Выбрать главу

Абсталяваўшыся ў новым горадзе на месцы судовага следчага, Іван Ільіч зрабіў новыя знаёмствы, сувязі, па-новаму паставіў сябе і ўзяў крышку іншы тон. Ён паставіў сябе на пэўнай адлегласці ад губернатарскіх улад, выбраў лепшае кола з судзейскіх і багатых дваран, якія жылі ў горадзе, і ўзяў тон лёгкай незадаволенасці ўрадам, памяркоўнай ліберальнасці і цывілізаванае грамадзянскасці. Пры гэтым, ніколькі не змяніўшы элегантнасці свайго туалету, Іван Ільіч на новай пасадзе перастаў прагольваць падбародак і даў волю барадзе расці, дзе яна хоча.

Жыццё Івана Ільіча і ў новым горадзе склалася вельмі прыемна: грамадства, якое франдзіравала супроць губернатара, было дружнае і добрае; пэнсія была большая, і немалую радасць ў жыцці дадаў тады віст, у які пачаў гуляць Іван Ільіч; ён меў здольнасць гуляць у карты весела, хутка і вельмі тонка кеміў і таму амаль заўсёды выйграваў.

Пасля двух гадоў службы ў новым горадзе Іван Ільіч сустрэўся са сваёй будучай жонкай. Праскоўя Федараўна Міхель была самая прывабная, разумная, бліскучая дзяўчына таго гуртка, які часта наведваў Іван Ільіч. У ліку іншых забавак, у вольны ад службы час Іван Ільіч наладзіў жартаўлівыя лёгкія адносіны з Праскоўяй Федараўнай.

Калі Іван Ільіч быў чыноўнікам асобых даручэнняў, ён наогул танцаваў; судовым жа следчым ён ужо танцаваў як выключэнне. Ён танцаваў ужо ў тым сэнсе, што хоць і па новых установах і ў пятым класе, але калі справа будзе тычыцца танцаў, дык ён зможа давесці, што ў гэтым сэнсе ён можа лепш за іншых. Так, зрэдку ён у канцы вечара танцаваў з Праскоўяй Федараўнай і пераважна ў часе гэтых танцаў і перамог Праскоўю Федараўну. Яна закахалася ў яго. Іван Ільіч не меў пэўнага, выразнага намеру жаніцца, але калі дзяўчына закахалася ў яго, ён задаў сабе гэтае пытанне. «Сапраўды, а чаму б не ажаніцца?» — сказаў ён сабе.

Дзяўчына Праскоўя Федараўна была добрага дваранскага роду, прыгожая; было невялічкае багацце. Іван Ільіч мог разлічваць на лепшую партыю, але і гэта партыя была добрая. У Івана Ільіча была ягоная пэнсія, у яе, ён спадзяваўся, будзе столькі ж. Добрая сваяцкасць; яна — мілая, прыгожая і вельмі прыстойная жанчына. Сказаць, што Іван Ільіч ажаніўся таму, што ён пакахаў сваю нявесту і знайшоў у яе спачуванне сваім поглядам на жыццё, было б гэтак жа несправядліва, як і сказаць тое, што ён ажаніўся таму, што людзі ягонае кампаніі ўхвалялі гэту партыю. Іван Ільіч ажаніўся па абодвух меркаваннях: ён зрабіў прыемнае для сябе, прыдбаўшы гэтакую жонку, і разам з тым рабіў тое, што найвышэй пастаўленыя людзі лічылі за правільны крок.

I Іван Ільіч ажаніўся.

Сам працэс жаніцьбы і першая пара шлюбнага жыцця, з сямейнымі ласкамі, новаю мэбляю, новым посудам, новаю бялізнаю, да жончынай цяжарнасці прайшла вельмі добра, і Іван Ільіч пачынаў ужо думаць, што жаніцьба не толькі не парушыць таго характару жыцця, лёгкага, прыемнага, вясёлага і заўжды прыстойнага, ухваленага грамадствам, які Іван Ільіч лічыў уласцівым жыццю наогул, але зробіць яго яшчэ больш яркім. Аднак з першых жа месяцаў жончынай цяжарнасці паявілася штось новае, гэтакае нечаканае, непрыемнае, цяжкае і непрыстойнае, чаго нельга было чакаць і ад чаго ніяк нельга было адкараскацца.

Жонка без усякае падставы, як здавалася Івану Ільічу, de gaité de coeur [5], як ён казаў сабе, пачала парушаць прыемнасць і прыстойнасць жыцця: яна без усякае прычыны раўнавала яго, патрабавала ад яго ўвагі да сябе, да ўсяго чаплялася і рабіла яму непрыемныя і грубыя сцэны.

Спачатку Іван Ільіч спадзяваўся вызваліцца ад непрыемнасці гэткага становішча тым самым лёгкім і прыстойным стаўленнем да жыцця, якое выручала яго раней,— ён спрабаваў ігнараваць жончын настрой і па-ранейшаму жыць лёгка і прыемна: запрашаў да сябе сяброў гуляць у карты, спрабаваў сам ездзіць у клуб ці да прыяцеляў. Але жонка аднойчы з гэткай энергіяй пачала грубымі словамі лаяць яго і гэтак упарта працягвала лаяць яго кожны раз, калі ён не выконваў яе патрабаванняў,— відаць, надумала лаяць яго да тае пары, пакуль ён не скарыцца, гэта значыць, не будзе сядзець дома і не будзе гэтак жа, як і яна, нудзіцца,— што Іван Ільіч жахнуўся. Ён зразумеў, што сямейнае жыццё — ва ўсякім разе з ягонаю жонкаю — не заўсёды садзейнічае жыццёвым радасцям і ўцехам, а, наадварот, часта парушае іх, і што таму неабходна ахаваць сябе ад гэтых парушэнняў. I Іван Ільіч пачаў шукаць сродкі для гэтага. Служба было адно, што імпанавала Праскоўі Федараўне, і Іван Ільіч дзякуючы службе і абавязкам, якія вынікалі з яе, пачаў змагацца з жонкаю, ратуючы свой незалежны свет.

вернуться

5

праз капрыз (франц.).