Выбрать главу

— Як я рада, што ты прыйшоў; мы не вырашылі, што іграць у нядзелю,— сказала яна такім тонам, якім не гаварыла б са мной, каб мы былі адны. Гэта і тое, што яна сказала «мы» пра сябе і яго, абурыла мяне. Я моўчкі павітаўся з ім.

Ён паціснуў мне руку і адразу ж з усмешкаю, якая мне здалася кпліваю, пачаў тлумачыць мне, што ён прынёс ноты для рэпетыцыі к нядзелі і што вось між імі нязгода, што іграць: больш цяжкае і класічнае, менавіта Бетховенскую санату са скрыпкаю, або маленькія рэчы? Усё было гэтак натуральна і проста, што нельга было ні да чаго прычапіцца, а разам з тым я быў упэўнены, што ўсё гэта была няпраўда, што яны змовіліся аб тым, каб ашукаць мяне.

Адна з самых цяжкіх пакут для раўніўцаў (а раўніўцы ўсе ў нашым грамадскім жыцці) — гэта вядомыя свецкія ўмовы, пры якіх дапускаецца самая вялікая і небяспечная блізкасць між мужчынам і жанчынаю. Трэба зрабіцца пасмешышчам на людзях, калі перашкаджаць блізкасці на балях, блізкасці дактароў са сваёй пацыенткай, блізкасці на занятках мастацтвам, жывапісам, а галоўнае — музыкаю. Людзі займаюцца ўдваіх самым высакародным мастацтвам, музыкаю; для гэтага патрэбна пэўная блізкасць, і блізкасць гэтая не мае нічога заганнага, і толькі неразумны, раўнівы муж можа бачыць тут штосьці непажаданае. А між тым усе ведаюць, што менавіта ў выніку гэтых самых заняткаў, асабліва музыкаю, і адбываецца большая доля пралюбадзейства ў нашым грамадстве. Я, відаць, збянтэжыў іх тою збянтэжанасцю, якая выявілася і ў мяне: я доўга нічога не мог сказаць. Я быў нібы перавернутая пляшка, з якой вада не ідзе таму, што яна празмерна поўная. Я хацеў злаяць, выгнаць яго, але я адчуваў, што я павінен быў зноў быць ветлівы і ласкавы з ім. Я гэтак і зрабіў. Я зрабіў выгляд, што ўхваляю ўсё, і зноў з тым дзіўным пачуццём, якое вымушала мяне абыходзіцца з ім з тым большаю ласкаю, чым больш пакутліваю для мяне была ягоная прысутнасць; я сказаў яму, што спадзяюся на ягоны густ і ёй раю тое ж. Ён яшчэ пабыў столькі, колькі трэба было, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, калі я раптам са спалоханым тварам зайшоў у пакой і змоўк,— і паехаў, прыкінуўшыся, што цяпер вырашалі, што іграць заўтра. Аднак я быў упэўнены, што ў параўнанні з тым, што займала іх, пытанне пра тое, што іграць, было для іх зусім абыякавае.

Я з падкрэсленаю пачцівасцю праводзіў яго да пярэдняга пакоя (як не праводзіць чалавека, які прыехаў з тым, каб парушыць спакой і загубіць шчасце цэлае сям’і!). Я паціснуў з падкрэсленаю ласкаю яго белую, мяккую руку.

XXII

— Увесь гэты дзень я не гаварыў з ёю, не мог. Прысутнасць яе выклікала ў мяне такую нянавісць да яе, што я баяўся за сябе. За абедам яна пры дзецях спытала ў мяне, калі я еду. Мне трэба было на наступным тыдні ехаць на з’езд у павет. Я сказаў калі. Яна спытала, ці не трэба мне чаго на дарогу. Я нічога не адказаў, моўчкі пасядзеў за сталом і гэтак жа моўчкі пайшоў у кабінет. Апошнім часам яна ніколі не прыходзіла да мяне ў пакой, асабліва ў гэты час. Ляжу ў кабінеце і злуюся. Раптам знаёмая хада. I ў галаву мне прыходзіць страшная, агідная думка аб тым, што яна, як жонка Урыі, хоча схаваць ужо дапушчаны грэх свой і што яна ў такі незвычайны час ідзе да мяне. «Няўжо яна ідзе да мяне?» — думаў я, прыслухоўваючыся да яе блізкіх крокаў. Калі да мяне, значыць мая праўда. I ў душы ўзнімаецца невыказная агіда да яе. Бліжэй, бліжэй крокі. Няўжо не пройдзе міма, у залу? Не, дзверы рыпнулі, і ў дзвярах яе высокая, прыгожая постаць, а на твары і ў вачах — нерашучасць і як бы боязь, якую яна хоча схаваць, але якую я бачу і значэнне якой я ведаю. Я ледзь не задыхнуўся, гэтак доўга я стрымліваў дыханне, і, працягваючы глядзець на яе, схапіўся за папяросніцу і стаў закурваць.

— Ну што гэта, да цябе зойдзеш пасядзець, а ты закурваеш,— і яна села блізка да мяне на канапу, тулячыся да мяне.