Выбрать главу

— Як жа тады быць? — сказаў я.— Няўжо жанчыне рабіць прапанову?

— Ды ўжо і не ведаю як, толькі калі роўнасць, дык роўнасць. Калі знайшлі, што сватаўство ўнізіцельна, то ўжо гэта ў тысячу разоў болей. Там права і шанцы роўныя, а тут жанчына ці нявольніца на рынку, ці прынада ў пастку. Скажыце якой-небудзь матулі або самой дзяўчыне праўду, што яна толькі тым і занята, каб лавіць жаніха. Божа, якая крыўда! А яны ж усе толькі гэта і робяць, і болей ім няма чаго рабіць. I што асабліва страшна — гэта бачыць занятых гэтым іншы раз зусім маладзенькіх бедных дзяўчат. I зноў, каб гэта адкрыта рабілася, а то ўсё ашуканства. «Ах, паходжанне відаў, як гэта цікава! Ах, Ліза вельмі цікавіцца жывапісам! А вы будзеце на выстаўцы? Як павучальна! А на тройках, а спектакль, а сімфонія? Ах, як цудоўна! Мая Ліза ў захапленні ад музыкі. А вы чаму не падзяляеце гэтых думак? А на лодках!..» А думка адна: «Вазьмі, вазьмі мяне, маю Лізу! Не, мяне! Ну, хоць паспрабуй!..» О брыдота! хлусня! — скончыў ён, дапіў апошні чай і ўзяўся прыбіраць посуд.

IX

— Ды вы ведаеце,— пачаў ён, хаваючы ў мех чай і цукар,— тое панаванне жанчын, праз якое пакутуе свет, усё адбываецца праз гэта.

— Якое панаванне жанчын? — сказаў я.— Правы, прывілеі на баку мужчын.

— Так, так, гэта, гэта самае,— перапыніў ён мяне.— Гэта самае, тое, што я хачу сказаць вам, якраз гэта і тлумачыць тую незвычайную з’яву, што, з аднаго боку, зусім справядліва тое, што жанчына даведзена да самае нізкае ступені ўніжэння, з другога боку — што яна пануе. Дакладна гэтак жа як яўрэі, як яны сваёй грашовай уладай адплачваюць за свой прыгнёт, гэтак і жанчыны. «А, вы хочаце, каб мы былі толькі гандлярамі. Добра, мы, гандляры, завалодаем вамі»,— кажуць яўрэі. «А вы хочаце, каб мы былі толькі пажадлівай рэччу, добра, мы, як пажадлівая рэч, і заняволім вас»,— кажуць жанчыны. Не ў тым адсутнасць правоў жанчыны, што яна не можа ваціраваць ці быць суддзёю — каб займацца гэтымі справамі, не трэба ніякіх правоў,— а ў тым, каб у палавых адносінах быць нароўні з мужчынам, мець права карыстацца мужчынам і ўстрымлівацца ад яго па сваім жаданні, па сваім жаданні выбіраць мужчыну, а не толькі быць выбранай. Вы кажаце, што гэта агідна. Добра. Тады каб і мужчына не меў гэтых правоў. Цяпер жанчына пазбаўлена таго права, якое мае мужчына. I вось, каб кампенсаваць гэтае права, яна дзейнічае на мужчынскую пажадлівасць і праз пажадлівасць скарае яго гэтак, што ён толькі фармальна выбірае, а ў сапраўднасці выбірае яна. А аднойчы, авалодаўшы гэтым сродкам, яна ўжо злоўжывае ім і набывае страшэнную ўладу над людзьмі.

— Ды дзе ж яна гэтая, незвычайная ўлада? — спытаў я.

— Дзе ўлада? Ды ўсюды, ва ўсім. Прайдзіце ў кожным вялікім горадзе па крамах. Мільёны тут, не ацаніць пакладзенай туды людское працы, а паглядзіце, у 0,9 гэтых крам ці ёсць хоць што-небудзь для мужчынскага ўжытку? Уся раскоша жыцця патрабуецца і падтрымліваецца жанчынамі. Улічыце ўсе фабрыкі. Вялізная доля іх вырабляе бескарысныя аздобы, экіпажы, мэблю, цацкі для жанчын. Мільёны людзей, пакаленні нявольнікаў гінуць у гэтай катаржнай працы на фабрыках толькі дзеля жаночае прыхамаці. Жанчыны, нібы царыцы, у палоне рабства і цяжкае працы трымаюць 0,9 роду чалавечага. А ўсё таму, што іх прынізілі, пазбавілі іх роўных правоў з мужчынамі. I вось яны помсцяць справамі за нашу пажадлівасць, лоўляю нас у свае сеткі. Так, усё гэта таму. Жанчыны зрабілі з сябе такую зброю ўздзеяння на пажадлівасць, што мужчына не можа спакойна абыходзіцца з жанчынаю. Як толькі мужчына падышоў да жанчыны, дык і падпаў пад яе дурман і ашалеў. I раней мне заўсёды было няёмка, жудасна, калі я бачыў разадзетую жанчыну ў бальнай сукенцы, а цяпер мне проста страшна, я цяпер бачу штось небяспечнае для людзей і процізаконнае, і хочацца гукнуць паліцэйскага, клікаць ахову супраць небяспекі, патрабаваць, каб выдалілі, ліквідавалі небяспечную рэч.

Так, вы смеяцёся! — закрычаў ён на мяне а гэта зусім не жарт. Я ўпэўнены, што прыйдзе час, і, магчыма, вельмі хутка, калі людзі зразумеюць гэта і будуць здзіўляцца, як магло існаваць грамадства, дзе дапускаліся ўчынкі, што парушалі грамадскі спакой: аздабленні жаночага цела, якія дазваляліся ў нашым грамадстве, і якія выклікалі пажадлівасць у мужчын. Гэта ж тое самае, што расставіць на дарожках у часе гуляння розныя пасткі,— горш! Чаму азартная гульня забаронена, а жанчыны ў прастытутачных уборах, якія выклікаюць пажадлівасць, не забаронены? Яны ў тысячу разоў больш небяспечныя!

X

— Ну вось, гэтак і мяне злавілі. Я быў, як кажуць, закаханы. Я не толькі ўяўляў яе верхам дасканаласці, я і сябе за гэты час майго жаніхоўства ўяўляў таксама верхам дасканаласці. Бо няма таго нягодніка, які б пашукаў і не знайшоў нягоднікаў у пэўных адносінах горш за сябе, і які таму не змог бы знайсці прычыны ганарыцца і быць здаволеным сабою. Гэтак і я: я жаніўся не праз грошы — карыслівасць тут не мела месца,— не так, як большасць маіх знаёмых жанілася праз грошы або сувязі,— я быў багаты, яна бедная. Гэта адно. Другое, чым я ганарыўся, было тое, што іншыя жаніліся з намерам наперад працягваць жыць у гэткім жа мнагажэнстве, у якім яны жылі да шлюбу; я ж меў цвёрды намер трымацца пасля вяселля аднашлюбнасці, і не было мяжы майму гонару перад сабою за гэта. Так, нягоднік я быў страшэнны і ўяўляў сабе, што я анёл.