Выбрать главу

Усё гэта было новае і ўразіла мяне.

— То як жа? Калі так, то,— сказаў я,— выходзіць, што кахаць жонку можна раз у два гады, а мужчына..

— Мужчыну неабходна,— падхапіў ён.— Зноў мілыя жрацы навукі пераканалі ўсіх. Я б ім, гэтым вешчунам, загадаў выконваць абавязкі тых жанчын, якія, на іх думку, неабходны мужчынам, што б яны тады сказалі? Пераканайце чалавека, што яму неабходна гарэлка, тытунь, опіум, і ўсё гэта будзе неабходна. Выходзіць, што бог не разумеў таго, што трэба, і таму, не папытаўшы ў вешчуноў, кепска ўсё зрабіў. Маеце ласку бачыць, справа не сыходзіцца. Мужчыну трэба і неабходна, гэтак вырашылі яны, задаволіць свой юр, а тут замяшалася дзетараджэнне і кармленне дзяцей, якое перашкаджала задавальненню гэтае патрэбы. Што ж рабіць? Звярнуцца да вешчуноў, яны ўладзяць. Яны і прыдумалі. Ох, калі гэта будуць развенчаны гэтыя вешчуны са сваім ашуканствам? Пара! Дайшло ўжо вось дакуль, вар’яцеюць і страляюцца, і ўсё праз гэта. Ды і як іначай? Жывёліна як быццам ведае, што патомства працягвае яе род, і трымаецца пэўнага закону ў гэтых адносінах. Толькі чалавек гэтага ведаць не ведае і не хоча. I заклапочаны толькі тым, каб мець як мага больш уцехі. I гэта хто ж? Цар прыроды, чалавек. Вось вы заўважце, жывёла сыходзіцца толькі тады, калі можа даць патомства, а паганы цар прыроды — заўсёды, толькі б было прыемна. Мала таго, узводзіць гэты малпін занятак у перл стварэння, у каханне. I ў імя гэтага кахання, гэта значыць, паскудства, губіць — што? — палову роду чалавечага. З усіх жанчын, якія павінны былі б быць памочнікамі ў руху чалавецтва да ісціны і дабра, ён у імя свае ўцехі робіць не памочніц, але ворагаў. Паглядзіце, што стрымлівае паўсюль рух чалавецтва наперад? Жанчыны. А чаго яны такія? А толькі праз гэта. Так, так,— паўтарыў ён колькі разоў і стаў варушыцца, даставаць папяросы і курыць, мусіць, хацеў крышку супакоіцца.

XIV

— Вось гэтакай свіннёй я і жыў,— гаварыў ён далей ранейшым тонам.— Але горш за ўсё было тое, што, жывучы гэтым паскудным жыццём, я думаў, што, паколькі я не спакушаюся іншымі жанчынамі, таму я і жыву сумленным сямейным жыццём, таму я і маральны чалавек і што я ні ў чым не вінаваты, а калі ў нас і бываюць сваркі, дык вінавата яна, яе характар.

Вінавата ж была, вядома, не яна. Яна была гэткая ж, як і ўсе, як большасць. Выхавана яна была, як таго патрабуе становішча жанчыны ў нашым грамадстве, і таму як і выхоўваюцца ўсе без выключэння жанчыны забяспечаных класаў, і як яны не могуць не выхоўвацца. Гавораць пра нейкую новую жаночую адукацыю. Усё пустыя словы: адукацыя жанчыны дакладна гэткая ж, якая павінна быць пры існуючым не прытворным, а сапраўдным усеагульным поглядзе на жанчыну.

I адукацыя жанчыны будзе заўсёды адпавядаць погляду на яе мужчыны. Усе мы ведаем, як мужчына глядзіць на жанчыну: «Wein, Weiber und Gesang» [7], і гэтак у вершах паэты гавораць. Вазьміце ўсю паэзію, увесь жывапіс, скульптуру, пачынаючы з любоўных вершаў і голых Венер і Фрын, вы бачыце, што жанчына ёсць прылада асалоды; яна гэткая на Трубе, і на Грачоўцы, і на прыдворным балі. I заўважце хітрасць д’ябла: ну, асалода, уцеха, так так бы і ведаць, што асалода, што жанчына салодкі кавалак. Не, спачатку рыцары сцвярджалі, што яны багатвараць жанчыну (багатвараць, а ўсё ж пазіраюць на яе як на прыладу асалоды). Цяпер жа пераконваюць, што паважаюць жанчыну. Адны ўступаюць ёй месца, падымаюць ёй хусткі; другія прызнаюць яе правы на заняцце ўсіх пасад, на ўдзел у праўленні і г. д. Гэта ўсе робяць, а погляд на яе ўсё той жа. Яна прылада асалоды. Цела яе ёсць сродак асалоды. I яна ведае пра гэта. Усё роўна як рабства. Рабства ж не што іншае, як карыстанне адных прымусоваю працаю многіх. I таму, каб рабства не было, трэба, каб людзі не хацелі карыстацца прымусоваю працаю іншых, лічылі б гэта за грэх або сорам. А між тым возьмуць адменяць знешнюю форму рабства, зробяць так, што нельга болей афармляць купчых на рабоў, і ўяўляюць і сябе пераконваюць, што рабства ўжо няма, і не бачаць і не хочуць бачыць таго, што рабства па-ранейшаму існуе, таму што людзі дакладна гэтак жа любяць і лічаць справаю прыстойнаю і справядліваю карыстацца працаю іншых. А паколькі яны лічаць гэта справаю прыстойнаю, дык заўсёды знойдуцца людзі, якія і больш дужыя і больш хітрыя за іншых і змогуць гэта зрабіць. Тое ж і з эмансіпацыяй жанчыны. Рабства ж жанчыны толькі ў тым, што людзі хочуць і лічаць за справу прыстойную карыстацца ёю як прыладай асалоды. Ну, і вось вызваляюць жанчыну, надзяляюць яе рознымі правамі, роўнымі з мужчынскімі, але па-ранейшаму пазіраюць на яе як на прыладу асалоды, гэтак выхоўваюць яе і ў маленстве і грамадскаю думкаю. I вось яна ўсё гэткая ж прыніжаная, разбэшчаная раба, і мужчына ўсё гэткі ж разбэшчаны рабаўласнік.

вернуться

7

Віно, жанчыны і песні (ням.).