Выбрать главу

Яна павінна была прыйсці! Яна павінна была заўважыць, што яго няма, павінна была адчуць, што́ з ім робіцца, павінна была таемна пайсці за ім, нават хоць бы спачувальна пакласці яму руку на плячо і сказаць: "Хадзем туды да нас, радуйся, я кахаю цябе!" І ён прыслухоўваўся, што там за спінаю, і чакаў у неразумным напружанні, што яна прыйдзе. Але яна не прыйшла. Нічога падобнага не адбылося.

Няўжо і яна смяялася з яго, як і ўсе астатнія? Ну так, і яна смяялася, як бы яму ні хацелася не пагаджацца з гэтым дзеля сябе і дзеля яе. І толькі зачараваны яе блізкасцю, ён танчыў той "moulinet des dames". І ў чым гэта пашкодзіла? Магчыма, аднойчы ўсё ж яны перастануць смяяцца! Ці не ўзяў нядаўна адзін часопіс яго верш; няхай ён потым і закрыўся, перш чым верш быў апублікаваны… І настане дзень, калі ён будзе знакамітым, калі ўсё, што ён напіша, будзе публікавацца, і тады яшчэ паглядзім, ці не паўплывае гэта на Інгу Гольм… Не паўплывае, не, у гэтым і рэч. На Магдаліну Вэрмерэн, якая заўсёды падала, – але, на яе паўплывае. Але ніколі ў жыцці – на Інгу Гольм, ніколі ў жыцці на блакітнавокую вясёлую Інгу. І ці не было гэта ўсё дарэмна?

Ад гэтай думкі сэрца Тоніа Крэгера балюча сціснулася. Адчуць, як цудоўныя дзейныя і тужлівыя сілы хвалююцца ў табе, і пры гэтым ведаць, што тыя, да каго ты жарсна імкнешся, процістаяць ім у вясёлай недасканаласці – ад гэтага бывае вельмі балюча. Але хоць ён, самотны, адчужаны і без надзеі, стаяў перад зачыненым жалюзі і ў сваёй маркоце рабіў выгляд, што можа глядзець цераз акно, усё-такі ён быў шчаслівы. Бо тады яшчэ яго сэрца жыло. Цёпла і тужліва яно білася для цябе, Інгеборг Гольм, і яго душа ў святым самаадрачэнні ахутвала тваю бялявую, светлую і высакамерна звычайную маленькую асобу.

Не адзін раз ён з разгарачаным тварам самотна стаяў у месцах, куды вельмі ціха даляталі музыка, пахі кветак ды звон шклянога посуду, і намагаўся вылучыць у далёкай святочнай гамане твой звонкі голас; стаяў з болем за цябе і ўсё-такі быў шчаслівы. Не адзін раз ён адчуваў крыўду, што меў мажлівасць паразмаўляць з Магдаленай Вэрмерэн, якая ўвесь час падала, што яна яго разумела, што і смяялася з ім, і сур’ёзнаю была, у той час як бялявая Інга, калі нават ён сядзеў побач, здавалася далёкай ад яго і чужой, і яго не разумее, бо яго мова была не яе моваю; і ўсё-такі ён быў шчаслівым. Таму што шчасце, казаў ён сабе, гэта не быць каханым; гэта змешанае з агідай задавальненне дзеля славалюбства. Шчасце – гэта кахаць і, магчыма, падлоўліваць маленькія, падманныя набліжэнні да каханага аб’екта. І ён запісаў сабе ў душы гэтую думку, перадумаў яе да канца і адчуў яе грунтоўна да самае глыбіні.

"Вернасць! – падумаў Тоніа Крэгер. – Я хачу быць верным і кахаць цябе, Інгеборг, пакуль я жывы!" Такім добразычлівым ён быў. І ўсё-такі ў яго ў сярэдзіне страх і смутак ціха нашэптавалі, што і Ганса Ганзэна ён зусім забыў, хоць і бачыў яго штодня. І самае агіднае і вартае жалю палягала ў тым, што гэты ціхі і крыху зларадны голас казаў праўду, што час мінаў і надыходзілі дні, калі Тоніа Крэгер не так ужо і моцна, як калісьці, быў гатовы памерці за вясёлую Інгу, бо ён адчуў у сабе імпэт і сілы па-свойму стварыць у гэтым свеце шмат чаго надзвычайнага.

І ён асцярожна абышоў вакол таго ахвярнага алтара, на якім палала чыстае і нявіннае полымя яго кахання, укленчыў перад ім і паспрабаваў разварушыць і падсілкаваць яго якім-кольвечы чынам, бо прагнуў застацца верным. І праз нейкі момант, незаўважна, не аджываючы і без шуму, яно ўсё адно патухла.

Але Тоніа Крэгер нейкі час яшчэ пастаяў перад астылым алтаром, поўны здзіўлення і расчаравання з таго, што на гэтым свеце вернасць была немагчымай. Потым ён целяпнуў плячыма і пайшоў сваім шляхам.

III

Ён пайшоў тым шляхам, якім мусіў ісці, крышку бестурботна і нераўнамернымі крокамі, пасвістваючы сам сабе, са схіленаю набок галавою, пазіраючы ўдалячынь, і калі ён збіваўся са шляху, то гэта адбывалася таму, што для сяго-таго ўвогуле слушнага шляху не існуе. Калі б у яго спыталі, а кім ён збіраўся стаць, то ён даваў бы то адзін, то іншы адказ, бо ў яго была звычка гаварыць (і ён гэта ўжо таксама занатаваў), што ён носіць у сабе магчымасці для тысяч формаў існавання, разам з патаемным разуменнем, што гэта, у прынцыпе, адны толькі немагчымасці…