Выбрать главу

Ён працаваў не так, як іншы, хто працуе, каб жыць, а як чалавек, які больш нічога не хоча, а толькі працаваць, бо ён сябе як жывога чалавека ўважае за нішто, жадае, каб з ім лічыліся толькі як з творцам, а ў астатнім застаецца шэрым і непрыкметным, як артыст без грыма, які выглядае нікім, пакуль нічога не іграе. Ён працаваў моўчкі, ізалявана, нябачна і поўны пагарды да тых мізэрных асоб, для якіх талент быў публічным упрыгожаннем, якія, багатыя ці бедныя, хадзілі здзічэлымі і абадранымі ці дэманстравалі сваю раскошу адмысловымі гальштукамі, у першую чаргу хацелі жыць шчасліва, добразычліва і ў ладзе з мастацтвам, не ведаючы пра тое, што добрыя творы з’яўляюцца толькі пад уціскам кепскага жыцця, што той, хто жыве, не працуе, і што трэба памерці, каб быць сапраўдным творцам.

IV

"Я не перашкаджаю?" – спытаў Тоніа Крэгер на парозе атэлье. Ён трымаў у адной руцэ капялюш і нават крыху пакланіўся, хоць Лізавета Іванаўна была яго сяброўкаю, з якою ён быў шчыры ва ўсім.

"Змілуйцеся, Тоніа Крэгер, заходзьце не цырымонячыся! – адказала яна з пераменлівым націскам. – Вядома, што ў Вас выдатнае выхаванне і Вы ведаеце, што такое прыстойнасць". Пры гэтым яна ўзяла свой пэндзаль у левую руку, якой ужо трымала палітру, падала яму правую і зірнула ў твар з усмешкаю і хітаючы галавою.

"Ну так, але ж Вы працуеце, – сказаў ён. – Дазвольце зірнуць… О, Вы робіце поспехі". І ён пачаў праглядаць маляўнічыя накіды, якія ляжалі з абодвух бакоў мальберта на крэслах, і вялікае палатно, нацягнутае на падрамнік, на якім у заблытаным і схематычным эскізе, зробленым вугалем, пачалі з’яўляцца каляровыя мазкі.

Гэта было ў Мюнхене ў аддаленым ад вуліцы будынку на Шэлінгштрасэ, на адным з верхніх паверхаў. Знадворку, за акном на паўночным баку, панавалі сінеча неба, шчабятанне птушак і сонечнае святло; і пасланец вясны, салодкі павеў, што трапляў цераз адчыненую фортку, мяшаўся з пахам фіксатара і алейнай фарбы, які напаўняў прасторную майстэрню. Залацістае святло сонечнага надвячорка бесперашкодна залівала вялізнае пуставатае атэлье, старанна асвятляла крыху пашкоджаную ўжо падлогу, грубы стол каля акна, заняты бутэлечкамі, цюбікамі і пэндзлямі, ды эскізы без рам на сценах, на якіх не было шпалераў; яно асвятляла шырму з парванага шоўку, якая недалёка ад дзвярэй адгароджвала маленькі, стылёва абстаўлены куток для жытла і адпачынку; асвятляла будучы твор на мальберце, а перад ім мастачку і паэта.

Яна была з ім прыкладна аднолькавага ўзросту, а менавіта ёй пераваліла крышку за трыццаць. У цёмна-сінім адзенні з заплямленым фартухом, яна сядзела на маленькім услончыку, абапёршыся падбароддзем на рукі. Яе каштанавыя валасы, добра прыгладжаныя і з бакоў ужо трохі пасівелыя, захіналі лёгкімі хвалямі скроні і абрамлялі яе смуглявы, славянскі, бясконца сімпатычны твар з кірпатым носам, скуламі, якія рэзка выступалі, і маленькімі чорнымі зіхоткімі вачыма. Яна напружана, недаверліва і быццам раздражнёна, скоса і прыжмурана ацэньвала сваю працу.

Ён стаяў побач, упёршы правую руку ў сцягно, а леваю паспешліва круціў свой руды вус. Яго косыя бровы рухаліся змрочна і напружана, прычым ён, як звычайна, ціха насвістваў сабе пад нос. Ён быў апрануты надзвычай акуратна і добра, у касцюм спакойнага шэрага колеру і строгага крою. Але на яго прыгожа прапрацаваным ілбе, над якім так надзвычай проста і ўпарадкавана ляжалі цёмныя валасы, быў прыкметны нервовы цік, а рысы яго паўднёвага твару былі ўжо рэзкія, як быццам праведзеныя цвёрдым грыфелем і адчаканеныя; у той час як рот быў акрэслены вельмі пяшчотна, яго падбароддзе здавалася нават мяккім… Праз нейкую хвіліну ён правёў рукою па лбе і вачах і адвярнуўся.

"Мне не трэба было прыходзіць", – сказаў ён.

"Чаму не, Тоніа Крэгер?"

"Я толькі што ўстаў ад сваёй працы, Лізавета, і ў маёй галаве ўсё так, як на гэтым палатне. Толькі каркас, бледны, запэцканы выпраўленнямі эскіз і некалькі каляровых плям, ага; і вось я прыходжу сюды і бачу тое самае. І я тут зноў знаходжу канфлікт і супярэчнасць, – сказаў ён і прынюхаўся да паветра, – якія мучылі мяне дома. Дзіўна. Калі табою валодае якая-небудзь думка, то ты знаходзіш яе сляды ўжо ўсюды, ты адчуваеш яе пах, нават на ветры. Фіксатар і вясенні водар, ці не так? Мастацтва і… ну, а што іншае? Не гаварыце "прырода", Лізавета – "прырода" не знясільвае. Ах, не, лепш я, мусіць, пашпацыраваў бы, хоць і тут – пытанне ці лепш бы я сябе тады адчуваў? Пяць хвілін таму недалёка адгэтуль я сустрэў аднаго прыяцеля, Адальберта, навеліста. "Заклятая Богам вясна!", – сказаў ён у сваёй агрэсіўнай манеры. "Яна была і застаецца самай жудаснай парой года! Ці можа Вам, Крэгер, прыйсці разумная думка, ці можаце Вы спакойна вынайсці самы маленькі досціп і дзейнічаць, калі Вам самым непрыстойным чынам свярбіць у крыві і адбірае спакой процьма недарэчных сенсацый, якія, як толькі Вы пачняце іх правяраць, выяўляюцца абсалютна трывіяльнай непатрэбшчынай? Што да мяне, то я зараз іду ў кавярню. Гэта нейтральная, незалежная ад змены пораў года тэрыторыя – ці ведаеце, яна з’яўляецца, так бы мовіць, ізаляванай і ўзвышанай сферай літаратурнай справы, у якой чалавек здольны толькі на высакародныя ідэі". І ён пайшоў у кавярню, а магчыма, і мне варта было пайсці з ім".