Выбрать главу

— Ну, вось гэтак я і жыў да трыццаці гадоў, ні на хвіліну не пакідаючы намеру ажаніцца і наладзіць сабе самае ўзвышанае, чыстае сямейнае жыццё, і з гэтаю мэтаю прыглядаўся да адпаведнай для такое мэты дзяўчыны,— расказваў ён далей.— Я калупаўся ў гнаі разбэшчанасці і разам з тым паглядаў на дзяўчат, якія б па сваёй чысціні былі варты мяне. Многіх я забракоўваў менавіта таму, што яны былі недастаткова чыстыя для мяне; нарэшце я знайшоў такую, якую палічыў вартай сябе. Гэта была адна з дзвюх дачок некалі вельмі багатага, але збяднелага пензенскага памешчыка.

Неяк увечары, пасля таго як мы пакаталіся на лодцы і ўночы, пры месячным святле, вярталіся дадому і я сядзеў побач з ёю і любаваўся яе стройнай постаццю, абцягнутай джэрсі, і яе кудзеркамі, я раптам вырашыў, што гэта яна. Мне здалося ў гэты вечар, што яна разумее ўсё, усё, што я адчуваю і думаю, а што адчуваю я і думаю пра самыя ўзнёслыя рэчы. Па сутнасці ж было толькі тое, што джэрсі ішло ёй асабліва да твару, гэтак жа і кудзеркі, і што пасля праведзенага разам з ёю дня захацелася яшчэ большае блізкасці.

Дзіўная рэч, якая поўная бывае ілюзія таго, што прыгажосць ёсць дабро. Прыгожая жанчына кажа глупства, ты слухаеш і не бачыш глупства, а заўважаеш разумнае. Яна гаворыць, робіць гадасці, а ты бачыш штосьці мілае. Калі ж яна не гаворыць ні глупства, ні гадасцей, а прыгожая, дык адразу пераконваешся, што яна выключна разумная і маральная.

Я вярнуўся шчаслівы дадому і вырашыў, што яна сама маральная дасканаласць і што менавіта таму яна варта быць маёю жонкай, і на наступны дзень зрабіў прапанову.

I што гэта за блытаніна! З тысячы мужчын, якія жэняцца, не толькі ў нашым асяроддзі, але, на жаль, і ў народзе, наўрад ці ёсць адзін, які б не быў жанаты ўжо разоў дзесяць, а то і сто або тысячу, як Дон-Жуан, раней шлюбу. (Ёсць цяпер, праўда, я чую і бачу, маладыя людзі чыстыя, якія адчуваюць і разумеюць, што гэта не дробязь, а вялікая справа. Памажы ім бог! Але ў мой час не было ніводнага такога на дзесяць тысяч.) I ўсе ведаюць пра гэта і прыкідваюцца, што не ведаюць. Ва ўсіх раманах да дробязей апісаны пачуцці герояў, сажалкі, кусты, ля якіх яны ходзяць; аднак, апісваючы іх вялікае каханне да якой-небудзь дзяўчыны, нічога не пішацца пра тое, што было з ім, з цікавым героем, раней: ні слова пра ягоныя наведванні дамоў, пра пакаёвак, кухарак, чужых жонак. Калі ж і здараюцца такія непрыстойныя раманы, дык іх не даюць у рукі, галоўнае, тым, каму больш за ўсіх трэба пра гэта ведаць,— дзяўчатам. Спачатку прыкідваюцца перад дзяўчатамі, што тае распусты, якая запаўняе палову жыцця нашых гарадоў і вёсак нават, што гэтае распусты зусім няма. Потым так прывучаюцца да гэтага прытворства, што нарэшце, як англічане, самі пачынаюць шчыра верыць, што мы ўсе маральныя людзі і жывем у маральным свеце. Дзяўчаты ж, тыя, нябогі, вераць у гэта зусім сур’ёзна. Гэтак жа верыла і мая няшчасная жонка. Памятаю, як ужо будучы жаніхом, я паказаў ёй свой дзённік, з якога яна магла даведацца хоць крыху пра маё мінулае, галоўнае — пра апошнюю сувязь, якая была ў мяне, і пра якую яна магла даведацца ад іншых і пра якую я таму і адчуваў патрэбу расказаць ёй. Памятаю яе жах, роспач і разгубленасць, калі яна дазналася і зразумела. Я бачыў, што яна хацела кінуць мяне тады. I чаго яна не кінула!

Ён азваўся сваім гукам, памаўчаў і адпіў яшчэ глыток чаю.

VI

— Не, зрэшты гэтак лепш, гэтак лепш! — выгукнуў ён.— Так мне і трэба! Але не ў тым справа. Я хацеў сказаць, што ашуканы тут толькі адны няшчасныя дзяўчаты. Маткі ж ведаюць пра гэта, асабліва маткі, выхаваныя сваімі мужамі, ведаюць пра гэта добра. I прыкідваючыся, што вераць у мужчынскую сумленнасць, яны на справе дзейнічаюць зусім іначай. Яны ведаюць, на якую вуду лавіць мужчын для сябе і для сваіх дачок.

Толькі мы, мужчыны, не ведаем і не ведаем таму, што не хочам ведаць, жанчыны ж ведаюць вельмі добра, што самае ўзнёслае, паэтычнае, як мы яго называем, каханне залежыць не ад маральных вартасцей, а ад фізічнае блізкасці, а таксама прычоскі, колеру, фасону сукенкі. Скажыце вопытнай какетцы, якая паставіла сабе за мэту паланіць чалавека, чым яна хутчэй хоча рызыкаваць: тым, каб быць у прысутнасці таго, каго яна заварожвае, выкрытай у хлусні, жорсткасці, нават распусце, або тым, каб паказацца пры ім у кепска пашытай і непрыгожай сукенцы,— любая заўжды аддасць перавагу першаму. Яна ведае, што наш брат усё хлусіць пра высокія пачуцці — яму патрэбна толькі цела, і таму ён даруе ўсе гадасці, а непрыгожай, безгустоўнай сукенкі не даруе. Какетка ведае гэта ўсвядомлена, а любая наіўная дзяўчына ведае гэта неўсвядомлена, як жывёла.