелі. Іван Ільіч усё крычаў і кідаў рукамі. Рука ягоная трапіла на галаву гімназістыка. Гімназістык схапіў яе, прытуліў да губ і заплакаў.
У гэты самы час Іван Ільіч праваліўся, убачыў святло, і яму адкрылася, што жыццё ягонае было не тое, што трэба, але што гэта можна яшчэ паправіць. Ён спытаў у сябе: а якое ж тады «тое», і аціх, прыслухоўваючыся. Тут ён адчуў, што руку ягоную цалуе нехта. Ён расплюшчыў вочы і зірнуў на сына. Яму зрабілася шкада яго. Жонка падышла да яго. Ён зірнуў на яе. Яна з адкрытым ротам і слязінкамі на носе і шчацэ, у роспачы пазірала на яго. Яму шкада стала яе.
«Так, я мучаю іх,— падумаў ён.— Ім шкада, але ім лепей будзе, калі я памру». Ён хацеў сказаць гэта, але не меў сілы вымавіць. «Зрэшты, навошта гаварыць, трэба зрабіць»,— падумаў ён. Ён паказаў жонцы вачмі на сына і сказаў:
— Выведзі... шкада... і цябе...— Ён хацеў сказаць яшчэ «прабач», але сказаў «прапусці», і, не маючы ўжо сілы паправіцца, махнуў рукою, ведаў, што зразумее той, каму трэба.
I раптам ён зразумеў, што тое, што мучыла яго і не выходзіла, што раптам усё выходзіць адразу, і з двух бакоў, з дзесяці бакоў, з усіх бакоў. Шкада іх, трэба зрабіць, каб ім не было балюча.
Пазбавіць іх і самому пазбавіцца ад гэтых пакут. «Як хораша і як проста,— падумаў ён,— А боль? — спытаў ён у сябе.— Яго куды? Ну, дзе ты, боль?»
Ён стаў прыслухоўвацца.
«Так, вось ён. Ну што ж, няхай боль».
«А смерць? Дзе яна?»
Ён шукаў свайго ранейшага прывычнага страху смерці і не знаходзіў яго. Дзе яна? Якая смерць? Страху ніякага не было, таму што і смерці не было.
Замест смерці было святло.
— Дык вось што! — раптам уголас вымавіў ён.— Якая радасць!
Для яго ўсё гэта адбылося ў адно імгненне, і значэнне гэтага імгнення ўжо не мянялася. Для прысутных жа агонія яго працягвалася яшчэ гадзіны дзве. У ягоных грудзях клекатала штосьці; знясіленае цела ягонае ўздрыгвала. Потым радзей і радзей стала клекатанне і храпенне.