Выбрать главу

Былі ў Правазнаўстве дапушчаны ім учынкі, якія раней уяўляліся яму вялікім паскудствам і выклікалі ў ім агіду да самога сябе ў той час, як ён дапускаў іх; але пазней, убачыўшы, што ўчынкі гэтыя дапускаліся людзьмі і высока пастаўленымі і не лічыліся імі благімі, ён не тое што прызнаў іх добрымі, але зусім забыўся на іх і зусім не перажываў, калі іх прыгадваў.

Калі Іван Ільіч пасля дзесятага класа выйшаў з Правазнаўства і атрымаў ад бацькі грошы на абмундзіроўку, ён заказаў сабе адзенне ў Шармера, павесіў на бірулькі медалёк з надпісам: «respice finem» [2] развітаўся з прынцам і выхавальнікам, паабедаў з таварышамі ў Дадона і з новым модным чамаданам, бялізнаю і адзежаю, брытваю, рэчамі туалету і пледам, заказанымі і купленымі ў самых лепшых крамах, выехаў у правінцыю на месца чыноўніка асобых даручэнняў губернатара, якое падрыхтаваў яму бацька.

У правінцыі Іван Ільіч адразу наладзіў сабе гэткія ж лёгкія і прыемныя ўмовы, якія былі ў яго і ў Правазнаўстве. Ён служыў, рабіў кар’еру і разам з тым добра і прыстойна весяліўся; зрэдку ён ездзіў па даручэнні начальства ў паветы, трымаў сябе годным чынам і з вышэйшымі і з ніжэйшымі і з непадкупнай сумленнасцю, якою не мог не ганарыцца, выконваў ускладзеныя на яго даручэнні, пераважна па справах раскольнікаў.

У службовых справах ён быў, нягледзячы на сваю маладосць і схільнасць да бесклапотнае весялосці, надзвычай стрыманы, афіцыйны і нават строгі; аднак у грамадскіх ён быў часта дураслівы і дасціпны і заўсёды дабрадушны, прыстойны і bon enfant [3], як казаў пра яго ягоны начальнік і начальніца, у якіх ён быў сваім чалавекам.

Была ў правінцыі і сувязь з адною дамаю, якая навязалася франтаватаму правазнаўцу; была і мадыстка; былі і выпіўкі з прыезджымі флігель-ад’ютантамі і паездкі ў дальнюю вуліцу пасля вячэры; было і падслужванне начальніку і нават жонцы начальніка, аднак усё гэта насіла на сабе такі высокі тон прыстойнасці, што ўсё гэта падыходзіла толькі пад рубрыку французскага выслоўя: il fant gue jeunesse se passe [4]. Усё рабілася чыстымі рукамі, у чыстых кашулях, з французскімі словамі і, галоўнае, у самым высокім грамадстве, значыць, са згоды высокіх людзей.

Гэтак праслужыў Іван Ільіч пяць гадоў, і прыйшла перамена па службе. Паявіліся новыя судовыя ўстановы; патрэбны былі новыя людзі.

I Іван Ільіч стаў гэтым новым чалавекам.

Івану Ільічу прапанавана было месца судовага следчага, і Іван Ільіч прыняў яго, нягледзячы на тое, што месца гэта было ў іншай губерніі, і яму трэба было парываць прывычныя сувязі і наладжваць новыя. Івана Ільіча праводзілі сябры, арганізавалі групу, паднеслі яму сярэбраную папяросніцу, і ён паехаў на новае месца.

Іван Ільіч быў гэткім жа comme il fant’ным, прыстойным судовым следчым як да гэтага і чыноўнікам асобых даручэнняў, ён умеў аддзяляць службовыя абавязкі ад прыватнага жыцця і выклікаў агульную павагу да сябе. Сама служба следчага ўяўляла для Івана Ільіча значна большую цікавасць і прывабнасць за ранейшую. На ранейшай службе прыемна было вольнаю хадою ў шармераўскім віцмундзіры прайсці міма баязлівых просьбітаў, якія чакалі прыёму, і службовых асоб, якія зайздросцілі яму, проста ў кабінет начальніка і сесці з ім за чай з папяросаю; аднак людзей, якія непасрэдна залежалі ад ягонага свавольства, было мала. Такія людзі былі толькі спраўнікі і раскольнікі, калі яго пасылалі з даручэннямі; і ён любіў пачціва, амаль па-таварыску абыходзіцца з такімі людзьмі, якія залежалі ад яго, любіў, каб яны адчулі, што вось ён, усемагутны, па-сяброўску, проста ставіцца да іх. Такіх людзей тады было мала. Цяпер жа, судовым следчым, Іван Ільіч адчуваў, што ўсе, усе без выключэння, самыя важныя, самаздаволеныя людзі — усе ў ягоных руках і што яму варта толькі напісаць вядомыя словы на паперы з загалоўкам, і гэтага важнага, самаздаволенага чалавека прывядуць да яго ў якасці абвінавачанага або сведкі, і той будзе, калі ён не захоча пасадзіць яго, стаяць перад ім і адказваць на ягоныя пытанні. Іван Ільіч ніколі не злоўжываў гэтай сваёй уладай, наадварот, стараўся змякчаць праяўленне яе; аднак уведамленне гэтае ўлады і магчымасць змякчаць яе складалі для яго галоўную цікавасць і прывабнасць яго новай службы. У самой жа службе, менавіта ў яе выніках, Іван Ільіч вельмі хутка засвоіў прыём адхілення ад сябе ўсіх акалічнасцей, якія не тычыліся службы, і надання любой самай складанай справе такой формы, пры якой бы справы толькі знешнім чынам адбіваліся на паперы і пры якой цалкам бы выключалася яго асабістая думка і, галоўнае, захоўвалася б уся патрэбная фармальнасць. Справа гэта была новая. I ён быў адзін з першых, хто выпрацаваў на практыцы прыдатнасць статутаў 1864 года.

вернуться

2

прадбач канец (лац.).

вернуться

3

добры хлопец (франц.).

вернуться

4

маладосць павінна перашалець (франц.).