Выбрать главу

— Канец! — сказаў хтосьці над ім.

Ён пачуў гэтыя словы і паўтарыў іх у сваёй душы. «Скончылася смерць,— сказаў ён сабе.— Яе няма болей».

Ён уцягнуў у сябе паветра, спыніўся на палове ўздыху, выпрастаўся і памёр.

КРЭЙЦАРАВА САНАТА

«А я кажу вам, што кожны, хто пазірае на жанчыну з пажадлівасцю, ужо пралюбадзейнічаў з ёю ў сэрцы сваім».

(Матфея V, 28).

«Кажуць яму вучні ягоныя: калі такі абавязак чалавека да жонкі, дык лепей не жаніцца.

Ён жа сказаў ім: не ўсе ўмяшчаюць слова гэтае: але каму дадзена.

Бо ёсць скапцы, якія з матчынага лона нарадзіліся гэтак, і ёсць скапцы, якія зрабілі сябе самі скапцамі для царства нябеснага. Хто можа ўмясціць, няхай умесціць».

(Матфея XIX, 10, 11, 12).

I

Гэта было напрадвесні. Мы ехалі другія суткі. У вагон заходзілі і выходзілі падарожнікі на кароткія адлегласці, але трое ехалі, гэтак жа як і я, ад самага месца адыходу цягніка: непрыгожая і немаладая кабета, курэц, са змардаваным тварам, у напаўмужчынскім паліто і шапачцы; яе знаёмы, гаваркі чалавек гадоў пад сорак, з акуратнымі новымі рэчамі; і яшчэ невялікага росту пан з парывістымі рухамі, яшчэ не стары, але з рана пасівелымі кучаравымі валасамі і з незвычайна бліскучымі вачмі, якія шпарка перабягалі з рэчы на рэч; гэты трымаўся асобна. Ён быў апрануты ў старое ад дарагога краўца паліто з баранковым каўняром і высокую баранковую шапку. Пад паліто, калі ён расшпільваўся, відаць была паддзёўка і руская вышываная кашуля. Асаблівасць гэтага пана была яшчэ ў тым, што ён зрэдку абзываўся дзіўнымі гукамі, якія былі падобны да адкашлівання ці да пачатага і абарванага смеху.

Пан гэты за ўвесь час падарожжа старанна пазбягаў размоў і знаёмства з пасажырамі. На звароты да яго суседзей ён адказваў коратка і рэзка і ці чытаў, ці, пазіраючы ў акно, курыў, ці, выцягнуўшы са свайго старога меха харчы, піў чай, або закусваў.

Мне здавалася, што ён адчуваў цяжар свайго адзіноцтва, і я колькі разоў хацеў загаварыць з ім, але кожны раз, як толькі вочы нашы сустракаліся, што здаралася часта, бо мы сядзелі наўскасы адзін насупраць аднаго, ён адварочваўся і браўся за кнігу ці глядзеў у акно.

У часе прыпынку, адвячоркам на другі дзень, на вялікай станцыі нервовы пан гэты схадзіў па гарачую ваду і згатаваў сабе чай. Пан жа з акуратнымі новымі рэчамі, адвакат, як я пазней даведаўся, са сваёю суседкаю, кабетаю ў напаўмужчынскім паліто, пайшоў піць чай на станцыю.

За час адсутнасці пана з кабетаю ў вагон зайшло некалькі новых асоб і ў тым ліку высокі голены маршчыністы стары, відаць, купец, у ількавай футры і суконнай шапцы з вялізным брылём. Купец сеў насупраць месца кабеты з адвакатам і адразу ж распачаў гаворку з маладым чалавекам, па выглядзе купецкім прыказчыкам, які зайшоў у вагон таксама на гэтай станцыі.

Я сядзеў наўскасы і, паколькі цягнік стаяў, мог у тыя хвіліны, калі ніхто не праходзіў, чуць урыўкамі іх размову. Купец аб'явіў спачатку аб тым, што ён едзе ў свой маёнтак, які знаходзіцца непадалёку ад наступнай станцыі; потым, як заўсёды, завялі гаворку спачатку пра цэны, пра гандаль, гаварылі, як заўсёды, пра тое, як Масква цяпер гандлюе, потым загаварылі пра Ніжагародскі кірмаш. Прыказчык стаў расказваць пра папойкі нейкага вядомага абодвум багацея-купца на кірмашы, аднак стары не даў яму дагаварыць і стаў сам расказваць пра былыя папойкі ў Кунавіне, у якіх ён сам удзельнічаў. Ён, відаць, ганарыўся сваім удзелам у іх і з непрыхаванаю радасцю расказваў, як яны разам з гэтым самым знаёмым выкінулі аднойчы п'яныя ў Кунавіне такую штуку, што пра яе трэба было расказаць шэптам і што прыказчык зарагатаў на ўвесь вагон, а стары таксама засмяяўся, ашчэрыўшы два жоўтыя зубы.

Не спадзеючыся пачуць нічога цікавага, я ўстаў, каб пахадзіць па платформе да адыходу цягніка. У дзвярах мне сустрэліся адвакат з кабетаю, якія на хаду пра нешта весела гаварылі.

— Не паспееце,— сказаў мне гаваркі адвакат,— зараз другі званок.

I сапраўды, не паспеў я дайсці да канца вагонаў, як пачуўся званок. Калі я вярнуўся, паміж кабетаю і адвакатам усё яшчэ ішла ажыўленая гутарка. Стары купец моўчкі сядзеў насупраць іх, строга пазіраючы перад сабою і зрэдку няўхвальна жаваў зубамі.

— Потым яна адкрыта аб’явіла свайму мужу,— усміхаючыся, гаварыў адвакат у той час, як я праходзіў паўз яго,— што яна не можа ды і не хоча жыць з ім, таму што...

I ён стаў расказваць далей пра нешта, чаго я ўжо не змог разабраць. Услед за мной прайшлі яшчэ пасажыры, прайшоў кандуктар, забег арцельшчык, і даволі доўга стаяў гоман, праз які не чуваць было гаворкі. Калі ўсё аціхла, і я зноў пачуў адваката, размова, відаць, ад прыватнага выпадку перайшла ўжо на агульныя меркаванні.