— Ах, што вы! Не, не. Не, дазвольце,— у адзін голас загаварылі мы ўсе трое. Нават прыказчык абазваўся нейкім няўхвальным гукам.
— Так, так, я ведаю,— гучней за ўсіх крычаў сівы пан,— вы гаворыце пра тое, што можа быць у жыцці, а я кажу пра тое, што ёсць. Кожны мужчына адчувае тое, што вы называеце каханнем, да ўсіх прыгожых жанчын.
— Ах, гэта жахліва, што вы гаворыце; існуе ж паміж людзьмі пачуццё, якое называецца каханнем і якое даецца не на месяцы і гады, а на ўсё жыццё?
— Не, няма. Калі нават дапусціць, што мужчына і аддаў бы перавагу пэўнай жанчыне на ўсё жыццё, дык тады б жанчына аддала перавагу іншаму, і гэтак заўсёды было і ёсць на свеце,— сказаў ён, узяў папяросніцу і стаў закурваць.
— Аднак можа быць і ўзаемнасць,— сказаў адвакат.
— Не, не можа быць,— запярэчыў ён,— гэтак жа як не можа быць, што на возе з гарохам дзве гарошыны ляглі б побач. Ды апрача таго, тут не неверагоднасць адна, тут, мусіць, пéрасыць.
Кахаць усе жыццё адну ці аднаго — гэта ўсё роўна, што сказаць, што адна свечка будзе гарэць усё жыццё,— гаварыў ён, прагна зацягваючыся.
— Але вы ўсё гаворыце пра плоцевае каханне. Хіба вы не дапускаеце кахання, якое было б адзінствам ідэалаў, духоўнай роднасцю? — сказала кабета.
— Духоўная роднасць! Адзінства ідэалаў! — паўтарыў ён, абазваўшыся сваім гукам.— Але ў такім разе не трэба спаць разам (прабачце за грубасць). А то ў выніку адзінства ідэалаў людзі кладуцца спаць разам,— сказаў ён і нервова засмяяўся.
— Аднак дазвольце,— сказаў адвакат,— факт пярэчыць таму, што вы гаворыце. Мы бачым, што сямейныя пары існуюць, што ўсё чалавецтва ці большасць яго жыве шлюбным жыццём і шмат хто сумленна пражывае доўгае сумеснае жыццё.
Сівы пан зноў засмяяўся.
— То вы гаворыце, што шлюб грунтуецца на каханні, калі ж я выказваю сумненне ў існаванні кахання, апрача пажадлівага, вы мне даводзіце існаванне кахання тым, што існуюць шлюбы. Ды шлюб у наш час адно ашуканства!
— Не, не, дазвольце,— сказаў адвакат,— я кажу толькі, што існавалі і існуюць шлюбы.
— Існуюць. Але чаму яны існуюць? Яны існавалі і існуюць у тых людзей, якія ў шлюбе бачаць штось таямнічае, таінства, якое абавязвае перад богам. У тых яны існуюць, а ў нас іх няма. У нас людзі жэняцца і не бачаць у шлюбе нічога, апрача савакуплення, і атрымліваецца ці ашуканства, ці гвалт. Калі ашуканства, дык гэта лягчэй церпіцца. Муж з жонкаю толькі ўводзяць у зман людзей, нібыта яны ў аднашлюбнасці, а жывуць у мнагажэнстве і ў мнагамужжы. Гэта брыдка, але яшчэ нічога; але калі, як гэта часцей за ўсё бывае, муж і жонка ўзялі на сябе знешняе абавязацельства жыць разам усё жыццё, а ўжо праз месяц ненавідзяць адно аднаго, хочуць разысціся і ўсё ж жывуць, тады гэта ўжо тое страшнае пекла, у якім співаюцца, страляюцца, забіваюць і атручваюць сябе і адно аднаго,— гаварыў ён усё шпарчэй, не даючы нікому ўставіць слова і ўсё больш распаляючыся. Усе маўчалі. Было няёмка.
— Так, несумненна, бываюць крытычныя эпізоды ў шлюбным жыцці,— сказаў адвакат, жадаючы спыніць непрыстойна гарачую размову.
— Вы, як бачу я, пазналі мяне? — ціха і як быццам спакойна сказаў сівы пан.
— Не, я не маю гонару.
— Гонар невялікі. Я Познышаў, той, з якім здарыўся той самы крытычны эпізод, на які вы намякаеце, той эпізод, што ён жонку забіў,— сказаў ён, таропка аглядаючы кожнага з нас.
Ніхто не ведаў, што сказаць, і ўсе маўчалі.
— Ну, усё роўна,— сказаў ён, абзываючыся сваім гукам.— Зрэшты, прабачце! А!.. не буду турбаваць вас.
— Ды што там, даруйце...— сам не ведаючы, што «даруйце», сказаў адвакат.
Але Познышаў, не слухаючы яго, хуценька павярнуўся і пайшоў на сваё месца. Пан з кабетаю шапталіся. Я сядзеў побач з Познышавым і маўчаў, бо не ведаў, што сказаць. Чытаць было цёмна, і таму я заплюшчыў вочы і прыкінуўся, што хачу заснуць. Гэтак мы і праехалі моўчкі да наступнае станцыі.
На станцыі гэты пан з кабетаю перайшлі ў суседні вагон, аб чым яны яшчэ раней дамовіліся з кандуктарам. Прыказчык уладкаваўся на лавачцы і заснуў. Познышаў усё курыў і піў загатаваны яшчэ на той станцыі чай.
Калі я расплюшчыў вочы і зірнуў на яго, ён раптам з рашучым і злосным выглядам звярнуўся да мяне:
— Вам, можа, непрыемна сядзець са мною, бо вы ведаеце, хто я? Тады я пайду.
— Не, не, даруйце.
— Ну, тады можа хочаце? Толькі моцны.— Ён наліў мне чаю.
— Яны гавораць... I ўсё хлусяць...— сказаў ён.
— Вы гэта пра што? — спытаў я.
— Ды ўсё пра тое ж: пра каханне іхняе і пра тое, што гэта такое. Вы не хочаце спаць?
— Зусім не хачу.
— Калі хочаце, я вам раскажу, як мяне гэтае каханне прывяло да таго, што са мною было.