Выбрать главу

Але і гэтыя некалькі глыткоў тытунёвага дыму развесялілі Васіля Андрэевіча.

— Начаваць дык начаваць! — сказаў ён рашуча.

— Чакай жа ты, я яшчэ флаг зраблю,— сказаў ён, падымаючы хустку, якую кінуў быў у сані, і, зняўшы пальчаткі, стаў на сані і, выцягваючыся, каб дастаць да церассядзёлка, тугім вузлом прывязаў да яго хустку ля аглоблі.

Хустка адразу ж шалёна затрапятала, то прыліпаючы да аглоблі, то раптам надзімаючыся і ляскаючы.

— Бачыш, як спрытна,— сказаў Васіль Андрэевіч, захапляючыся сваёй працай і сядаючы ў сані.— Цяплей было б разам, але ўдвух не сядзем,— сказаў ён.

— Я месца знайду,— адказваў Мікіта,— толькі каня ўкрыць трэба, а то ўвесь мокры, нябога. Пусці,— дадаў ён і выцягнуў з-пад Васіля Андрэевіча зрэб’е.

Выцягнуў зрэб’е, склаў яго ўдвая, скінуў шляю, зняў падсядзёлак і ўкрыў Гнядога.

— Усё ж цяплей табе будзе, дурненькі,— казаў ён, надзяваючы зноў на каня паверх зрэб’я падсядзёлак і шляю.— А ці не спатрэбіцца вам дзяружка? Ды саломкі мне дайце,— сказаў Мікіта, як толькі скончыў з гэтай справай і зноў падышоў да саней.

Мікіта забраў з-пад Васіля Андрэевіча і тое і другое, зайшоў за спінку саней, выкапаў у снезе ямку, паклаў у яе саломы; потым насунуў шапку, ухутаўся кафтанам, зверху накрыўся дзяружкаю і сеў на салому, прыхіліўшыся да лубачнага задка саней, які прыкрываў яго ад ветру і снегу.

Васіль Андрэевіч няўхвальна паківаў галавою на тое, што рабіў Мікіта, але ён наогул не ўхваляў неадукаванасць і дурноту мужыцкую, і стаў уладкоўвацца нанач.

Ён разраўнаваў рэшту саломы на санях, паклаў гусцей сабе пад бок і, засунуўшы рукі ў рукавы, прыладзіўся галавою ў кут саней, да перадка, які прыкрываў яго ад ветру.

Спаць яму не хацелася. Ён ляжаў і думаў: думаў усё аб адным, аб тым, што было галоўнай мэтай, сэнсам, радасцю і гонарам ягонага жыцця,— аб тым, колькі ён нажыў і, можа, яшчэ нажыць грошай; колькі іншыя, яму вядомыя людзі, нажылі і маюць грошай, і як гэтыя іншыя нажывалі і нажываюць грошы, і як ён, гэтак жа як і яны, можа нажыць яшчэ многа грошай. Купля Гарачкаўскага лесу была для яго справаю вялізнай важнасці. Ён спадзяваўся на гэтым лесе пажывіцца адразу, магчыма, дзесяткамі тысяч. I ён стаў у думках ацэньваць бачаную ім увосень дзялянку, дзе ён на дзвюх дзесяцінах пералічыў усе дрэвы.

«Дуб на палазы пойдзе. Зрубы самі па сабе. Ды дроў сажняў трыццаць, і ўсё з аднае дзесяціны,— казаў ён сабе.— З дзесяціны ў горшым выпадку па дзвесце з чацвярным астанецца. Пяцьдзесят шэсць дзесяцін, пяцьдзесят шэсць соцень, ды пяцьдзесят шэсць соцень, ды пяцьдзесят шэсць дзесяткаў, ды яшчэ пяцьдзесят шэсць дзесяткаў, ды пяцьдзесят шэсць пяткоў». Ён бачыў, што выходзіць за дванаццаць тысяч, аднак без лічыльнікаў не мог уявіць, колькі будзе дакладна. «Дзесяці тысяч усё ж не дам, а тысяч восем, ды каб за вылікам палян. Каморніка падмажу — сотню, а то і паўтары; ён мне дзесяцін з пяць палян намерае. I за восем аддасць. Зараз тры тысячы ў зубы. Не можа быць, каб не адступіўся,— думаў ён, намацваючы перадплеччам рукі пулярэс у кішэні.— I як гэта не патрапілі на заваротку, бог яго ведае! Павінны ж тут быць лес і вартоўня. Сабак не чуваць. Не брэшуць, праклятыя, калі трэба». Ён адкінуў каўнер ад вуха і стаў прыслухоўвацца; чуваць быў усё той жа посвіст ветру, у аглоблях трапятанне і ляскат хусткі, шапаценне па лубку саней завірушнага снегу. Ён ухутаўся зноў.

«Каб ведаў, начаваць бы застаўся. Але нічога, даедзем і заўтра. Толькі дзень лішні. У гэткае надвор’е і тыя не паедуць». I ён успомніў, што да дзевятага трэба атрымаць за маркачоў грошы ад мясніка. «Хацеў быў сам прыехаць; не застане мяне — жонка не зможа грошай узяць. Вельмі ж неадукаваная. Абыходжання сапраўднага не ведае»,— разважаў ён далей, прыгадваючы, як яна не ўмела абысціся са станавым, які быў учора на свяце ў яго ў гасцях. «Вядома — жанчына! Дзе яна што бачыла? За бацькамі які наш дом быў? Так сабе, вясковы мужык багаты: рушка ды заезны дом — і ўсё тое багацце. А я што за пятнаццаць гадоў зрабіў? Крама, два шынкі, млын, ссыпка, два маёнткі ў арэндзе, дом са свірнам пад жалезным дахам,— прыгадваў ён з гонарам.— Не тое, што за бацькам! Хто цяпер у акрузе грыміць? Брахуноў.

А чаму так? Таму што справу помню, стараюся, не так, як іншыя — лежні або глупствам займаюцца. А я начэй не сплю. Мяцеліца не мяцеліца — еду. Ну і справа робіцца. Яны думаюць, так, жартуючы грошыкі нажываюць. Не, ты папрацуй ды галаву паламай. Вось гэтак заначуй у полі ды ночы не спі. Нібы падушка ад думы ў галавах варочаецца,— разважаў ён з гонарам.— Думаюць, што ў людзі выходзяць праз шчаслівы выпадак. Вунь, Міронавы пры мільёнах зараз. А чаму? Працуй. Бог і дасць. Толькі б даў бог здароўя».