Выбрать главу

Адвакат гаварыў пра тое, як пытанне аб разводзе займала цяпер грамадскую думку ў Еўропе і як у нас усё часцей і часцей здараліся гэткія ж выпадкі. Як толькі адвакат заўважыў, што чуваць адзін ягоны голас, ён спыніў сваю прамову і звярнуўся да старога.

— Даўней гэтага не было, хіба не так? — сказаў ён, прыемна ўсміхаючыся.

Стары хацеў быў штосьці адказаць, але ў гэты час цягнік крануўся, і стары, скінуўшы шапку, пачаў хрысціцца і чытаць шэптам малітву. Адвакат адвёў убок вочы і стаў пачціва чакаць. Скончыўшы сваю малітву і тройчы перахрысціўшыся, стары роўна і глыбока надзеў сваю шапку, паправіўся на месцы і пачаў гаварыць.

— Было, васпан, і раней, толькі меней,— сказаў ён.— Па цяперашнім часе нельга гэтаму не быць. Дужа адукаваныя парабіліся.

Цягнік, набіраючы ўсё большую хуткасць, грукатаў на стыках, і мне цяжка было ўчуць, а цікава было, і я перасеў бліжэй. Сусед мой, нервовы пан з бліскучымі вачмі, мусіць, таксама зацікавіўся і, не ўстаючы з месца, прыслухоўваўся.

— Чым жа кепска мець адукацыю? — ледзь прыкметна ўсміхаючыся, сказала кабета.— Няўжо лепей гэтак жаніцца, як даўней, калі жаніх і нявеста і не бачылі нават адно аднаго? — гаварыла яна далей, па звычцы многіх кабет адказваючы не на словы свайго субяседніка, а на тыя словы, якія яна думала, што ён скажа.— Не ведалі, ці кахаюць, а ішлі за каго выпадзе і ўсё жыццё пакутавалі; дык па-вашаму гэтак лепей? — казала яна, мусіць, звяртаючы сваю прамову да мяне і да адваката, але менш за ўсё да старога, з якім размаўляла.

— Дужа адукаваныя парабіліся,— паўтарыў купец, пагардліва пазіраючы на кабету і пакідаючы яе пытанне без адказу.

— Хацелася б ведаць, як вы тлумачыце сувязь паміж адукацыяй і нязгодаю ў шлюбным жыцці,— ледзь прыкметна ўсміхаючыся, сказаў адвакат.

Купец штось хацеў быў сказаць, аднак кабета перапыніла яго.

— Не, гэты час прайшоў ужо,— сказала яна. Але адвакат спыніў яе:

— Не, дазвольце ім выказаць сваю думку.

— Дурнота ад адукацыі,— рашуча сказаў стары.

— Жэняць такіх, якія не кахаюць адно аднаго, а потым здзіўляюцца, што жывуць у нязгодзе,— спяшалася гаварыць кабета, паглядаючы на адваката і на мяне і нават на прыказчыка, які ўстаў са свайго месца і, адкінуўшыся на спінку, усміхаючыся, прыслухоўваўся да размовы.— Гэта ж толькі жывёлін можна спарваць, як гаспадар захоча, а людзі маюць свае схільнасці, сімпатыі,— гаварыла яна, мусіць, жадаючы ўкалоць купца.

— Дарэмна так гаворыце, васпані,— сказаў стары,— жывёла зусім іншае, а чалавек жыве па законе.

— Як жа тады жыць з чалавекам, калі кахання няма? — усё спяшалася кабета выказаць свае меркаванні, якія, відаць, здаваліся ёй вельмі новымі.

— Раней пра гэта не думалі,— унушальным тонам сказаў стары,— цяпер толькі завялося гэта. Як толькі што, яна адразу і кажа: «Я ад цябе пайду». У мужыкоў нават гэткая мода завялася. «На, кажа, вось твае кашулі і порткі, а я пайду з Ванькам, ён больш кучаравы за цябе». Вось тут і кажы. А ў жанчыны перш за ўсё страх павінен быць.

Прыказчык паглядзеў і на адваката, і на кабету, і на мяне, стрымліваючы ўсмешку, ён, відаць, гатовы быў і абсмяяць і ўхваліць прамову купца, мяркуючы па тым, як яна будзе ўспрынята.

— Які ж гэта страх? — сказала кабета.

— А такі: ды баіцца свайго му-у-ужа! Вось які страх.

— Ну, гэты час, бацюхна, прайшоў,— з незахаванаю зласлівасцю сказала кабета.

— Не, васпані, гэты час прайсці не можа. Як была яна, Ева, жанчына, з мужнінай рабрыны створана, дык і астанецца да сканчэння веку,— сказаў стары, гэтак строга і пераможна трасянуўшы галавою, што прыказчык адразу ж вырашыў, што перамога на баку купца, і гучна засмяяўся.

— Гэта вы, мужчыны, так разважаеце,— казала кабета, не здаючыся і пазіраючы на нас,— самі сабе далі свабоду, а жанчыну хочаце ў цераме трымаць. Самі нябось сабе ўсё дазваляеце.

— Дазволу ніхто не дае, а толькі што ад мужчыны ў доме нічога не прыбудзе, а жанчына-жонка — лядаштая пасудзіна,— працягваў пераконваць купец.

Паважнасць купецкіх інтанацый, відаць, перамагала слухачоў, і кабета нават адчувала сябе прыгнечанай, хаця ўсё яшчэ не здавалася.

— Так, але, я думаю, вы згодзіцеся, што жанчына — чалавек, і мае пачуцці, як і мужчына. Ну што ёй рабіць, калі яна не кахае мужа?

— Не кахае! — грозна паўтарыў купец, варухнуўшы бровамі і губамі.— Нічога, пакахае!

Гэты нечаканы аргумент асабліва спадабаўся прыказчыку, і ён абазваўся ўхвальным гукам.