Верагодна, што там, дзе-небудзь у стале цi шафе, i хаваецца дзённiк, якi я аднойчы пачытаў без дазволу. Але ж з дазволу дзённiкi чытаюць толькi пасля смерцi, i гэта сумна. Я ж апраўдваў свой учынак прагаю помсты. Толькi, мiж намi, якое гэта апраўданне, так — самападман.
Напярэдаднi Ракiцкi забiў цвiк у маё палатно. Мастакi адразу зразумеюць, што гэта такое. Я напiсаў вялiзную, тры на тры метры, копiю з фрэскi "Жабрак i дзяўчына з сабакам". Мы ладзiлi справаздачную выставу, i копiю трэба было павесiць. Сцены ў саборы, дзе мы працавалi, былi няроўныя, i адзiн рог палатна недарэчна завiсаў у паветры. Ракiцкi працяў палатно i падрамнiк даўжэзным цвiком i ўсё ж прыцягнуў копiю да сцяны. "Дзеля вялiкага i агульнага трэба ахвяраваць дробным i нязначным", — так вытлумачыў Расцiслаў свой учынак. "Усё можна зразумець, але не ўсё можна дараваць", — я зацяўся. Ягонае вялiкае не супала з маiм. А тут якраз сшытак на засланым па-салдацку ложку.
"Прыехалi iнстытуцкiя выкладчыкi. Нават у Мсцiславе, за 300 кiламетраў ад сваiх кватэр i пасад, яны адчуваюць сябе гаспадарамi свету. Сыплюць парадамi, пажаданнямi i адзнакамi, нiбыта шпурляюць манеты жабракам на цвiнтары. (А мне за копiю "Жабрак i дзяўчына з сабакам" паставiлi выдатна. Гэта мiж iншым, цi, як казаў купалаўскi Мiкiта Зносак, "меджду протчым".) Няўжо яны нiколi не зразумеюць, што можна працаваць i не дзеля адзнак, пасад, кватэр?.."
Далей iшла персанiфiкацыя i больш жорсткая крытыка, называлiся прозвiшчы Анiкейчыка, Вашчанкi, Роя, Стальмашонка. Цытавалiся рэплiкi: "Анёл у натуральную велiчыню", "Фiгурii ў паўтары натурii", "Левая кiстня рукi анёла"...
Я спынiў чытанне, было крыўдна за сябе i за Расцiслава, бо я спадзяваўся знайсцi ў дзённiку тэалагiчныя развагi, а не крытычныя побытавыя нататкi пра кватэры i шматлiкiя апiсаннi мясцiн, дзе мог бы стаяць уласны дом пана Ракiцкага. Я тады яшчэ быў перакананы, што, каб рэстаўраваць сабор, трэба быць не толькi мастаком, але i вернiкам. Я памылiўся, бо не разумеў, што мастацтва i рэлiгiя розныя рэчы. Яны могуць судатыкацца, але там, дзе пачынаецца рэлiгiя, канчаецца мастацтва i наадварот. Гэта, як дом i сабор. I па-вялiкаму — дома не варта малiцца.
Рабiць крытычныя заўвагi для Расцiслава рэч натуральная. Вось вам i прыклад...
Бяру дубец i пачынаю секчы крапiву, што разраслася каля саборнай сцяны. Мне дык у радасць тугi поўны свiст дубца; падабаецца, як падаюць нiц сiнявата-шарыя вершалiны крапiўных стамбуроў i разлятаюцца ў бакi кавалкi шурпатых зубчастых лiстоў.
Звычайна па такой вось касьбе i кажуць — адвёў душу.
Махаю дубцом, а з-за рага з'яўляецца Ракiцкi ў чырвоным спартовым строi. Ён уздымае ўгору указальны палец i махае iм: "Нельга так распускацца, трэба трымаць сябе ў руках".
Настаўнiцкi тон заўвагi, палец, узняты над маiм дзеяннем, i не скажаш — адвёў душу.
"Калi так хочаш, вазьмi касу ў вартаўнiка i павыкошвай траву".
I без Ракiцкага ясна, што касою цi сярпом зручней выкошваць траву-крапiву, але тады не будзе спантаннасцi i душу не адвядзеш.
Свой педагагiчны ўказальны палец Расцiслаў аднойчы зламаў. I зрабiў гэта недарэчна, маю на ўвазе, што патрэбы ламаць яго не было анiякай. Бывае ж i такое, што не да пальцаў — дзяцей баронiш, за жанчыну ўступiўся цi Радзiму ахоўваеш, зрэшты. А тут... Ішоў, за купiну зачапiўся, раўнавагу згубiў, на руку ўпаў, нават i не пакацiўся, а ўжо выпрастаўся i адчуў, што палец балiць.
У лякарнi на апухлы i пасiнелы палец наклалi бялюткi гiпс. Але i дня не прайшло, як той гiпс, што кавалак лёду, бялеў на сметнiку за саборам.
"Адчуў, што мне няправiльна паклалi гiпс. I вось бачыш, зрабiў дзве дошчачкi, зацiснуў памiж iмi палец, i цяпер у гэтай жорсткай няхiсткай канструкцыi ён зрасцецца роўна, а не крыва. Мне патрэбны палец роўны, а не крывы".
Лекар страшэнна абурыўся, калi пабачыў дошчачкi, i нават палохаў, што не выдасць даведкi. Тады Расцiслаў паабяцаў, што зробiць у лякарню iнфармацыйны стэнд бясплатна. Стэнд рабiў я, бо скажыце, як можна намаляваць дый наогул нешта тонкае рабiць, калi ў цябе зламаны ўказальны палец на правай руцэ? Але ж я бачыў, як Ракiцкi пiсаў свой дзённiк левай рукою, — надзiва хутка i роўна, ну проста Леанарда да Вiнчы з тэлевiзiйнага серыяла.