Вечарынка скончылася спакойна. Анатоль зусім не чапляўся да Ганны, хаця сам сабою зрабіўся відавочнаю зоркаю сьвята, дарма што бязь лютні. Міхась адно хітаў галавою: „Ну-ну, спадару Лагуцёнак, як жа нам з вамі можна вадзіцца? Вы ж над меру вульканічны, дый жа там, дзе ня трэба“. Лютніста ня чуў жаўнера, бо ня ўмеў чытаць ду мак. Абодва яны тады не маглі д аўмецца, што до сыць шчыльна іх зьвядзе су пр аца зь Яўменам Кудзенікам. Толкам пра яго ніхто нічагуські ня ведаў, як ня зналі, ці сапраўды яго так завуць. Зрэшты, ён ня надта сьвяціўся ў беларускіх асяродках Генэральнае акругі Вайсрутэнія, застаючыся заўсягды ў прыцемку. Адны казалі, што ён працуе на гаўляйтэра, другія — што на Маскву, трэцім здавалася, што Яўмен — агент брытанскае альбо нат амэрыканскае разьведкі. Аднак Кудзенік працаваў на незалежную Беларусь, якой літаральна трызьніў, не забываючыся пра ўмовы кансьпірацыі. У Менску пра гэта ведалі ўсяго чалавек сем, сярод каторых не было ніводнага немца. Але ж і ніхто з Рады Мужоў Даверу ня меў ані слыху ані прослыху аб тым, што нехта ў іх пад носам, але бязь іх самых, ходаўся за вольную Бацькаўшчыну й нават не ўвайшоў у падпольную БНП. Яўмен зарганізоўваў адстароненьне найбольш адыёзных ды нахабных дзеячоў савецкае партызанкі, месцкага бальшавіцкага падпольля, акупацыйных уладаў і польскага руху. Калі камуністаў і палякаў прыбіралі зазвычай збройна, тарнуючы ўсё магчымае — ад нажа да проціпяхотных мінаў, то немцаў мардавалі ціхутка- спакайнютка, імітуючы сардэчныя прыступы ці якія-кольвек пабытовыя няшчасныя здарэньні. А ўсё дзеля таго, каб немцы не ўзялі пад тыя падзеі закладнікаў ды не расстралялі іх за адсутнасьцю ахвотных узяць адказнасьць на сябе. Не хацелася
Кудзеніку дараўновацца чырвоным вар ’ятам, сярод якіх знайшоўся, ён чуў, верхавод аднае банды, што нават свае дзеткі ня стаў з закладнікаў ратаваць. Як жа, камунізм найперш! Змагар бачыў у тым глыбачэнную паталёгію. Будучыня Беларусі на агульным тле падзеяў паўставала цьмянымі абрысамі. Але ён цепліў спадзеў, што далейшы лёс Радзімы будзе вырашацца з удзелам Вялікае Брытаніі й Задзіночаных Штатаў.
Блізка пасьля праваслаўных Калядаў абазнаныя людзі прынесьлі зьвесткі, якія давалі праўдзівую магчымасьць выявіць і зьнішчыць аднаго з кіраўнікоў бальшавіцкіх груповак па мянюшцы Марат. Кудзенік пастанавіў неадвалочна правесьці акцыю зьнішчэньня, пра што найперш загаварыў зь Міхасём Лапіцкім, каторага знаў яшчэ з Гомелю.
— Ты, браце, цудоўна цеміш, што й тэўтоны, і саветы, і пагатоў ляхі за сяньняшніх часоў ня могуць быць нам праўдзівымі прыяцелямі. Дык жа прыходзіцца спадзявацца толькі на самых сябе, а почасту — нават адно насябе самога, бо элемэнтарнага даверу да людзёў мець ня можаш. Цябе ж ведаю даўна. Нешта рабілі разам.
— Ну, так, вядома ж. Але чаго ты кажаш такія ясныя рэчы?
— Проста на гэтай сранай вайне мы мусім сабе тое паўтараць як мага часьцей, інакш загінем, што быдла. Ты знаеш, ё канкрэтная задача.
— Ад часоў вывучэньня арытмэтыкі ў школе не люблю задачаў.
— Твой гумар — проста з моста, ды ня ў рэчку, а ў парэчку. Задача, вядома, у іншым рэчышчы...
— Зразумела.
Кудзенік колькімі словамі абмаляваў кшталт замеркаванай апэрацыі. Лапіцкі то слухаў, то ня слухаў, нырцуючы ў хвалях упэўненай інтанацыі й пераканаўчых аргумэнтаў.
— Я згодны, — вымавіў Міхась.
— Але ж гутарка мусіць астацца між намі. Інакш абодвум гамон капітальны прысьніцца.
— Крыўдзіш, Яўмене!
— То й ладна. А, чытаў жа кагадзе твой опус у „Беларускай газэце“. Нічога так.
— Ды скуль вы ўсе бераце, што гэта я пісаў? Тамака ж псэўданім.
— Твой стыль, Міхасю, знаеш. А яна хаця ведае?
— Хто? — пуставойтаўскім тонам выдыхнуў жаўнер.
— Я дурэю як той Халімон на каранацыі! Двох дарослыя людзі, а такім блазноцьцем маецеся!
— Ну, Яўмене, хто ж вінен, што ўсё так атрымліваецца? Ізноў жа — вайна.
— Так, вайна — поўны мех гаўна. Але ж, як кахаеш, то бяры сваё каханьне ў рукі, не зважаючы ні на што. І ня трэба тут расейскую раманістыку ўдаваць.