— Чаму навука? — сказаў я.
— А хто ж тады дактары? Жрацы навукі.
Хто разбэшчвае юнакоў, сцвярджаючы, што гэта трэба для здароўя? Яны. А пасля з жахліваю важнасцю лечаць сіфіліс.
— А чаму б і не лячыць сіфілісу?
— А таму, што каб 0,01 тых намаганняў, якія скіраваны на лячэнне сіфілісу, былі скіраваны на выкараненне распусты, сіфілісу даўно не было б і ў паміне. А то намаганні скіраваны не на выкараненне распусты, а на заахвочванне яе, на забеспячэнне бяспекі распусты. Аднак не ў тым справа. Справа ў тым, што са мною ды і з 0,9, калі не болей, не толькі нашага саслоўя, а ўсіх, нават сялян, здарылася тая жахлівая справа, што я паў не таму, што я падпаў пад натуральную спакусу красы пэўнай жанчыны. Не, ніякая жанчына не спакусіла мяне, а я паў таму, што навакольнае асяроддзе бачыла ў тым, што з’яўлялася падзеннем, адны — самы законны і карысны для здароўя акт, другія — самую натуральную і не толькі даравальную, але нават бязвінную забаўку для маладога чалавека. Я і не разумеў, што тут мае месца падзенне, я проста пачаў аддавацца тым часткова радасцям, часткова патрэбам, якія характэрны, як мяне пераканалі, вядомаму ўзросту, пачаў аддавацца гэтай распусце, як я пачаў піць, курыць. I ўсё ж у гэтым першым падзенні было штось незвычайнае і зварушлівае. Памятаю, мне адразу ж там, у пакоі, зрабілася смутна, смутна, ажно плакаць хацелася, плакаць аб пагібелі свае цнатлівасці, аб назаўжды загубленых адносінах да жанчыны. Так, простыя, натуральныя адносіны да жанчыны былі загублены навекі. Чыстых адносін да жанчыны з тае пары ў мяне ўжо не было і не магло быць. Я зрабіўся тым, каго называюць распуснікам. А быць распуснікам — гэта фізічны стан, які нагадвае стан марфініста, п’яніцы, курца. Як марфініст, п'яніца, курэц ужо не нармальны чалавек, гэтак і чалавек, які спазнаў некалькіх жанчын для свае ўцехі, ужо не нармальны, а сапсаваны назаўсёды чалавек — распуснік. Як п’яніцу і марфініста можна адразу ж пазнаць па твары, па жэстах, дакладна гэтак жа і распусніка. Распуснік можа стрымліваць сябе, змагацца; аднак простых, шчырых, чыстых адносін да жанчыны, брацкага, у яго ўжо ніколі не будзе. Па тым, як ён зірне, агледзіць маладую жанчыну, адразу можна пазнаць распусніка. I я зрабіўся распуснікам і астаўся ім, а гэта і загубіла мяне.
V
— Так, так. Потым пайшло далей, далей, былі рознага роду адхіленні. Бог ты мой! як успомню я ўсе свае агіднасці ў гэтых адносінах, жах бярэ! Пра сябе, з якога сябры смяяліся за маю так званую цнатлівасць, я гэтак успамінаю. А як пачуеш пра залатую моладзь, пра афіцэраў, пра парыжан! I ўсе гэтыя паны і я, калі мы, бывала, трыццацігадовыя распуснікі, якія мелі на душы сотні самых разнастайных жахлівых злачынстваў адносна жанчын, калі мы, трыццацігадовыя распуснікі, заходзім чыста-начыста вымытыя, паголеныя, надушаныя, у чыстай бялізне, у фраку або ў мундзіры ў гасціную ці на баль — эмблема чысціні — краса!
Вы толькі падумайце, што павінна было б быць і што ёсць. Павінна было б быць тое, што, калі ў кампанію да мае сястры, дачкі падыдзе такі пан, я, ведаючы ягонае жыццё, павінен падысці да яго, адвесці ўбок і ціха сказаць: «Галубок, я ведаю, як ты жывеш, як бавіш ночы і з кім.
Табе тут не месца. Тут чыстыя, добрыя дзяўчаты. Ідзі адсюль!» Гэтак павінна было б быць; а ёсць тое, што, калі такі пан прыходзіць і танцуе, абдымаючы яе, з маёю сястрою, дачкою, мы радуемся, калі ён багаты і з сувязямі. А можа, ён удастоіць пасля Рыгальбош і маю дачку. Калі нават і асталіся сляды, нездароўе,— нічога. Цяпер добра лечаць. Як жа, я ведаю, некалькі з вышэйшага свету дзяўчат аддадзены бацькамі з радасцю за сіфілітыкаў. О! о поскудзь! Але пройдзе час, калі ўся гэтая поскудзь і хлусня будзе выкрыта!
I ён колькі разоў азваўся сваім дзіўным гукам і стаў піць чай. Чай быў страшэнна моцны, не было вады, каб яго разбавіць. Я адчуваў, што мяне хвалявалі асабліва выпітыя мною дзве шклянкі. Відаць, і на яго дзейнічаў чай, таму што ён рабіўся ўсё больш і больш узбуджаны. Голас ягоны рабіўся ўсё больш і больш пявучы і выразны. Ён бесперастанна мяняў паставу, то здымаў шапку, то надзяваў яе, і твар ягоны дзіўна мяняўся ў тым прыцемку, у якім мы сядзелі.