Ён зноў павярнуўся да акна стомленымі вачмі, але тут жа зноў, відаць, зрабіўшы над сабою намаганне, працягваў:
— Так, так, паявіўся гэты чалавек.— Ён сумеўся і разы са два азваўся сваімі гукамі.
Я бачыў, што яму было цяжка называць гэтага чалавека, успамінаць, гаварыць пра яго. Але ён зрабіў намаганне і, нібыта пераадолеўшы перашкоду, якая замінала яму, рашуча загаварыў далей:
— Кепскі ён быў чалавечак, на мае вочы, на маю ацэнку. I не таму, якое ён значэнне атрымаў у маім жыцці, а таму, што ён сапраўды быў гэтакі. Зрэшты тое, што ён быў благі, служыла толькі доказам таго, якая шалёная была яна. Не ён, дык іншы, гэта павінна было здарыцца.— Ён зноў змоўк.— Так, гэта быў музыкант, скрыпач; не прафесійны музыкант, а напаўпрафесійны, напаўграмадскі чалавек.
Ягоны бацька — памешчык, сусед майго бацькі. Ён — бацька — збяднеў, і дзеці — тры было хлопчыкі — усе ўладкаваліся; аднаго толькі, меншага гэтага, адправілі да сваёй хроснай маці ў Парыж. Там яго аддалі ў кансерваторыю, таму што быў талент да музыкі, і ён выйшаў адтуль скрыпачом і іграў на канцэртах. Чалавек ён быў...— Мусіць, хацеў сказаць штось благое пра яго, але ўстрымаўся і хуценька дадаў: — Ну, ужо там я не ведаю, як ён жыў, ведаю толькі, што ў гэты год ён прыехаў у Расію і прыйшоў да мяне.
Міндалевыя вільготныя вочы, чырвоныя, з ухмылкаю, губы, нафіксатураныя вусікі, прычоска апошняя, модная, твар пошла-прыгожанькі, тое, што жанчыны называюць нішто сабе, кволага складу, хоць і не пачварнага, з празмерна тоўстым задам, як у жанчыны, як у готэнтотаў, кажуць. Яны, кажуць, таксама музыкальныя. Гэткі, наколькі магчыма, лезе ў фамільярнасць, але чулы і заўсёды гатовы спыніцца пры самым нязначным адпоры, з захаваннем знешняе годнасці і з тым асаблівым парыжскім адценнем чаравікаў з гузікамі і яркіх колераў гальштука і іншага, што засвойваюць сабе іншаземцы ў Парыжы і што па свае асаблівасці, навізне, заўжды дзейнічае на жанчын. У манерах ненатуральная, знешняя весялосць. Манера, ведаеце, пра ўсё гаварыць намёкамі і ўрыўкамі, як быццам вы ўсё гэта ведаеце, памятаеце і можаце самі дапоўніць.
Менавіта ён са сваёю музыкаю і быў прычынаю ўсяму. А на судзе ж справа была так пададзена, што ўсё, маўляў, здарылася праз рэўнасць. Зусім не, хаця не то, што зусім не, а тое, ды не тое. На судзе гэтак і вырашана было, што я ашуканы муж і што я забіў, абараняючы свой зняважаны гонар (так гэта па-іхняму называецца). I ад гэтага мяне апраўдалі. Я на судзе стараўся дайсці да сэнсу справы, аднак яны разумелі так, быццам бы я хачу рэабілітаваць гонар жонкі.
Адносіны яе з гэтым музыкантам, якія б яны ні былі, для мяне гэта не мае сэнсу, ды і для яе таксама. Мае ж сэнс тое, што я вам расказаў, гэта значыць, маё свінства. Усё адбылося таму, што між намі была тая страшэнная бездань, пра якую я вам казаў, тое страшэннае напружанне ўзаемнай нянавісці адно да аднаго, пры якой першай жа зачэпкі было дастаткова, каб выклікаць крызіс. Сваркі між намі рабіліся ў апошні час чымсьці страшным і былі асабліва дзіўныя, бо чаргаваліся з таксама напружанай жывёльнай палкасцю.
Каб не ён паявіўся, паявіўся б іншы. Каб не прычына рэўнасці, дык іншая. Я настойваю на тым, што ўсе мужы, якія гэтак жывуць, як я жыў, павінны або распуснічаць, або разысціся, або забіць самі сябе ці сваіх жонак, як я зрабіў. Калі з кім гэтага не здарылася, дык гэта надзвычай рэдкае выключэнне. Я, перш чым скончыць, як я скончыў, быў колькі разоў на грані самагубства, а яна таксама атручвалася.