Выбрать главу

Яшчэ перш чым ён развітаўся з цесным бацькоўскім горадам, паціху разышліся скрэпы й ніці, што трымалі яго тут. Старадаўні род Крэгераў паступова трапіў у стан разбурэння і заняпаду, і ў людзей была прычына суадносіць самога Тоніа Крэгера з прыкметамі гэтага стану. Бацькава маці, ачольніца роду, памерла, а неўзабаве пасля яе смерці памёр і бацька, высокі, задумлівы, акуратна апрануты пан з палявою кветачкай у пятліцы. Вялікі дом Крэгераў разам з яго прыстойнаю гісторыяй быў выстаўлены на продаж, а фірма была распушчана. Аднак маці Тоніа, яго прыгожая палымяная маці, якая так выдатна іграла на раялі і мандаліне і якой усё было абыякава, пасля года жалобы зноў выйшла замуж – за музыканта-віртуоза з італьянскім імем, за якім яна падалася ў блакітную далеч. Тоніа Крэгер палічыў гэты ўчынак трохі падступным; але ці ягонай гэта была справа – перашкаджаць ёй у тым? Ён пісаў вершы і не мог адказаць, а кім жа ён усё-такі меркаваў стаць у гэтым свеце?

І ён пакінуў кантаваты родны горад, вакол вільчакоў якога свісцеў вільготны вецер; пакінуў фантан і стары арэшнік у садзе, знаёмцаў сваёй маладосці; пакінуў таксама і мора, якое ён так любіў, і не адчуў анізвання болю. Бо ён вырас і паразумнеў, зразумеў, што з ім дзеецца, і шчыра пасмейваўся з недарэчнага і нікчэмнага існавання, якое так доўга трымала яго ў сваім атачэнні.

Ён аддаў усяго сябе на волю сілы, якая падавалася яму самаю высакароднаю на зямлі, служыць якой, як яму здавалася, ён быў пакліканы, і якая абяцала яму веліч і пашану, сілу духу ды слова, якая з усмешкаю ўзвышаецца на троне над бессвядомым і нямым жыццём. З маладым запалам ён аддаўся ёй, і яна аддзячыла яму ўсім тым, чым яна можа абдарыць, а таксама бязлітасна забрала ў яго ўсё, што яна звычайна забірае ў якасці адплаты.

Яна абвастрыла яго зрок і дазволіла яму пранікнуць у сэнс высокіх слоў, якія надзімаюць грудзі людзей; яна адкрыла яму душы і зрабіла яго празорлівым, дазволіўшы зазірнуць у сярэдзіну свету і ва ўсё канчатковае, што хаваецца за словамі і дзеяннямі. Але галоўнае, што ён убачыў – камізм і нікчэмнасць… камізм і нікчэмнасць.

І тут, разам з пакутамі і пыхаю пазнання, прыйшла самота, бо яго не трывалі ў коле прастадушных з вясёла-змрочным духам: ім перашкаджала стыгма на ягоным ілбе. Але ўсё больш салодкім для яго рабілася задавальненне ад слова ды формы, бо ён меў звычку казаць (і ўжо занатаваў гэта), што адно веданне душы непазбежна прыносіла б смутак, калі б радасці выказвання не ўтрымлівалі нас у пільна бадзёрым стане.

Ён жыў у вялікіх гарадах, нярэдка і на поўдні, ад сонца якога ён абяцаў сабе больш шыкоўную спеласць свайго мастацтва; а магчыма, гэта ішло ад крыві яго маці, – чаму яго так цягнула туды. Але раз яго сэрца не магло жыць без любові, то ён паддаўся прыгодам плоці, рынуўся глыбока ў юр і палымяную правіннасць і пры гэтам невыказна пакутаваў. Магчыма, у ім жыла спадчыннасць бацькі – высокага, задуменнага, чыста апранутага мужчыны з палявою кветачкай у пятліцы – якая там, у глыбіні, змушала яго пакутаваць і часам абуджала ў ім слабы тужлівы ўспамін пра ўцеху душы, якая калісьці была ўласцівая яму і якая не паўтаралася больш ні ў якіх захапленнях.

Агіда і нянавісць да праяў пачуццёвасці апанавалі ім, а таксама прага чысціні й добрапрыстойнасці, у той час як ён усё ж дыхаў паветрам мастацтва, халаднаватым і салодкім, прапахлым свежасцю паветрам заўсёднай вясны, у якім усё паддаецца жыватворным інстынктам, булькаціць і родзіцца ў патаемнай асалодзе апладнення. Так і атрымалася, што ён, маральна нястрымна кіданы сюды-туды паміж дзвюма крайнасцямі, паміж ледзяной духоўнасцю і пачуццёвай жарсцю, што раз’ядала душу; адчуваючы згрызоты сумлення, ён вёў знясільвальны лад жыцця, небывалае, распушчанае і надзвычайнае жыццё, якое ён, Тоніа Крэгер, у прынцыпе ўспрымаў з агідаю. "Які заблытаны шлях! – часам думаў ён. – Як гэта магло здарыцца, што я трапіў ва ўсе гэтыя дзівосныя прыгоды? Я ж не цыган у зялёнай кібітцы па паходжанні…"

Але ў той меры, наколькі слабела яго здароўе, настолькі ж абвастралася яго мастакоўскасць, рабілася больш выбіральнай, тонкай, каштоўнай, шыкоўнай, нястрыманай у дачыненні да банальнасці і надзвычай адчувальнай у пытаннях такту і густу. Калі ён апублікаваўся ўпершыню, сярод знаўцаў гучна выказваліся ўхваленне і радасць, бо гэта быў па-майстэрску зроблены твор, прадэманстраваны ім, поўны гумару і знаёмства з пакутамі. І неўзабаве яго імя, тое самае, якім некалі яго, ганячы, выклікалі настаўнікі, тое самае, якім ён падпісваў свае першыя рыфмаваныя радкі каля арэшніка, фантана і на моры, гэтае гучанне, сплеценае з поўдня і поўначы, гэтае экзатычнае выдыхнутае бюргерскае імя стала формулай, якая азначала штосьці выдатнае; бо да балючай грунтоўнасці яго досведу далучылася непарыўна ўпартая і раўнівая руплівасць, якая ў барацьбе з выбіральнай раздражняльнасцю яго густу спарадзіла ў моцных пакутах незвычайныя творы.