Каля трох прыязджае яна. Сустракаючы мяне, яна нічога не гаворыць. Я лічу, што яна скарылася, пачынаю гаварыць аб тым, што я быў раззлаваны яе дакорамі. Яна з тым жа строгім і страшэнна змучаным тварам кажа, што яна прыехала не для таго, каб выслухоўваць тлумачэнні, а каб забраць дзяцей, што жыць разам мы не можам. Я пачынаю гаварыць, што вінаваты не я, што яна раззлавала мяне. Яна строга, урачыста пазірае на мяне і потым кажа:
— Не гавары болей, ты будзеш каяцца.
Я кажу, што выносіць не магу камедый. Тады яна крычыць нешта, але я не разбіраю, і бяжыць у свой пакой. I за ёй звініць ключ: яна зачынілася. Я штурхаю дзверы, адказу няма, і я са злосцю адыходжу. Праз паўгадзіны Ліза прыбягае ў слязах.
— Што? што-небудзь зрабілася?
— Матулі не чуваць.
Ідзем. Я торгаю з усяе сілы дзверы. Засаўка слаба засунута, і абедзве палавінкі расчыняюцца. Я падыходжу да ложка. Яна ў спадніцах і высокіх чаравіках ляжыць няёмка на ложку непрытомная. На століку пустая пляшачка з опіумам. Прыводзім да прытомнасці. Яшчэ слёзы і, нарэшце, прымірэнне. I не прымірэнне: у душы ў кожнага тая ж старая злосць адно супраць аднаго з дабаўкаю яшчэ злосці за той боль, які нанесены гэтаю сваркаю і які кожны залічвае на кошт другога. Але трэба ж як-небудзь скончыць усё гэта, і жыццё ідзе па-старому. Так, гэткія сваркі і нават горшыя здараліся ўвесь час, то раз на тыдзень, то раз на месяц, то кожны дзень. I ўсё адно і тое ж. Аднойчы я ўжо ўзяў замежны пашпарт — сварка працягвалася два дні,— але потым зноў напаўтлумачэнне, напаўпрымірэнне — і я астаўся.
XXI
— Дык вось у такіх мы былі адносінах, калі паявіўся гэты чалавек. Прыехаў у Маскву гэты чалавек — прозвішча ягонае Трухачэўскі — і прыйшоў да мяне. Гэта было раніцаю. Я прыняў яго. Былі мы калісьці на «ты». Ён паспрабаваў палавінчатымі фразамі між «ты» і «вы» ўтрымацца на «ты», але я адкрыта задаў тон на «вы», і ён адразу ж падначаліўся. Ён мне дужа не спадабаўся з першага позірку. Але, дзіўная справа, нейкая дзіўная, фатальная сіла цягнула мяне да таго, каб не адштурхнуць яго, не аддаліць, а, наадварот, наблізіць. I сапраўды, што магло быць прасцей за тое, каб пагаварыць з ім холадна, развітацца, не знаёмячы з жонкаю. Аднак жа не, я, як назнарок, загаварыў пра ягоную ігру, сказаў, што мне гаварылі, быццам бы ён кінуў скрыпку. Ён сказаў, што, наадварот, ён іграе цяпер больш, чым раней. Ён стаў прыгадваць аб тым, што я іграў раней. Я сказаў, што не іграю болей, але што жонка мая добра іграе.
Дзіўная справа! Мае адносіны да яго ў першы дзень, у першую гадзіну майго спаткання з ім былі такія, якія яны маглі быць толькі пасля таго, што здарылася. Штосьці было нацягнутае ў маіх адносінах з ім: я лавіў кожнае слова, выраз, сказаны ім ці мною, і прыпісваў ім важнае значэнне.
Я пазнаёміў яго з жонкаю. Адразу ж зайшла гаворка пра музыку, і ён прапанаваў свае паслугі іграць з ёю. Жонка, як і заўсёды ў гэты апошні час была вельмі элегантная і прывабная, неспакойна прыгожая. Ён, мусіць, спадабаўся ёй з першага позірку. Апрача таго, яна ўзрадавалася таму, што будзе мець прыемнасць іграць на скрыпцы, што яна вельмі любіла, бо наймала для гэтага скрыпача з тэатра, і на яе твары адбілася гэтая радасць. Але, убачыўшы мяне, яна адразу зразумела мой настрой і змянілася з твару, і пачалася гэтая гульня ўзаемнага падману. Я прыемна ўсміхаўся, робячы выгляд, што мне дужа прыемна. Ён, пазіраючы на жонку так, як пазіраюць усе распуснікі на прыгожых жанчын, рабіў выгляд, што яго цікавіць толькі тэма гаворкі, менавіта тое, што ўжо зусім не цікавіла яго. Яна старалася быць абыякавай, але знаёмы ёй мой фальшыва-вясёлы выраз раўніўца і яго пажадлівы позірк, відаць, узбуджалі яе. Я бачыў, што з першага ж спаткання ў яе неяк незвычайна заблішчалі вочы і, мусіць, у выніку мае рэўнасці, між ім і ёю адразу ж прабег нібы электрычны ток, які выклікаў адны і тыя ж выразы, позіркі і ўсмешкі. Яна чырванела — і ён чырванеў, яна усміхалася — ён усміхаўся. Пагаварылі аб музыцы, аб Парыжы, аб розных дробязях. Ён устаў, каб развітацца і, усміхаючыся, з капелюшом на ляжцы, якая дробна падрыгвала, стаяў, пазіраючы то на яе, то на мяне, нібы чакаў, што мы зробім. Памятаю я гэту хвіліну менавіта таму, што ў гэту хвіліну я мог не запрасіць яго, і тады нічога б не было. Але я зірнуў на яго, на яе. «I не думай, каб я раўнаваў цябе»,— у думках сказаў я ёй,— «ці каб я баяўся цябе»,— у думках сказаў я яму і запрасіў яго прывозіць як-небудзь вечарам скрыпку, каб іграць з жонкаю. Яна са здзіўленнем зірнула на мяне, зачырванелася і, нібы спалохаўшыся, стала адмаўляцца, гаварыла, што яна не надта добра іграе. Гэтая адмова яе яшчэ больш раззлавала мяне, і я яшчэ болей настойваў. Памятаю тое дзіўнае адчуванне, з якім я пазіраў на ягоную патыліцу, белую шыю, якая аддзялялася ад чорных, расчасаных на абодва бакі валасоў, калі ён подскакам, нібыта птушка, выходзіў ад нас. Я не мог не прызнацца сабе, што прысутнасць гэтага чалавека мучыла мяне. «Ад мяне залежыць,— думаў я,— зрабіць гэтак, каб ніколі не бачыць яго. Але зрабіць гэтак, азначала б, што я баюся яго. Не, я не баюся яго! Гэта было б надта непрыгожа, казаў я сабе. I тут жа, у пярэднім пакоі, ведаючы, што жонка чуе мяне, я настояў на тым, каб ён сёння ж увечары прыехаў са скрыпкаю. Ён паабяцаў мне і паехаў.