Выбрать главу

"Божа, ды ну Вас з Вашай Італіяй, Лізавета! Італія мне нецікавая, аж да пагарды! Даўно мінуўся той час, калі я ўнушаў сабе, што я – яе частка. Мастацтва, так? Аксамітна-сіняе неба, гарачае віно і салодкая пачуццёвасць… Адным словам, я гэтага не люблю. Я адмаўляюся. Уся гэтая bellezza[66] раздражняе мяне. Я не выношу таксама ўсіх гэтых жахліва ажыўленых людзей там, на поўдні, з іх чорным жывёльным позіркам. У вачах гэтых раманцаў няма сумлення… Не, я лепей з’езджу ў Данію".

"У Данію?"

"У Данію. І я спадзяюся, што там мне будзе добра. Так здарылася, што я туды яшчэ ні разу не трапляў, хоць у гады маёй маладосці бываў вельмі блізка ад мяжы; і ўсё-такі я здаўна ведаў і любіў гэтую краіну. У мяне, мусіць, гэтая прыхільнасць да поўначы – ад бацькі, бо маёй маці, шчыра кажучы, больш па душы была bellezza, калі ёй, уласна, не ўсё было абыякава. Але звярніцеся да кніг, напісаных там, на поўначы; яны глыбокія, чыстыя і поўныя гумару, Лізавета, – для мяне няма нічога лепшага, я люблю іх. Вазьміце скандынаўскую ежу, гэтыя непараўнальныя стравы, якія можна спажываць толькі ў моцна прасоленым паветры (я не ведаю, ці вытрываю я іх увогуле) і якія я ведаю трохі яшчэ з бацькоўскага дому, бо так харчаваліся ў мяне там. Вазьміце таксама самі імёны, якімі ўпрыгожаны людзі там, на поўначы, і якіх шмат ужо таксама на маёй радзіме: адно толькі гучанне, напрыклад, Інгеборг – гэта як выкананне на арфе самай бездакорнай паэзіі; а потым – мора, у іх там наверсе Балтыйскае мора!.. Адным словам, еду на поўнач, Лізавета. Хачу зноў пабачыць Балтыйскае мора, хачу зноў пачуць гэтыя імёны, на месцы пачытаць гэтыя кнігі! Я хачу пастаяць на тэрасе Кронбарга[67], дзе да Гамлета з’явіўся "дух" і прынёс беднаму шляхетнаму маладому чалавеку бяду і смерць…"

"А як Вы паедзеце, Тоніа, дазвольце Вас спытаць? Якім маршрутам?"

"Звычайным, – адказаў ён, паціснуўшы плячыма, і заўважна зачырванеўся. – І праўда, я дакрануся да маёй… майго зыходнага пункту, Лізавета, пасля трынаццаці гадоў, і гэта можа стаць досыць камічным".

Яна ўсміхнулася.

"Гэта тое, што я хацела пачуць, Тоніа Крэгер. То тады едзьце сабе з Богам. Не забудзьцеся таксама напісаць мне, чуеце? Я спадзяюся на поўны ўражанняў ліст пра вашую вандроўку ў… Данію…"

VI

І Тоніа Крэгер паехаў на поўнач. Ён ехаў з камфортам (бо ён меў звычку казаць, што той, у каго на душы куды цяжэй, чым у іншых людзей, можа з правам прэтэндаваць на кроплю вонкавай утульнасці), і ён не спыніўся раней, чым перад ім не ўзняліся ў шэрае паветра вежы цеснага горада, яго першапачатковага зыходу. Там ён зрабіў кароткі, незвычайны прыпынак…

Змрочны надвячорак пераходзіў ужо ў вечар, калі цягнік пад’ехаў да вузкага, прадымленага, так дзіўна знаёмага крытага перона; усё яшчэ пад брудным шкляным дахам курыліся клубы дыму, расплываючыся сюды-туды доўгімі абрыўкамі, як тады, калі Тоніа Крэгер без анічога, акрамя кпінаў у сэрцы, ад’язджаў адсюль. Ён паклапаціўся пра свой багаж, распарадзіўся, каб яго даставілі ў гатэль, і пакінуў вакзал.

А вось і параконныя, чорныя, надзвычайна высокія і шырокія гарадскія дрожкі, якія ў шэрагу стаялі на плошчы! Ён не скарыстаўся імі; ён толькі зірнуў на іх гэтак, як ён глядзеў на ўсё астатняе, на вузкія франтоны і вастраверхія вежы, якія віталі яго з па-над дахаў, на бялявых і спакойна-няўклюдных людзей з іх расцягнутай і ўсё ж хуткаю гаворкаю вакол яго, і нервовы смех вырваўся з яго – смех, які меў патаемнае сваяцтва з усхліпваннем… Ён пайшоў пешкі, ішоў павольна, адчуваючы на шчоках неадступны ціск вільготнага ветра, цераз мост, каля парэнчаў якога стаялі статуі герояў міфалогіі, і потым нейкі кавалак дарогі ўздоўж порта.

О вялікі Божа, якім здалося яму ўсё цесным і крываватым! Няўжо ўвесь гэты час так чыста вертыкальна ўверх у дачыненні да горада ўздымаліся ў завулках гэтыя вузкія дахі з франтонамі? Коміны і мачты караблёў, якія ціха гайдаліся на ветры і ў сутонні на мутнай рацэ. Ці не пайсці яму той вуліцаю, на якой знаходзіўся дом, што немагчыма адлучыць ад яго памяці? Не, гэта заўтра. Цяпер яму надта хацелася спаць. Ягоная галава была пасля паездкі цяжкая; павольныя, затуманеныя думкі блыталіся ў яго свядомасці.

Часам цягам гэтых трынаццаці гадоў, калі ў Тоніа псаваўся страўнік, яму трызнілася, што ён зноў дома ў старым гулкім доме ў крывым завулку, што яго бацька зноў тут і прабірае яго за выродлівы лад жыцця, паводле яго распарадку. І гэтая сучаснасць нічым не адрознівалася ад аднае з п’янкіх і неадольных летуценных відзежаў, падчас якіх можна спытаць у сябе: што́ гэта – сон ці рэчаіснасць, і міжволі ўпэўнена спыніцца на апошнім, каб, аднак, урэшце прачнуцца… Ён крочыў па амаль пустых, прадзіманых скразнякамі вуліцах, схіліўшы галаву, каб супрацьстаяць ветру, самнамбулічна шыбаваў у напрамку гатэля, першага-лепшага ў горадзе, дзе ён хацеў пераначаваць. Крываногі чалавек з шостам у руцэ, на кончыку якога гарэла маленькае полымя, ішоў разгайданымі матроскімі крокамі проста перад ім і запальваў газавыя свяцільнікі.

вернуться

67

Замак Кронбарг, увекавечаны Шэкспірам у "Гамлеце", рэзідэнцыя дацкіх каралёў.