— Апамятайся! Што ты? Што з табою? Нічога няма, нічога, нічога... Клянуся!
Я яшчэ і памарудзіў бы, але гэтыя апошнія словы яе, па якіх я зрабіў вывад зусім адваротны, гэта значыць, што ўсё было, выклікалі адказ. I адказ павінен быў быць адпаведны таму настрою, у якім я знаходзіўся, які ўсё crescendo [8] і павінен быў далей гэтак жа павышацца. У шаленства ёсць таксама свае законы.
— Не хлусі, нягодніца! — загаласіў я і леваю рукою схапіў яе за руку, але яна вырвалася. Тады я ўсё ж, не выпускаючы кінжала, схапіў яе леваю рукою за горла, паваліў дагары і стаў душыць. Якая цвёрдая шыя была... Яна ўхапілася абедзвюма рукамі за мае рукі, аддзіраючы іх ад горла, а я, нібы гэтага і чакаў, з усяе сілы ўдарыў яе кінжалам у левы бок, ніжэй рабрын.
Калі людзі гавораць, што яны ў прыпадку шаленства не памятаюць таго, што яны робяць,— гэта лухта, няпраўда. Я ўсё памятаў і ні на хвіліну не пераставаў памятаць. Чым мацней я паддаваў сам сабе пары шаленства, тым ярчэй разгаралася ў мяне святло свядомасці, пры якім я не мог не бачыць усяго таго, што я рабіў. Кожнае імгненне я ведаў, што я раблю. Не магу сказаць, што я ведаў наперад, што я буду рабіць, але ў тое імгненне, калі я рабіў, нават, здаецца, крышку наперад, я ведаў, што я раблю, як быццам для таго, каб можна было раскаяцца, каб я мог сабе сказаць, што я мог спыніцца. Я ведаў, што я цаляю ніжэй рабрын і што кінжал уп’ецца. У тую хвіліну, як я рабіў гэта, я ведаў, што я раблю штось страшэннае, тое, чаго я ніколі не рабіў і што будзе мець жахлівыя вынікі. Аднак думка гэтая мільганула як маланка, і за думкаю адразу ж быў нанесены ўдар. Учынак гэты ўсведамляўся з незвычайнай яскравасцю. Я чуў і памятаю імгненнае супраціўленне гарсэта і яшчэ нечага, памятаю, як паглыбляўся нож у мяккае. Яна схапіла рукамі кінжал, парэзала іх, але не ўтрымала. Я доўга потым, у астрозе, пасля таго як адбыўся ў мяне душэўны пераварот, думаў аб гэтым, прыгадваў, што мог, і ўзважваў. Памятаю на імгненне, толькі на імгненне перад гэтым учынкам, страшнае ўсведамленне таго, што я забіваю і забіў жанчыну, безабаронную жанчыну, маю жонку. Гэты жах я памятаю і таму прыходжу да вываду і нават прыгадваю цьмяна, што, уваткнуўшы кінжал, я адразу ж выцягнуў яго, жадаючы паправіць зробленае і спыніць. Нейкі момант я стаяў нерухома і чакаў, што будзе, ці можна паправіць. Яна ўсхапілася на ногі, закрычала:
— Нянька! ён забіў мяне!
Нянька прыбегла на шум, спынілася ў парозе. Я ўсё стаяў, чакаў і не верыў. Але тут з-пад гарсэта лінула кроў. Тут толькі я зразумеў, што паправіць нельга, і адразу ж вырашыў, што і не трэба, што я гэтага самага і хачу і гэтае самае і павінен быў зрабіць. Я пачакаў, пакуль яна павалілася і нянька з крыкам: «Бацюхны!» — падбегла да яе, і тады толькі кінуў кінжал прэч і пайшоў з пакоя.
«Не трэба хвалявацца, трэба ведаць, што я раблю»,— сказаў я сабе, не пазіраючы на яе і няньку. Нянька крычала, клікала дзяўчыну. Я прайшоў па калідоры, паслаў дзяўчыну і вярнуўся ў свой пакой. «Што цяпер трэба рабіць?» — спытаў я ў сябе і адразу зразумеў што. Падышоў да сцяны, зняў з яе рэвальвер, агледзеў яго — ён быў зараджаны — і паклаў на стол. Потым дастаў з-пад канапы ножны і сеў на канапу.
Доўга я сядзеў гэтак. Я нічога не думаў, нічога не ўспамінаў. Я чуў, што там нешта корпаліся. Чуў, як прыехаў нехта, потым яшчэ нехта. Потым чуў і бачыў, як Ягор прынёс маю прывезеную карзіну ў кабінет. Нібыта некаму гэта трэба!
— Ці чуў ты, што здарылася? — сказаў я.— Скажы дворніку, каб паведамілі ў паліцыю.
Ён нічога не сказаў і пайшоў. Я ўстаў, зашчапіў дзверы, выняў папяроскі і запалкі, закурыў. Я не дакурыў папяроскі, як мяне адолеў і паваліў сон... Я спаў, мусіць, гадзіны дзве. Памятаю, я бачыў у сне, што мы дружныя з ёю, пасварыліся, але мірымся, і што крышку нешта замінае, але мы дружныя. Мяне разбудзіў стук у дзверы. «Гэта паліцыя,— падумаў я, прачынаючыся.— Здаецца, я забіў. А можа, гэта яна, і нічога не было». У дзверы яшчэ пастукалі. Я нічога не адказваў і ўсё думаў: было гэта ці не было? Так, было. Я ўспомніў удар кінжалам, супраціўленне гарсэта, і мароз прабег па спіне. «Так, было. Так, цяцер трэба і сябе»,— сказаў я сабе. Але я гаварыў гэта і ведаў, што не заб’ю сябе. Аднак я ўстаў і зноў узяў у рукі рэвальвер. Але дзіўная справа: памятаю, як раней шмат разоў я быў блізка да самагубства, як у той дзень нават, на чыгунцы, мне гэта лёгка здавалася, лёгка менавіта таму, што я думаў, як я гэтым здзіўлю яе. Цяпер жа я ніяк не мог не толькі забіць сябе, а і падумаць пра гэта. «Навошта гэта рабіць?» — пытаўся я ў сябе, і адказу не было. У дзверы пастукалі яшчэ. «Так, раней трэба даведацца, хто гэта стукаецца. Паспею яшчэ». Я паклаў рэвальвер і накрыў яго газетаю. Я падышоў да дзвярэй і адсунуў зашчапку. Гэта была жончына сястра, добрая, дурная ўдава.