Іван Ільіч прыехаў на кароткі час. 10 верасня яму трэба было прымаць пасаду і, апрача таго, патрэбен быў час, каб уладкавацца на новым месцы, перавезці ўсё з правінцыі, прыкупіць, прызаказаць яшчэ шмат чаго; адным словам, уладкавацца так, як гэта вырашана было ў ягонае галаве, і амаль дакладна так, як гэта вырашана было і ў душы Праскоўі Федараўны.
I цяпер, калі ўсё ўладкавалася гэтак удала і калі яны сыходзіліся з жонкаю ў мэце і, апрача таго, мала жылі разам, яны гэтак дружна сышліся, як не сыходзіліся з першых гадоў жанатага свайго жыцця. Іван Ільіч спачатку думаў адразу забраць сям'ю, але намаганні сястры і зяця, якія раптам сталі асабліва ветлівыя і сваяцкія да Івана Ільіча і ягонае сям’і, зрабілі тое, што Іван Ільіч паехаў адзін.
Іван Ільіч паехаў, і вясёлы настрой, выкліканы ўдачаю і згодаю з жонкаю, увесь час не пакідаў яго. Знайшлася кватэра цудоўная, тое самае, аб чым марылі муж з жонкаю. Шырокія, высокія, у старым стылі прыёмныя пакоі, зручны грандыёзны кабінет, пакоі для жонкі і дачкі, класны пакой для сына — усё нібыта знарок прыдумана для іх. Іван Ільіч сам узяўся за ўладкаванне, выбіраў шпалеры, дадаткова купляў мэблю, больш са старызны, якой ён надаваў асаблівы камільфотны стыль, абіўку, і ўсё расло, расло і набывала той ідэал, пра які ён марыў. Калі ён напалову ўладкаваўся, ягонае ўладкаванне пераўзышло ўсё, пра што ён думаў. Ён разумеў той камільфотны, прыгожы і не пошлы характар, які набудзе ўсё, калі будзе гатова. Засынаючы, ён уяўляў сабе залу, якою яна будзе. Пазіраючы на гасціную, яшчэ не скончаную, ён ужо бачыў камін, экран, этажэрку і гэтыя крэсліцы раскіданыя, гэтыя блюды і талеркі па сценах і бронзы, калі яны ўсе стануць на свае месцы. Яго радавала думка, як ён здзівіць Пашу і Лізаньку, якія таксама маюць да гэтага густ. Яны зусім не чакаюць гэтага. Асабліва яму ўдалося знайсці і танна купіць старыя рэчы, якія надавалі ўсяму асабліва шляхетны характар. Ён у лістах сваіх знарок паказваў усё горш, чым ёсць, каб здзівіць іх. Усё гэта так займала яго, што нават новая служба ягоная, якую ён любіў, займала яго менш, чым ён чакаў. У часе пасяджэнняў у яго былі хвіліны няўважлівасці: ён пачынаў думаць пра тое, якія карнізы на гардзіны, простыя ці падагнутыя. Ён так быў заняты гэтым, што сам часта корпаўся, перастаўляў нават мэблю і сам перавешваў гардзіны. Аднойчы ён залез на драбінку, каб паказаць безгустоўнаму абіўшчыку, як ён хоча драпіраваць, паслізнуўся і ўпаў, але, як дужы і спрытны чалавек, утрымаўся, толькі выцяў бок аб ручку рамы. Выцятае месца пабалела, але хутка аціхла. Іван Ільіч адчуваў сябе ўвесь гэты час асабліва вясёлым і здаровым. Ён пісаў: адчуваю, што з мяне зляцела гадоў пятнаццаць. Ён меркаваў скончыць у верасні, а зацягнулася да паловы кастрычніка. Затое атрымалася цудоўна,— не толькі ён казаў, але і яму казалі ўсе, хто бачыў.
Па сутнасці ж, было тое самае, што бывае ва ўсіх не зусім багатых людзей, аднак такіх, якія хочуць быць падобнымі да багатых і таму толькі падобны адзін да аднаго: штофы, чорнае дрэва, кветкі, дываны і бронзы, цёмнае і бліскучае,— усё тое, што ўсе славутага роду людзі прадпрымаюць, каб быць падобнымі да ўсіх людзей славутага роду. I ў яго было гэтак жа падобна, што нават нельга было звярнуць увагі; аднак яму ўсё гэта здавалася чымсьці незвычайным. Калі ён сустрэў сваіх на чыгуначнай станцыі, прывёз іх у сваю гатовую кватэру, і лёкай у белым гальштуку адчыніў дзверы ў пярэдні пакой, упрыгожаны кветкамі, а потым яны зайшлі ў гасціную, кабінет і ахкалі ад радасці,— ён быў дужа шчаслівы, вадзіў іх усюды, прымаў іх пахвалу і ззяў ад радасці. У гэты ж вечар, калі за чаем Праскоўя Федараўна спытала ў яго між іншым, як ён упаў, ён засмяяўся і вельмі выразна паказаў, як ён бразнуўся і напалохаў абіўшчыка.
— Нездарма я гімнаст. Хто іншы забіўся б, а я толькі крышку выцяўся вось тут; калі памацаеш — баліць, але праходзіць; проста сіняк.
I яны пачалі жыць у новым памяшканні, у якім, як заўсёды, калі добра абжыліся, не хапала толькі аднаго пакоя, і з новымі сродкамі, да якіх, як заўсёды, толькі крышку — якіх-небудзь пяцьсот рублёў — не хапала, і было вельмі добра. Асабліва было добра першы час, калі яшчэ не ўсё было ўладкавана і трэба было яшчэ ўладкоўваць: то купіць, то заказаць, то пераставіць, то наладзіць. Хоць і былі часам нелады паміж мужам і жонкаю, аднак абое гэтак былі рады і гэтак шмат было розных спраў, што ўсё канчалася без вялікіх сварак. Калі ж усё было ўладкавана, зрабілася нават крышку сумна і нечага стала як бы не хапаць, але тут ужо паявіліся знаёмыя, звычкі, і жыццё завіравала.
Іван Ільіч звычайна раніцу праводзіў у судзе, потым вяртаўся на абед; першы час ён хадзіў у гуморы, хаця іншы раз крышку і пакутаваў менавіта праз памяшканне. (Любая пляма на абрусе, на штофе, абарваны шнурок на гардзіне раздражнялі яго: ён гэтулькі паклаў працы на ўладкаванне, што яму балюча было любое разбурэнне.) А наогул жыццё ў Івана Ільіча пайшло так, як, згодна з ягонаю вераю, і павінна было ісці: лёгка, прыемна і прыстойна. Уставаў ён а дзевятай, піў каву, чытаў газету, потым надзяваў віцмундзір і ехаў у суд. Там ужо быў абмяты той хамут, у якім ён працаваў; ён адразу ж трапляў у яго. Просьбіты, даведкі ў канцылярыі, сама канцылярыя, пасяджэнні — публічныя і распарадчыя. З усяго гэтага трэба было ўмець выключаць усё тое сырое, жыццёвае, што заўжды парушае дакладны бег службовых спраў: трэба не дапускаць з людзьмі ніякіх адносін, апроч службовых, і повад да адносін павінен быць толькі службовы і самі адносіны толькі службовыя. Напрыклад, прыходзіць чалавек і хоча пра нешта дазнацца. Іван Ільіч як чалавек неслужбовы і не можа мець ніякіх адносін да такога чалавека; аднак, калі ёсць адносіны гэтага чалавека як да члена, такія, якія могуць быць выказаны на паперы з загалоўкам,— у межах гэтых адносін Іван Ільіч робіць усё, усё рашуча, што можна, і пры гэтым захоўвае форму чалавечых прыязных адносін, гэта значыць пачцівасць. Як толькі канчаюцца адносіны службовыя, канчаецца і ўсё іншае. Гэтым уменнем аддзяляць службовы бок, не блытаючы яго са сваім сапраўдным жыццём, Іван Ільіч валодаў у вышэйшай ступені і доўгай практыкай і талентам адпрацаваў яго да такой ступені, што ён нават, як віртуоз, часам дазваляў сабе, нібы жартам, блытаць чалавечыя і службовыя адносіны. Ён дазваляў гэта сабе таму, што адчуваў у сабе сілу заўсёды, калі яму трэба было, зноў вылучыць адны службовыя адносіны і адкінуць чалавечыя. Справы гэтыя ішлі ў Івана Ільіча не толькі лёгка, прыемна і прыстойна, але нават віртуозна. У часе перапынкаў ён курыў, піў чай, гутарыў крышку пра палітыку, крышку пра агульныя справы, крышку пра карты і больш за ўсё пра назначэнні. I стомлены, але з пачуццём віртуоза, які дасканала правёў сваю партыю, адну з першых скрыпак у аркестры, вяртаўся дадому. Дома дачка з маткаю куды-небудзь ездзілі або ў іх быў хто-небудзь; сын хадзіў у гімназію, рыхтаваў урокі з рэпетытарамі і старанна вывучаў тое, што выкладалі ў гімназіі. Усё было добра. Пасля абеду, калі не было гасцей, Іван Ільіч іншы раз чытаў кнігу, пра якую шмат гаварылі, а ўвечары садзіўся за працу — чытаў паперы, праглядаў законы, звяраў паказанні і падводзіў пад законы. Яму ад гэтага было ні нудна, ні весела. Нудна было, калі можна было гуляць у вінт; а калі не было вінта — дык гэта было ўсё ж лепей, чым сядзець аднаму або з жонкаю. Радасцю ж у Івана Ільіча былі маленькія абеды, на якія ён запрашаў важных па свецкім становішчы дам і мужчын, і такое баўленне часу з імі, якое было б падобна да звычайнага баўлення часу такіх людзей, гэтак жа як ягоная гасціная была падобна да ўсіх гасціных.