Выбрать главу

IX

Даклыпаўшы да саней, Васіль Андрэевіч ухапіўся за іх і доўга стаяў так нерухома, стараўся супакоіцца і аддыхацца. На ранейшым месцы Мікіты не было, але на санях ляжала штосьці, занесенае ўжо снегам, і Васіль Андрэевіч здагадаўся, што гэта быў Мікіта. Васіля Андрэевіча цяпер ужо зусім пакінуў страх, і калі ён баяўся чаго, дык толькі таго жудаснага стану, які ён перажыў на кані, і асабліва тады, калі адзін астаўся ў сумёце. Трэба было чаго б гэта ні каштавала не падпусціць да сябе гэтага страху, а каб не падпусціць яго, трэба было рабіць што-небудзь, чым-небудзь заняцца. I таму першае, што ён зрабіў, было тое, што ён, павярнуўшыся спіною на вецер, распусціў Футра. Потым, як толькі ён крышку аддыхаўся, ён вытрас снег з ботаў, з левай пальчаткі, правая была безнадзейна згублена і, мусіць, ужо дзе-небудзь на дзве чвэрці пад снегам; потым ён зноў туга і нізка, як ён падпяразваўся, калі выходзіў з крамы купляць з вазоў хлеб у мужыкоў, зацягнуўся папругаю і падрыхтаваўся што-небудзь рабіць. Першае, што ён вырашыў, гэта выпрастаць нагу каню. Васіль Андрэевіч і зрабіў гэта і, вызваліўшы повад, прывязаў Гнядога зноў да жалезнае дужкі ля перадка і стаў заходзіць ззаду каня, каб паравіць шляю, падсядзёлак і зрэб’е; але ў гэты час убачыў, што на санях нешта заварушылася і з-пад снегу, якім яна была засыпана, паднялася Мікітава галава. Відаць, з вялікім намаганнем Мікіта прыўзняўся і сеў і неяк дзіўна, быццам адганяючы мух, стаў махаць перад носам рукою. Ён махаў рукою і казаў нешта, як здалося Васілю Андрэевічу, зваў яго. Васіль Андрэевіч пакінуў зрэб’е, не паправіўшы яго, і падышоў да саней.

— Чаго ты? — спытаў ён.— Што кажаш?

— Памі-мі-міраю я, вось што,— праз сілу, перарывістым голасам вымавіў Мікіта.— Нажытае малому аддай ці бабе, усё роўна.

— А чаго, ці змерз? — спытаў Васіль Андрэевіч.

— Чую, смерць мая... даруй, богам прашу...— сказаў Мікіта плаксівым голасам і ўсё працягваў, нібы адганяў мух, махаць перад тварам рукамі.

Васіль Андрэевіч з паўхвіліны пастаяў моўчкі і нерухома, потым раптам з той жа рашучасцю, з якою ён удараў па руках пры выгаднай пакупцы, ён адступіў крок назад, закасаў рукавы футра і абедзвюма рукамі пачаў выграбаць снег з Мікіты і з саней. Як толькі выграб снег, Васіль Андрэевіч хуценька расперазаўся, расправіў футра і, штурхнуўшы Мікіту, лёг на яго, закрываючы яго не толькі сваім футрам, а і ўсім сваім цёплым, разгарачаным целам. Заправіўшы рукамі крыссе футра між лубком саней і Мікітам і каленьмі ног прыхапіўшы яго падол, Васіль Андрэевіч ляжаў гэтак ніцма, упершыся галавою ў лубок перадка, і цяпер ужо не чуў ні руху каня, ні свісту завірухі, а толькі прыслухоўваўся да Мікітавага дыхання. Мікіта спачатку доўга ляжаў нерухома, потым шумна ўздыхнуў і паварушыўся.

— Вось бачыш, а ты кажаш — паміраю. Ляжы, грэйся, мы вось як...— пачаў быў Васіль Андрэевіч.

Але далей ён, на сваё вялікае здзіўленне, не мог гаварыць, таму што слёзы наплылі на вочы і затрымцела ніжняя сківіца. Ён перастаў гаварыць і толькі глытаў тое, што падступала яму да горла. «Напалохаўся я, мусіць, знясілеў зусім»,— падумаў ён пра сябе. Аднак ягоная кволасць гэтая не толькі не была яму непрыемная, але прыносіла яму нейкую асаблівую радасць, якой ён яшчэ ні разу не зведаў.

«Мы вось як»,— казаў ён сабе, адчуваючы нейкае асаблівае ўрачыстае замілаванне. Даволі доўга ён ляжаў гэтак моўчкі, выціраючы вочы аб мех футра і падбіраючы пад калені правае крысо футра, якое ўвесь час адкідвала ветрам.

Але яму дужа хацелася сказаць каму-небудзь пра свой радасны настрой.

— Мікіта! — сказаў ён.

— Добра, цёпла,— пачуўся голас знізу.

— Так, так, браток, ледзьве не загінуў я. I ты б замерз, і я...

Ды тут зноў затрымцелі ў яго скулы, і вочы зноў наліліся слязьмі, і ён не мог гаварыць.

«Ну, нічога,— падумаў ён.— Я сам пра сябе ведаю, што ведаю».

I ён змоўк. Гэтак ён ляжаў доўга.

Яму было цёпла знізу ад Мікіты, цёпла і зверху ад футра; толькі рукі, якімі ён прытрымліваў крыссе футра на Мікітавых баках, і ногі, з якіх вецер увесь час адкідаў футра, пачыналі мерзнуць. Асабліва мерзла правая рука без пальчаткі. Але ён не думаў ні пра свае ногі, ні пра рукі, а думаў толькі пра тое, як бы адагрэць мужыка, які ляжаў пад ім.