Таму прысутнасць дзяцей не толькі не паляпшала нашага жыцця, але атручвала яго. Апрача таго, дзеці — гэта была для нас новая прычына разладу. З тае пары як былі дзеці і чым больш яны раслі, тым часцей менавіта самі дзеці былі і сродкам і прычынаю разладу. Не толькі прычынаю разладу, але дзеці былі зброяй барацьбы; мы нібыта біліся адно з адным дзецьмі. У кожнага з нас было сваё любімае дзіця — зброя ў бойцы. Я біўся часцей Васем, старэйшым, а яна Лізаю. Апрача таго, калі дзеці падраслі і вызначыліся іх характары, зрабілася тое, што яны сталі саюзнікамі, якіх мы прыцягнулі кожны на свой бок. Яны страшэнна пакутавалі праз гэта, небаракі, але нам, у нашай няспыннай вайне, не да таго было, каб думаць пра іх. Дзяўчынка трымала мой бок, хлопчык жа старэйшы, падобны да яе, яе ўлюбёнец, часта быў ненавісны мне.
XVII
— Вось гэтак і жылі. Адносіны рабіліся ўсё больш і больш варожыя. I, нарэшце, дайшлі да таго, што ўжо не рознагалоссе параджала варожасць, а варожасць параджала рознагалоссе: што б яна ні сказала, я ўжо наперад быў не згодны, і дакладна гэтак жа і яна.
На чацвёрты год з абодвух бакоў вырашана было неяк само па сабе, што зразумець адно аднаго, пагадзіцца адно з адным мы не зможам. Мы перасталі ўжо шукаць спробы дамовіцца да канца. У адносінах самых простых рэчаў, асабліва ў адносінах дзяцей, мы непахісна аставаліся кожны пры сваёй думцы. Як я цяпер прыгадваю, думкі, якія я адстойваў, былі для мяне не такія ўжо і дарагія, каб я не мог адступіцца ад іх; але яна трымалася процілеглае думкі, і адступіцца — азначала прызнаць, што яе праўда. А гэтага я не мог. Яна таксама. Яна, мабыць, цвёрда лічыла, што заўсёды мела рацыю перада мной, а ўжо я ў сваіх вачах быў заўжды святы перад ёю. Удваіх мы былі амаль асуджаны на маўчанне ці такія размовы, якія, я ўпэўнены, жывёла можа весці між сабою: «Колькі часу? Пара спаць. Які сёння абед? Куды ехаць? Што напісана ў газеце? Паслаць па доктара. Горла баліць у Машы». Варта было на валасок адступіць ад гэтага страшэнна звужанага кола размоў, каб выбухнула злосць. Пачыналіся сутычкі, ляцелі словы нянавісці за каву, абрус, брычку, за ход у вінце,— усё справы, якія ні для таго, ні для другога не маглі мець ніякага значэння. У мяне ва ўсякім разе нянавісць да яе часта віравала страшэнная! Я глядзеў іншы раз, як яна налівала чай, махала нагою або падносіла лыжку да рота, хлюпала, уцягвала ў сябе вадкасць, і ненавідзеў яе менавіта за гэта, як за самы агідны ўчынак. Я не заўважаў тады, што перыяды злосці нараджаліся ў мяне вельмі дакладна і раўнамерна, адпаведна перыядам таго, што мы называлі каханнем. Перыяд кахання — перыяд злосці; энергічны перыяд кахання — доўгі перыяд злосці; больш слабая праява кахання — кароткі перыяд злосці. Тады мы не разумелі, што гэтае каханне і злосць было тое ж жывёльнае пачуццё; толькі з розных канцоў. Жыць гэтак было б жудасна, каб мы разумелі сваё становішча; але мы не разумелі і не бачылі яго. У гэтым і паратунак і кара чалавека, што, калі ён жыве няправільна, ён можа сябе затуманьваць, каб не бачыць гаротнага свайго становішча. Гэтак рабілі і мы. Яна старалася забыцца ў напружаных, заўжды неадкладных клопатах па гаспадарцы, клопатах пра абстаноўку, уборы свае і дзяцей, вучобу, здароўе дзяцей. У мяне ж было сваё п’янства — п’янства службы, палявання, карт. Мы абое заўсёды былі занятыя. Мы абое адчувалі, што чым болей мы заняты, тым больш злосныя можам быць адно да аднаго. «Табе добра грымаснічаць,— думаў я пра яе,— ты вось мяне прамучыла сцэнамі ўсю ноч, а ў мяне пасяджэнне».— «Табе добра,— не толькі думала, а і казала яна,— а я усю ноч не спала з дзіцем».
Гэтак мы і жылі, у бясконцым тумане не бачачы таго становішча, у якім мы знаходзіліся. I каб не здарылася таго, што здарылася, і я гэтак бы пражыў яшчэ да старасці, я так бы і думаў, паміраючы, што я пражыў добрае жыццё, не надта добрае, але і не кепскае, гэткае, як усе; я не разумеў бы тае бездані няшчасця і тае агіднае хлусні, у якой я валтузіўся.
А мы былі два калоднікі, якія ненавідзелі адно аднаго і былі звязаны адным ланцугом, якія атручвалі адно аднаму жыццё і стараліся не заўважаць гэтага. Я яшчэ не ведаў тады, што 0,99 сямей жывуць у гэткім жа пекле, як і я жыў, і што гэта не можа быць іначай. Тады я яшчэ не ведаў гэтага ні пра іншых, ні пра сябе.
Дзіўна, якія супадзенні і ў правільным і нават у няправільным жыцці! Якраз калі ў бацькоў жыццё становіцца невыноснае, неабходнымі становяцца і гарадскія ўмовы для выхавання дзяцей. I вось паяўляецца патрэба ў пераездзе ў горад.
Ён змоўк і разы са два азваўся сваімі дзіўнымі гукамі, якія цяпер ужо зусім падобны былі да стрыманага рыдання. Мы падыходзілі да станцыі.