Выбрать главу

Як я ні стараюся ўспомніць цяпер, я ніяк не магу ўспомніць таго майго стану: што я думаў? чаго хацеў? нічога не ведаю. Памятаю толькі, што ў мяне было такое прадчуванне, быццам рыхтуецца штосьці страшнае і вельмі важнае ў маім жыцці. Ці таму адбылося тое важнае, што я гэтак думаў, ці таму, што прадчуваў,— не ведаю. Магчыма і тое, што пасля таго, што здарылася, усе папярэднія хвіліны ў маіх успамінах набылі змрочнае адценне. Я пад’ехаў да ганка. Была першая гадзіна. Некалькі рамізнікаў стаяла ля ганка і чакала седакоў па асветленых вокнах (асветленыя вокны былі ў нашай кватэры, у зале і гасцінай). Не разумеючы, чаго гэтак позна гарыць святло ў нашых вокнах, я з тымі ж думкамі аб чымсьці страшным падняўся па ўсходах і пазваніў. Лёкай, добры, старанны і вельмі тупы Ягор, адчыніў. Першае, што кінулася ў вочы, у пярэднім пакоі вісеў на вешалцы побач з іншаю вопраткаю ягоны шынель. Я павінен быў бы здзівіцца, але не здзівіўся, нібыта я чакаў гэтага. «Гэтак і ёсць»,— сказаў я сабе. Калі я спытаў у Ягора, хто ёсць, і ён назваў мне Трухачэўскага, я спытаў, ці ёсць яшчэ хто-небудзь. Ён сказаў:

— Нікога.

Памятаю, з якой інтанацыяй ён мне адказаў, быццам хацеў парадаваць мяне і рассеяць сумненні, што ёсць яшчэ нехта. «Нікога. Так, так»,— нібы казаў я сабе.

— А дзеці?

— Дзякуй богу, здаровыя. Даўно спяць.

Я не мог прадыхнуць і не мог стрымаць сківіц, якія ўвесь час калаціліся. «Так, значыць, я памыляўся: раней я думаў — няшчасце, а выяўлялася ўсё добра, па-старому. Цяпер жа вось не па-старому, а вось яно ўсё тое, што я ўяўляў сабе і думаў, што толькі ўяўляў, а вось яно ўсё ў сапраўднасці. Вось яно ўсё...»

Я ледзь быў не зарыдаў, але адразу ж д’ябал падказаў: «Ты плач, сентыментальнічай, а яны спакойна разыдуцца, доказаў не будзе, і ты век будзеш сумнявацца і мучыцца». I адразу сентыментальнасць гэтая знікла, і нарадзілася дзіўнае пачуццё — вы не паверыце — пачуццё радасці, што скончыцца мая пакута, што цяпер я магу пакараць яе, магу пазбавіцца ад яе, што я магу даць волю маёй злосці. I я даў волю маёй злосці — я зрабіўся зверам, злосным і хітрым зверам.

— Не трэба, не трэба,— сказаў я Ягору, які хацеў ісці ў гасціную,— а ты вось што: ты ідзі, хутчэй вазьмі рамізніка і едзь; вось квітанцыя, атрымай рэчы. Ідзі.

Ён пайшоў па калідоры, каб узяць сваё паліто. Баючыся, што ён спудзіць іх, я правёў яго да ягонае каморкі і пачакаў, пакуль ён апранаўся. У гасцінай, за суседнім пакоем, чуваць была гамонка і гукі нажоў і талерак. Яны елі і не чулі званка. «Толькі б не выйшлі цяпер»,— думаў я. Ягор апрануў сваё паліто з астраханскім баранком і выйшаў. Я выпусціў яго і зачыніў за ім дзверы, і мне зрабілася жудасна, калі я адчуў, што астаўся адзін і што мне трэба зараз дзейнічаць. Як — я яшчэ не ведаў. Я ведаў толькі, што цяпер усё скончана, што сумненняў у яе бязвіннасці не можа быць і што я зараз пакараю яе і скончу мае адносіны з ёю.

Раней яшчэ былі ў мяне ваганні, я казаў сабе: «А можа, гэта няпраўда, можа, я памыляюся»,— цяпер ужо гэтага не было. Усё было вырашана беспаваротна. Таемна ад мяне, адна з ім, уначы! Гэта ўжо поўнае забыццё ўсяго. Або яшчэ горш: наўмысна гэтакая смеласць, дзёрскасць у злачынстве, каб дзёрзкасць гэтая служыла адзнакаю нявіннасці. Усё зразумела. Сумнення няма. Я баяўся толькі аднаго, каб яны не разбегліся, не прыдумалі якой новай хлусні і не пазбавілі мяне тым і відавочнасці доказу і магчымасці пакараць. I з тым, каб хутчэй застаць іх, я на пальчыках падаўся ў залу, дзе яны сядзелі, не праз гасціную, а праз калідор і дзіцячы пакой.

У першым жа дзіцячым пакоі хлопчыкі спалі. У другім дзіцячым пакоі нянька заварушылася, хацела прачнуцца, і я ўявіў сабе тое, што яна падумае, дазнаўшыся пра ўсё, і гэтакі жаль да сябе ахапіў мяне пры гэтай думцы, што я не мог стрымаць слёз і, каб не разбудзіць дзяцей, выбег на пальчыках у калідор і да сябе ў кабінет, паваліўся на сваю канапу і зарыдаў.

«Я — сумленны чалавек, я — сын сваіх бацькоў, я — усё жыццё марыў аб шчасці сямейнага жыцця, я — мужчына, які ніколі не здраджваў ёй... I вось! пяць чалавек дзяцей, і яна абдымае музыканта, таму што ў яго чырвоныя губы! Не, гэта не чалавек! Гэта сука, гэта паскудная сука! Побач з пакоем дзяцей, у любві да якіх яна прыкідвалася ўсё сваё жыццё. А пісаць мне тое, што яна пісала! I гэтак нахабна кінуцца на шыю! Ды што я ведаю? можа, увесь час гэта так было. Можа, яна даўно з лёкаямі і прыжыла ўсіх дзяцей, якія лічацца маімі. I заўтра б я прыехаў, і яна ў сваёй прычосцы, са сваім гэтым станам і лянотнымі грацыёзнымі рухамі (я ўбачыў увесь яе прывабны ненавісны твар) сустрэла б мяне, і звер гэты рэўнасці навекі сядзеў бы ў маім сэрцы і рваў бы яго на кавалкі. Што нянька падумае, Ягор. I бедная Лізачка! Яна ўжо разумела нешта. I гэтае нахабства! і гэтая хлусня! і гэтая жывёльная пажадлівасць, якую я гэтак ведаю»,— казаў я сабе.