— Ды якая там к кадукам сабачым рамані стыка?
За пару кварталаў побач загрукаталі аўтаматы, перарваўшы гутарку. Хлопцы хуценька- хуценька разьвіталіся й разьбегліся на розныя бакі.
Падобная, ды не зусім падобная размова адбылася пазьней між Кудзенікам і Лагуцёнкам. Лютніста ўвесь час блазнаваў, пра што б змагар ні казаў. Справа вымагала сур ’ёзнасьці, і Яўмен адно таму вырашыў пагаварыць з Анатолем, бо знаў яго ўжо ў справе, калі бясшумна прыбралі бурмістра аднаго зь няблізкіх местаў. Інакш бы з музыкам ні пра што ісьціся не магло б. І гэтым разам ён пагадзіўся браць удзел у апэрацыі, але ані мізэрнае капулькі не суцішваў свайго сьмеханьня.
— Яўмене, як памру, то забяры ты сабе маю жонку. Яна бяз добрага мужыка засохне, як тая чараціначка. А я ж няверны муж у яе. Помню, быў я ў адным месьцейку ў вайсковай зоне. О, тамака ў мяне была жанчынка!
— Анатоль, што ты ўсё мянціш як мянташка? Няма моцы куды задзеці? Га? Сотку а пятсотку я наслухаўся аб тваіх прыгодах. Наконт „памру“ ты ня рохкай. Як шанцуе, то й карова танцуе: і танго, і факстрот. Жонка ў цябе, што праўда, баба ладная, але не майго густу, далібог. Кантралюй, калі ласка, свае эмоцыі. Згодна?
— Лады, пане Яўмене. Ты растлумач мне толькі, пры чым тут Лапіцкі? Я разумею — ён салдат, жаўнер нават, аднак жа нейкі ён млявы. Дый Ганульку, відна, кахае. І чуе маё сэрцайка, што пераканае ён яе ўрэшце.
— Анатоль! Кантралюй эмоцыі. Гэты млявы жаўнерык у 41-м 22 чэрвеня тутака столькі бальшавікоў парэзаў, колькі ты, мабыць, свойскіх кабанчыкаў за ўсё сваё жыцьцё не закалоў. Наш гэта чалавек. Што да Г анулькі, дык я не разумею тут твайго інтарэсу. Дый справы гэта не датыкаецца.
— Як жа? Я ж яе з 37-га пераконваю, ды ўсё безвынікова. А ён.
— Ён, дарэчы, яшчэ ніякіх канкрэтных захадаў не рабіў.
— Не рабіў?! А ў газэтках вершы хіба для Гітлера з Гёбэльсам друкуе?
— Ха-ха. Ну ладна, мо й для Ганны. Але сучасную жанку вершыкамі пераканаць цяжка.
— Думаеш? Але ж як прыгожа гучыць, халера красная: „Хочу краскі зьбіраць у тваім сьветлым садзе.“
— Добра балбатаць, але справа больш талераў каштуе. Пабачымся.
— Давай.
Змагар і лютніста парукаліся на адвітаньне. Кудзенік пайшоў, агулам задаволены шматплянавай размовай. Музыку было мулкавата з прычыны свомасьцяў собскага характару, наяўнай у галаве інфармацыі ды вельмі потных рук.
На вуліцы Янкі Купалы Міхась заўважыў і азваў Ганну. Тая сьцепанулася, убачыўшы за сабою чалавека ў форме. Але зразумеўшы, што за ёй знаёмца, прашаптала:
— А, гэта ты. Дабрыдзень.
— Дабрыдзень, Гануля.
— Слухай, Міхаську, я нешта ня цямлю, што за ўродзтва ты надрукаваў у „Беларускай Газэце“?
— Ты што, ясачка? Гэта ж паэзія чыстае красы!
— Ага, усе гэтыя „краскі“ ў маім „садзе“, усе гэтыя „чарэсьні“ на маіх „дрэвах“? Міхаську, ты ня цар Салямон, а я не Суламіта. Гэта не паэзія, а парнаграфія. Нашто ты прыплёў мяне ў гэты верш?
— Чаму цябе? Гэта няма ж нічога пэўнага, адно лірычны герой зварачаецца да Madchen von seiner Traumen...
— Прабач, але не ўважай мяне за дурніцу. Тамака пасьля першай страфы шэсьць радкоў пачынаюцца зь літараў, якія складаюць маё імя — ГАНУЛЯ.
— Дык жа не адна Г ануля ў генэральнай акрузе.
— Ды глупства. — пачала была тлумачка, але жаўнер зрабіў тое, чаго было цяжка спаткаць у даваенным і рэдка сустрэць у ваенным Менску на людных месцах.
Ён проста-ткі затакаваў паненку і, узяўшы ў абдоймы, пачаў цалаваць. Тая тарганулася колькі разоў, выяўляючы прыліковы супраціў, але неўзабаве хлапец адчуў, што ейныя вусны адказваюць гэткім жа жаданьнем і пяшчотаю. „Bravo, bravo, Soldat! “ — пацяшаўся патруль, што прайшоў паўзбок цалавальнікаў.
Працяг быў пэўным — выявілася, што любоў для нармальнае беларускае паненкі — гэта ўсё, без увагі на вайну ды іншыя завады, прыгоды, нагоды. Калімілосная дзея скончылася, Ганна аблілася сьлязьмі: „Міхасю, мой міленькі, у нас нямашака жаднае прышласьці. Мы згінем. Вернуцца саветы і ўчыняць тут тры, чатыры, а то нават і дзесяць новых 37-ых гадоў. І ўсе будуць маўчаць. Яны заўсёды маўчаць. Баранкі Божыя... Кахаем? Але сэнсу, родненькі? Колькі з таго сэнсу ? Трэба ўцякаць адгэтуль за тры моры, а то й яшчэ далей“. Хлопец ня мог суцішыць гэтыя раптоўныя сьлёзы каханае дзяўчыны, таму адно церабіў ейныя доўгія ядвабныя валасы, думаючы зусім па-і ншаму й пра іншае.
Паводле задумы Кудзеніка, у прызначанай апэрацыі галоўную ролю мусіў граць Міхась, а Лагуцёнак адно падстрахоўваць. З тае прычыны лютніста ведаў пра ўдзел у справе жаўнера, а жаўнер пра здольніцтва лютністы й не здагадваўся. Кожны мусіў адказваць адно за сваю валоку ў акцыі. Кудзенік рыхтаваў адыход. Сустрэўшыся на