Выбрать главу

Яшчэ адзін бок справы, не менш варты ўвагі, – гэта, вядома, пыха, абыякавасць і іранічная няўцямнасць у дачыненні да ўсялякай праўды; гэтаксама фактам з’яўляецца тое, што нідзе ў свеце справы не знаходзяцца ў больш маўклівым і безнадзейным стане, чым у коле дасціпных людзей, гэтых стрэляных вераб’ёў. Усялякае пазнанне – старое і сумнае. Выкажыце ісціну, пры здабыванні і валоданні якой Вы, магчыма, адчулі пэўную юнацкую радасць, – і на Вашу простую асветленасць адкажуць зусім кароткім выдыхам паветра праз нос… Ах, літаратура знясільвае, Лізавета! У грамадстве з некім можа, я запэўніваю Вас, здарыцца такое, што з прычыны толькі скепсісу і ўстрымання ад меркаванняў яго палічаць неразумным, у той час калі ён толькі напышлівы і прыгнечаны… Гэта што да "пазнання". Але што датычыцца "слова", то тут справа палягае, магчыма, не гэтулькі ў збавенні, колькі ў ахалоджванні, заледзяненні адчування? Калі сур’ёзна, справа палягае ў ледзяных і абуральна напышлівых акалічнасцях у гэтым раптоўным павярхоўным вырашэнні пачуцця праз літаратурную мову. Калі ў Вас сэрца перапоўнена, то Вы адчуваеце сябе вельмі ўжо ахопленым салодкаю і ўзвышанаю падзеяй: няма нічога больш простага! Вы ідзяце да пісьменніка, і ўсё ў вас урэгулюецца ў самы кароткі тэрмін. Ён прааналізуе справу і сфармулюе, назаве сваім імем, выкажацца і дасць Вам слова; вырашыць Вам усё раз і назаўсёды ды зробіць абыякавым і не прыме ад Вас ніякае падзякі. А Вы з адчуваннем палёгкі, прахалоды і праяснення накіруецеся дадому і здзівіцеся, што ж зусім нядаўна магло з такой салодкаю трывогаю псаваць Вам настрой ва ўсёй справе? І Вы хочаце сур’ёзна заступацца за гэтага халоднага і славалюбнага шарлатана? Тое, што выяўлена, – так гучыць яго крэда – з тым скончана. Калі ўвесь свет выразна выяўлены, то з ім скончана: ён збаўлены, уладкаваны… Вельмі добра! Аднак я не належу да нігілістаў…"

"Вы – не…", – сказала Лізавета. Яна якраз трымала лыжачку з гарбатаю каля рота і замёрла ў гэтай позе.

"Ну, добра… добра… прыходзьце да сябе, Лізавета! Я – не, я Вам кажу гэта ў дачыненні да жывога пачуцця. Ці бачыце, пісьменнік у прынцыпе не разумее, што жыццё можа яшчэ працягваць пражывацца, што яно таго не саромеецца пасля таго, як яно ўжо канчаткова выяўлена і з ім "скончана". Але, глянь ты, нягледзячы на ўсё збавенне, яно працягвае пры дапамозе літаратуры нястрымна грашыць; бо ў вачах духу любое дзеянне – грэх.

Я ўжо сканчваю, Лізавета. Паслухайце мяне, я люблю жыццё – гэта прызнанне. Прыміце яго і зберажыце, – у гэтым я яшчэ нікому не прызнаваўся. Казалі, нават пісалі і публікавалі, што я ненавіджу жыццё, ці баюся яго, ці пагарджаю ім, ці адчуваю агіду да яго. Я любіў гэта слухаць, гэта цешыла мяне, але з гэтай прычыны такія выказванні не менш памылковыя… Вы ўсміхаецеся, Лізавета, і я ведаю, з чаго. Але я малю Вас: не лічыце тое, што я Вам цяпер кажу, літаратураю! Не думайце пра Чэзарэ Борджыа ці пра нейкую нецвярозую філасофію, якая ўздымае яго на шчыт! Ён для мяне – нішто, гэты Чэзарэ Борджыа, я вельмі невысокай думкі пра яго, і я ніколі не зразумею, як можна надзвычайнае і дэманічнае шанаваць у якасці ідэалу. Не, "жыццё", якое само па сабе як вечная процілегласць духу і мастацтву, – не як прадбачанне крывавай велічы й дзікай прыгажосці, не як надзвычайнае дэманструе нам сябе звычайным; наадварот, нармальнае, добрапрыстойнае і добразычлівае – вось царства нашых палкіх жаданняў, гэта – жыццё ў яго спакуслівай банальнасці! Той чалавек яшчэ далёка не мастак, шаноўная мая, самай важнай і глыбокай марай якога з’яўляецца вытанчанасць, эксцэнтрычнасць і сатанізм, каму не знаёмае гэтае жарснае імкненне да нявіннага, простага і жывога, да кропелькі сяброўства, адданасці, даверлівасці і людскога шчасця, – прыхаванае жаданне, Лізавета, асалоды звычайнасці, што раз’ядае душу!..

Чалавек-сябра! Ці паверыце Вы, што для мяне быў бы гонар і шчасце, калі б я займеў сярод людзей сябра? Але пакуль што ў мяне былі сябры толькі сярод дэманаў, кобальдаў, жахлівых пачвар і немых спецыялістаў пазнання – сярод літаратараў.

Часам я трапляю на які-небудзь подыум, сустракаю ў нейкай зале людзей, якія прыйшлі, каб паслухаць мяне. Бачыце, тады здараецца, што я пры аглядзе публікі назіраю за сабою, лаўлю сябе на тым, як я таемна прыглядваюся да тых, хто вакол мяне ў аўдыторыі, трымаючы ў сэрцы пытанне: хто гэта, які падыходзіў да мяне, чые воплескі і падзяка пранікаюць у мяне, з кім маё мастацтва мяне тут ідэальна лучыць… Я не знаходжу таго, што шукаю, Лізавета. Я знаходжу статак і грамаду, якая мне добра знаёмая, быццам сход першых хрысціян: людзей з нязграбнымі целамі і тонкімі душамі; людзей, якія ўвесь час падаюць, так бы мовіць, Вы разумееце мяне, і для якіх паэзія – гэта мяккая помста за жыццё… адны толькі пакутныя, і пажадлівыя, і бедныя, і ніколі ніводнага з іншых, блакітнавокіх, Лізавета, якім дух не патрэбны!..