Выбрать главу

"І гэта датычыць толькі іншых, Тоніа Крэгер, – прабачце – ці не толькі іншых?"

Ён маўчаў. Ён нахмурыў свае косыя бровы і пачаў насвістваць самому сабе пад нос.

"Дайце, калі ласка, Ваш кубачак, Тоніа. Яна не моцная. І вазьміце новую цыгарэту. Між іншым, Вы, пэўна, добра ведаеце, што Вы разглядаеце рэчы так, як іх зусім неабавязкова разглядаць…"

"Гэта адказ Гарацыа, шаноўная Лізавета. Разглядаць рэчы так значыла б разглядаць іх дакладна, ці праўда?"

"Я кажу, што іх можна разглядаць гэтаксама дакладна і з іншага боку, Тоніа Крэгер. Я толькі дурная кабета, якая малюе, і калі ў мяне ўвогуле ёсць нейкі адказ Вам, калі я магу крышку ўзяць пад абарону ад Вас Вашу ўласную прафесію, дык тое, што я скажу, не ўтрымлівае нічога новага – адно толькі згадку пра тое, што Вы самі вельмі добра ведаеце… Як, напрыклад, ачышчальнае, гаючае ўздзеянне літаратуры разбурэнне жарсцей, дзякуючы пазнанню і слову; літаратура, як шлях да разумення, да прабачэння і любові; вызвольная сіла мовы; дух літаратуры як самая высакародная з’ява чалавечага духу ўвогуле; літаратар як дасканалы чалавек, як святы; разглядаць рэчы так азначала б разглядаць іх недастаткова дакладна?"

"Вы маеце права так гаварыць, Лізавета Іванаўна, і менавіта ў дачыненні да творчасці Вашых творцаў, вартай пакланення расійскай літаратуры, якая, шчыра кажучы, уяўляе сабою святую літаратуру, пра якую Вы гаворыце. Але я не пакінуў Вашых пярэчанняў без увагі, бо яны з’яўляюцца складнікам таго, чым сёння заняты мой розум… Зірніце на мяне. Я выглядаю не залішне бадзёрым, праўда? Стараваты і з рэзкімі рысамі ды змораны, ці не так? А цяпер, каб вярнуцца да "пазнання", то такім, мусіць, і павінен быць чалавек з дому выхаваны дабраверным, дабрадушным, зычлівым і крышку сентыментальным, але які, дзякуючы псіхалагічнай празорлівасці, быў проста пазбаўлены раўнавагі і загублены. Не даць улады над сабою журботнасці свету; назіраць, запамінаць, дапасоўваць, нават самае пакутлівае, і, між тым, захоўваць добры гумор, ужо ў поўнай упэўненасці ў маральнай перавазе над агідным вынаходствам быцця, – так, вядома! Аднак часам усё гэта, нягледзячы на ўсе задаволенасці выявы, крышку пераўзыходзіць Вашы мажлівасці. Усё разумець – значыць усё прабачыць? Я й не ведаю. Ёсць нешта такое, што я называю агідаю пазнання, Лізавета. Гэта стан, у якім чалавеку дастаткова зразумець рэч, каб ужо адчуваць смяротную агіду (і не быць гатовым да замірэння), – прыклад Гамлета, датчаніна, гэтага тыповага літаратара. Ён ведаў, што гэта такое: быць пакліканым дзеля ведаў, не будучы народжаным для гэтага. Мусіць празорліва бачыць і праз слёзы пачуцця пазнаваць, запамінаць, назіраць, а ўбачанае адкласці ўбок яшчэ ў тыя імгненні, калі рукі сплятаюцца, вусны знаходзяць іншыя, калі позірк чалавека слепне ад адчування, гасне, – гэта подла, Лізавета, гэта падступна, абуральна… але якая з таго карысць – абурацца?