Выбрать главу

Лізавеце было весела.

"Гэта добра, Тоніа Крэгер. Прыдумка з "непрыстойным свербам" добрая. І ён у пэўнай ступені мае рацыю, бо для працы вясна сапраўды не вельмі спрыяльная. Але ўсё ж звярніце ўвагу. Я, насуперак усяму, я займаюся вось гэтай маленькай справай, гэтым маленькім досціпам і дзейнічаю, як сказаў бы Адальберт. Пасля гэтага мы пойдзем у "салон" і вып’ем гарбаты, і Вы выскажаце ўсё, што ў Вас на душы; бо я дакладна бачу, што сёння Вы на ўзводзе. А пакуль што прымасціцеся дзе-небудзь, напрыклад, на той скрынцы, калі не баіцеся за сваё патрыцыянскае адзенне…"

"Ах, не чапайце маё адзенне, Лізавета Іванаўна! Ці Вы жадаеце, каб я бегаў у парванай аксамітнай куртачцы ці чырвонай шоўкавай камізэльцы? Мастак заўсёды ў душы прыхільнік прыгод. Знешне трэба добра апранацца, д’ябал забяры, і паводзіць сябе, як прыстойны чалавек… Не, я не на ўзводзе", – сказаў ён і паглядзеў, як яна на мальберце змешвала фарбы. "Вы ж чуеце, што толькі праблемы і супярэчлівасць – гэта тое, што займае мяне і што перашкаджала мне працаваць… А пра што мы толькі што размаўлялі? Пра Адальберта, навеліста, і які ён горды і цвёрды чалавек. "Вясна – самая жудасная пара года", – сказаў ён і пайшоў у кавярню. Бо трэба ведаць, чаго ты хочаш, ці не так? Каб Вы ведалі, вясна і мяне робіць нервовым, а мілая трывіяльнасць успамінаў і адчуванняў, якія яна выклікае, прыводзіць і мяне ў збянтэжанасць; але я не магу пераадолець сябе, каб ганіць яе і пагарджаць ёй за гэта; справа палягае ў тым, што я саромлюся яе, саромлюся яе чыстай натуральнасці і яе пераможнай маладосці. І я не ведаю, ці мне зайздросціць Адальберту, ці пагарджаць ім за тое, што ён пра гэта нічога не ведае…

Вясной працуецца дрэнна, вядома, а чаму? Бо ў цябе – адчуванні. І толькі халтуршчык думае, што творца мае права адчуваць. Любы сапраўдны і шчыры мастак толькі ўсміхнецца з наіўнасці гэтай халтурніцкай дурноты, магчыма – толькі меланхалічна, але ўсміхнецца. Бо тое, што кажуць, ніколі не можа быць галоўным, а толькі абыякавым самім па сабе матэрыялам, з якога з гуллівай і спакойнай перавагай павінны стварацца эстэтычна дзейсны вобраз. Калі Вам занадта важна тое, што Вы хочаце сказаць, калі Ваша сэрца занадта моцна б’ецца дзеля гэтага, то Вы можаце быць упэўненыя ў поўным фіяска. Вы робіцеся патэтычным, Вы робіцеся сентыментальным, штосьці нязграбнае, няўклюдна-сур’ёзнае, нястрыманае, пазбаўленае іроніі, прэснае, сумнае, банальнае будзе вынікам Вашых намаганняў, і нічога, акрамя абыякавасці, у людзей, нічога, акрамя расчаравання і смутку, у Вас саміх урэшце… Бо справа палягае вось у чым, Лізавета: пачуццё, цёплае, сардэчнае пачуццё заўсёды банальнае і непрыгоднае, а ў мастацтве дзейснымі бываюць толькі раздражняльнікі і халодныя экстазы нашай сапсаванай, нашай мастакоўскай нервовай сістэмы. Неабходна, каб было штосьці пазачалавечнае і нялюдскае, трэба знаходзіцца ў незвычайна аддаленых і безудзельных адносінах да людскога, каб быць у стане і ўвогуле адважыцца гуляць з гэтым, паказваць яго дзейсна і з густам. Валоданне стылем, формай і здольнасць выявы прадугледжвае гэтыя выбарныя адносіны да людскога, ды і пэўнае чалавечае збядненне і спусташэнне. Бо здаровае і моцнае пачуццё, як заўжды, не мае густу. Мастак канчаецца, як толькі ён становіцца чалавекам і пачынае адчуваць. Гэта ведаў Адальберт, і таму ён накіраваўся ў кавярню, у "аддаленую сферу", вядома!"