Выбрать главу

Гэта пакуль здароўе. I то пакута. А ўжо як захварэў, тады бяда. Сапраўднае пекла. Маецца на ўвазе, што хваробу можна лячыць і што ёсць такая навука і такія людзі — дактары, і яны ведаюць. Не ўсе, а самыя лепшыя ведаюць. I вось дзіця хворае, і трэба натрапіць на гэтага самага лепшага, таго, які ратуе, і тады дзіця выратавана; а не захапіў гэтага доктара або жывеш не ў тым месцы, дзе жыве гэты доктар,— і дзіця загінула. I гэта не яе выключная вера, а гэта вера ўсіх жанчын яе кола, і з усіх бакоў яна чуе толькі гэта: у Екацярыны Сямёнаўны памерла двое, таму што не паклікалі своечасова Івана Захаравіча, а ў Мар’і Іванаўны Іван Захаравіч выратаваў старэйшую дзяўчынку; а вось у Пятровых у час, па парадзе доктара, раз’ехаліся па гасцініцах — і асталіся жывыя, а не раз’ехаліся — і памерлі дзеці. А ў той было кволае дзіця, пераехалі, па парадзе доктара, на поўдзень — і выратавалі дзіця. Як жа тут не пакутаваць і не хвалявацца ўсё жыццё, калі жыццё дзяцей, да якіх яна жывёльна прывязана, залежыць ад таго, што яна своечасова дазнаецца пра тое, што скажа Іван Захаравіч. А што скажа Іван Захаравіч, ніхто не ведае, менш за ўсё ён сам, таму што ён дужа добра ведае, што ён нічога не ведае і нічым памагчы не можа, а сам толькі віляе як папала, каб толькі не перасталі верыць, што ён нешта ведае. Бо каб яна была зусім жывёліна, яна гэтак бы не пакутавала; каб жа яна была зусім чалавек, дык у яе была б вера ў бога, і яна гаварыла б і думала, як гавораць набожныя бабы: «Бог даў, бог і ўзяў, ад бога не ўцячэш». Яна думала б, што жыццё і смерць як усіх людзей, гэтак і яе дзяцей, па-за ўладаю людзей, а ва ўладзе толькі бога, і тады б яна не пакутавала праз тое, што ў яе ўладзе было папярэдзіць хваробы і смерць дзяцей, а яна гэтага не зрабіла. Яе ж становішча было такое: паявіліся самыя кволыя, схільныя да безлічы хвароб, слабыя істоты. Да істот гэтых яна адчувае палкую жывёльную любасць. Апрача таго, істоты гэтыя даручаны ёй, а разам з тым сродкі захавання гэтых істот схаваны ад нас і адкрыты зусім чужым людзям, паслугі і парады якіх можна набываць толькі за вялікія грошы, і то не заўсёды.

Усё жыццё з дзецьмі і было для жонкі, а таму і для мяне, не радасцю, а пакутаю. Як жа не пакутаваць? Яна заўсёды і пакутавала. Бывала, толькі супакоімся ад якой-небудзь сцэны рэўнасці або проста сваркі і думаем пажыць, пачытаць і падумаць; толькі возьмешся за якую-небудзь справу, раптам атрымліваеш паведамленне, што Васю ванітуе, або Маша схадзіла з крывёю, або ў Андрушкі высыпка, ну і вядома, жыцця ўжо няма. Куды скакаць, па якіх дактароў, куды аддзяліць? I пачынаюцца клістыры, тэмпературы, мікстуры і дактары. Не паспее гэта скончыцца, як пачынаецца нешта іншае. Правільнага, цвёрдага сямейнага жыцця не было. А было, як я вам казаў, безупыннае выратаванне ад уяўных і сапраўдных небяспек. Але ж гэта цяпер у большасці сямей. У маёй жа сям’і было асабліва рэзка. Жонка была дзеталюбнаю і легкавернаю.